Сцэнарый забаўляльна-гульнявой праграмы “Масленіца” прысвечаны народнаму святу Масленіца.
Наталля КАВАЛЁВА,
метадыст
ДУА “Цэнтр творчасцi дзяцей i моладзі “Агат” г. Магiлёва”
Сцэнарый забаўляльна-гульнявой праграмы “Масленіца” прысвечаны народнаму святу Масленіца. Прадугледжвае стварэнне неабходных умоў для выхавання грамадзянска-патрыятычнага станаўлення асобы. Сцэнарый пабудаваны ў форме конкурснай праграмы.
Пад вясёлую музыку сустракаюць гасцей Гаспадыня ды Гаспадар, вядучыя. Яны знаёмяць з назвамі кожнага дня масленічнага тыдня, з традыцыямi святкавання Масленіцы. Удзельнiкам прапануецца адгадаць загадкі, спаборнічаць у сіле і спрыце, спяваць і танцаваць, удзельнічаць у конкурсах. У канцы традыцыйнае чаяванне з блінамі і варэннем.
Мэта: далучэнне дзяцей і бацькоў да традыцый народнай культуры і абраду святкавання Масленіцы.
Задачы:
– пашыраць кругагляд дзяцей, абагачаць іх новымі ўражаннямі праз знаёмства з народным беларускiм святам Масленiца;
– развіваць творчую актыўнасць дзяцей;
– выхоўваць цікавасць да культуры Беларусi, беларускіх нацыянальных абрадавых традыцый.
Умовы правядзення: мерапрыемства праводзіцца на стадыёне; рыхтуецца стол, засланы абрусам, стаяць самавары, бліны, абаранкі, чай.
Удзельнікі: вучні 4–7-х класаў (2 каманды па 12 чалавек), настаўнікi, бацькi.
Абсталяванне: чучала Масленіцы, паваротныя слупкі, вяроўкі, патэльні, 2 мятлы, ланцужкi, шалікi, абаранкі, стужкі, шыльда, каляровая крэйда для журы, граматы, фанаграма народных песень “Ой, бліны мае бліны”, “Скінула масла па каму”, “Маслінка-каўзуха”.
Дзеючыя асобы: вядучыя, Гаспадыня, Гаспадар, Вясна, Масленіца.
Падрыхтоўчая работа: на свята запрашаюцца вучні i бацькі; удзельнікі свята прыносяць бліны, абаранкі, варэнне.
Працягласць правядзення: 90 хвілін.
Ход мерапрыемства
Гучыць масленічная музыка, гасцей сустракаюць Гаспадар і Гаспадыня.
Гаспадар. Добры дзень, паважаныя сябры!
Гаспадыня. Добры дзень, даражэнькія! Міласці просім да нас на свята! Сумаваць не прыйдзецца, вас чакаюць гульні, забавы і жарты. Давайце дзялiцца на 2 каманды, выбраць капітанаў. За правiльна выкананае заданне конкурсу Масленіца падносiць абаранак. Якая каманда атрымае больш абаранкаў, тая будзе пераможцам!
Гаспадар. А зараз Масленіцу шырокую адчыняем, весялосць пачынаем!
Гаспадыня. Снег ідзе, мароз кусаецца гэта зіма забаўляецца! Усю зіму мы радаваліся, Новы год, ды Каляды святкавалі. І Дзед Мароз з падарункамі прыходзіў.
Гаспадар. Напэўна, будзем сумаваць па матулі Зіме, але Вясна не за гарамі. Зараз будзем Зіму праводзіць! Вясну сустракаць!
Гаспадыня. Расступіся, сумленны народ! У госці да нас Вясна i Масленіца ідуць!
З’яўляюцца Вясна i Масленіца.
Гаспадар. Добры дзень, Вясна! Масленіца!
Вясна. Добры дзень, мае даражэнькія! Добры дзень, мае прыгажэнькія! Я да вас ішла, за сабой Масленіцу вяла, каб разам з ёю весяліцца, гуляць ды гарэзаваць!
Масленіца. Добры дзень! Мы пачынаем панараму дзіўных пацех! Будзем весяліцца, частавацца ды чырвона сонейка сустракаць!
Вядучы 1. Набліжаецца масленічны тыдзень. Кожны яго дзень у нашых продкаў меў сваю назву і традыцыі. Першы дзень Масленкі называецца Сустрэча ці Стрэчанне.
Заданне: конкурс-прывітанне, каманды вітаюць Масленіцу і Вясну прыказкамі і прымаўкамі.
Гаспадар. Малайцы! Зараз конкурс “Карагод”. Каманда, якая назбірае больш чалавек, у якой ланцужок будзе даўжэйшы, тая і атрымае абаранак.
Гаспадыня. А зараз давайце памераемся ланцужкамі (Вядучыя мераюць ланцужкі і пад музыку ўтвараюць з імі вялікае кола).
