Папулярызацыя беларускай мовы сярод бацькоў, развіццё цікаўнасці да яе прыгажосці і моўнага багацця беларускага народа.
Вольга БУРАВА,
выхавальнік
ДУА “Смаргонскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі”,
Гродзенская вобласць
Мэта: папулярызацыя беларускай мовы сярод бацькоў, развіццё цікаўнасці да яе прыгажосці і моўнага багацця беларускага народа.
Ход мерапрыемства
Гучыць песня “Беларуская мова” гурта “Дразды”. Пры ўваходзе бацькі выцягваюць з куфэрка картачкі і сядаюць у адпаведнасці з тым, што на іх намалявана. За першы стол – тыя, у каго на картачцы намаляваныя званочкі, за другі – тыя, у каго каласкі.
Вядучая. Паважаныя бацькі, мы рады вас вітаць на нашым мерапрыемстве, якое прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы.
Мова…
Родная мова
У марах, у песнях, у снах.
Мае ў ёй кожнае слова,
Свой колер, і смак, і пах.
Зліваюцца гукі ў словы
І ў рэчышча роднай мовы,
Як рэкі ў мора, цякуць.
І думкі мае плывуць
На хвалях і дзён, і начэй
Да сэрцаў людскіх і вачэй.
(Анатоль Грачанікаў)
Мова – гэта не проста сродак камунікацыі, але і наша спадчына. Мова перадае мудрасць пакаленняў, традыцыі, звычаі. Веданне роднай мовы абагачае асобу, пашырае кругагляд, гэта ключ да разумення сваёй культуры.
Сёння я прапаную вам гульню-віктарыну, дзе ў вас будзе магчымасць паспаборнічаць у веданні роднай мовы, атрымаць станоўчыя эмоцыі і пазітыўны настрой.
Для таго каб гульня была справядлівай, нам неабходна выбраць журы. Прадстаўляем каманды. У нас дзве каманды: “Званочкі” і “Каласкі”. У кожнай каманды на стале стаіць званочак. Як толькі каманда справіцца з заданнем, або каманда, у якой ужо ёсць адказ на пытанне, звоніць у яго. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае жэтон, на якім намаляваны валошкі.
1 Конкурс “Родная мова”
На кожную літару неабходна падабраць прыметнік, які характарызуе нашу родную мову.
Р –
О –
Д –
Н –
А –
Я –
М –
О –
В –
А –
2 Конкурс “Каму належаць словы?”
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты на яве і ў сне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.Купала)
Не, я не супраць розных іншых моў,
Але мне роднай смак заўсёды мілы.
І я – падданы беларускіх слоў,
Тых, да якіх Радзіма прычасціла.
(Н.Гальпяровіч)
Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі! Той люд жыве, што свае песні мае. (Ф.Багушэвіч)
Ніякае багацце людзей не бывае даражэйшым за родную мову. (Я.Колас)
З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго.
(М.Танк)
Як ты дорага мне, мая родная мова!
Мілагучнае, звонкае, спеўнае слова!
Ты калісьці з калыскі мяне падымала
І вучыла ў бацькоў на руках гаварыць.
У жыцці маім слова найпершае “Мама”
І цяпер для мяне сама міла гучыць.
(Н.Гілевіч)
3 Конкурс “Дапоўні”
Перад вамі стаіць задача правільна дапоўніць прыказку ці прымаўку.
Няма смачнейшай вадзіцы, … (як з роднай крыніцы).
Навука хоць намучыць, … (але жыць навучыць).
Гаспадарку весці – … (не лапці плесці).
На вуснах – мёд, … (а на сэрцы лёд).
Хто любіць трудзіцца, … (таму без працы не сядзіцца).
Праца чалавека корміць, … (а лянота порціць).
Не бойся таго, хто крычыць, … (а бойся таго, хто маўчыць).
Дрэва трымаецца каранямі, … (а чалавек сям’ёй).
Чалавек без Радзімы, … (што салавей без песні).
Свая хатка, … (як родная матка).
Каб вады напіцца, … (трэба ёй пакланіцца).
4 Конкурс “Назаві на беларускай мове”
Камандам неабходна назваць адпаведны фразеалагізм на беларускай мове.
Два сапога пара – Абое рабое.
Бить баклуши – Бабкі біць або строіць дурня.
Белены объелся – Блёкату аб’еўся.
Бередить душу – Вярэдзіць душу.
В кои-то веки – Гады ў рады.
С гулькин нос, кот наплакал – З камароў нос.
Курица вброд перейдёт – Кату па пяту.
Молоть чепуху – Малоць лухту.
Ни к селу ни к городу – Ні да вока ні да бока.
5 Конкурс “Паэты”
Неабходна напісаць верш на беларускай мове, які складаецца з чатырох радкоў.
6 Конкурс “Адгадай мелодыю”
Камандам неабходна назваць твор або выканаўцаў.
Гучаць наступныя творы:
– беларуская народная песня “Купалінка”,
– ВІА “Песняры”, песня “Белавежская пушча”,
– гурт “Дразды”, песня “Хата бацькоў”,
– Паланэз М.К.Агінскага “Развітанне з Радзімай”,
– ВІА “Песняры”, песня “Спадчына”,
– ВІА “Сябры”, песня “Вы шуміце, бярозы”,
– ансамбль “Бяседа”, песня “Мы вам жадаем”.
Вядучая. Просім журы падвесці вынікі.
Віншуем пераможцаў і ўзнагароджваем іх медалямі. Для ўсіх удзельнікаў гульні падрыхтаваныя сюрпрызы.
Дзякуем усім за цікавую гульню, за вашы веды! Дзякуй за тое, што вы з’яўляецеся годнымі грамадзянамі нашай краіны, зберагаеце культуру, традыцыі, валодаеце роднай мовай!