Вядучы 2. Другі дзень Масленіцы называецца Зайгрышы ці Загвіны. У гэты дзень плялі косы, каталіся з гор, каб рос доўгі лён. Кожная каманда павінна заплесці касу, толькі не з ільну, а з шалікаў. Запрашаюцца па 4 удзельнікі ад каманд.
Гаспадыня. Малайцы! Атрымайце абаранак. Наступны дзень – Ласунак. Гэта серада, цешчы пяклі бліны і чакалі да сябе ў госці зяцёў, каб пачаставаць іх. Вось і вы зараз будзеце тут для сваіх “цешчаў” бліны пячы (хлопцам уручаюцца патэльні). Конкурс “Бліны” (тры этапы).
Гучыць масленічная музыка.
1-ы этап. “Патэльня на пліце” (удзельнікі па чарзе ставяць патэльню на пліту – стул).
2-і этап. “Патэльня ў печы” (капітаны каманд з завязанымі вачыма ставяць патэльню пад стул, удзельнікі падказваюць).
3-і этап. “Астудзі блін” (удзельнікі па чарзе перадаюць адзін аднаму гарачы блін).
Пераможцы атрымлiваюць абаранак.
Вядучы 1. Вось і надышоў чацвёрты дзень Масленіцы, які называецца Дзень святога Уласа – абаронцы хатняй жывёлы. Аб’язджалі маладых коней, слухалі, ці не праспявае першы раз жаўрук. А яшчэ ў гэты дзень ушаноўвалі маладых, якія пажаніліся ў гэтым годзе, і хадзілі ў лазню.
Запрашаем капітанаў. Кожны з вас атрымлівае “птушак” (размаляваныя самалёцікі).
Заданне: трэба адправіць сваіх птушачак як мага далей. Чыя даляціць далей, той і пераможца.
Вядучы 2. Прыйшоў пяты дзень Масленіцы, які называецца Цешчыны вячоркі. У гэты дзень зяці сваіх любімых цешчаў у госці запрашалі. Частавалі іх блінамі, паказвалі, якія добрыя гаспадары ў маміных дочак. Запрашаю каманды да ўдзелу ў конкурсе “Хто хутчэй на мятле”. Трэба прабегчы вярхом на мятле змейкай і не збіць кеглі, пастаўленыя ланцужком. Пераможа тая каманда, у якой колькасць збітых кегляў будзе меншай.
Гучыць масленічная музыка.
Гаспадар. А вось на шосты дзень пачастункі рыхтавалі для радні мужа. У суботу ладзіліся залоўкіны пасядзелкі, калі гасцявалі адзін у аднаго сваякі, а моладзь запрагала ў сані коней з аздобленаю стужкамі і званочкамі вупражжу. Вешалі на шыю калодкі хлопцам, якія не ажаніліся або былі надта пераборлівымі. Каб не насіць цэлы тыдзень калодку на шыі ці на назе, хлопцы адкупліваліся падарункамі, спявалі прыпеўкі, ці выконвалі патрабаванні дзяўчат.
Вядучы 1. Наступнае заданне: адгадаць вясёлыя загадкі. Слухайце першую загадку (за правільны адказ – абаранак):
Б’юць мяне палкамі, пнуць мяне камнямі, затое мяне глумяць, затое мяне любяць (Хлеб).
Жалезны ток, свінячы пераскок, мучная пасцель (Скаварада, падмазка і блін).
Ляцеў птах, на ваду – бах. Вады не скалатнуў, на дно патануў (Снег).
Стаіць дуб, на дубе 12 гнёзд, у кожным гняздзе па 4 сініцы, у кожнай сініцы па 14 яек: сем чорных і сем белых (Год).
Спераду шыльцы, ззаду вільцы, наверсе чорнае сукно, пад сподам белае палатно (Ластаўка).
Дзяўчаты, а без чаго хлеба не спячэш? (Без скарынкі).
Вядучы 2. Самым яскравым лічыцца апошні дзень, які завяршае масленічны тыдзень. Народ ездзіў па вёсцы на канях са званочкамі, з шумам ды песнямі. Гэты дзень таксама меў сваю назву – Даравальная нядзеля. У гэты вечар усе родныя прасілі прабачэння адзін у аднаго. Звычайна казалі: “Даруй, калі саграшыў перад табой справай ці языком”, потым абдымаліся, увечары палілі пудзіла Зімы.
Гаспадыня. Мы нагуляліся з вамі ўволю, зараз час зіму праганяць! Масленіцу праваджаем. І вы, развітвайцеся з Масленіцай і з Зімой. Ты бывай, Масленіца, бывай, Зіма!
Гучыць музыка. Усе ўдзельнікі становяцца ў кола. Запальваецца чучала Масленіцы.
Усе. Заставайся, Вясна! Бывай, Зіма!
Падводзяцца вынікі конкурсаў і ўзнагароджваецца каманда-пераможца. Вясна запрашае да чаявання з блінамі і абаранкамi, варэннем.