Фарміраваць уяўленні аб пары года зіме, уяўленні аб геаметрычных фігурах, уменні адрозніваць, пазнаваць і называць іх, развіваць уменне называць велічынныя характарыстыкі.
Юзэфа СІЛЬВОН,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Лунненскі дзіцячы сад”
Мастоўскага раёна,
Гродзенская вобласць
Задачы:
– фарміраваць уяўленні аб пары года зіме, уяўленні аб геаметрычных фігурах (круг, квадрат, прамавугольнік, авал, трохвугольнік), уменні адрозніваць, пазнаваць і называць іх, развіваць уменне называць велічынныя характарыстыкі (высокі, нізкі, ніжэйшы);
Для дзяцей ад 3 да 4 гадоў:
– фарміраваць уяўленні аб прасторавых арыенцірах на лісце паперы, уменні арыентавацца, выразна вылучаючы правы і левы бакі, вызначаць становішча аб’ектаў у блізкай прасторы, уяўленні аб спосабах устанаўлення роўнасці і няроўнасці груп прадметаў, аб колькасцях 1, 2, 3 і многа аб’ектаў, уменне адказваць на пытанні “чаго больш?”, “чаго менш?” словамі “больш”, “менш”, “многа”, “адзін”, “два”, “тры”;
Для дзяцей ад 4 да 5 гадоў:
– фарміраваць уменні лічыць у межах пяці, абазначаць колькасць прадметаў адпаведнай лічбай 5, фарміраваць уменні знаходзіць прадметы ў розным прасторавым становішчы: на першым, другім, трэцім, чацвёртым, пятым месцы, справа, злева, уяўленні аб спосабах устанаўлення роўнасці і няроўнасці груп прадметаў, аб колькасцях ад 1 да 5 аб’ектаў, уменне адказваць на пытанні “чаго больш?”, “чаго менш?” словамі “больш”, “менш”, “адзін”, “два”, “тры”, “чатыры”, “пяць”;
– развіваць зрокавае ўспрыманне, маўленчую актыўнасць, памяць, увагу, уменне вызначаць сувязь паміж словам і дзеяннем;
– выхоўваць культуру пазнання, пачуццё ўпэўненасці ў сабе, жаданне выканаць заданне да канца.
Матэрыял і абсталяванне: аўдыязапіс музыкі, аўдыязапіс гульні “Мы погреемся немножко”, дэманстрацыйны матэрыял (тры елкі рознай вышыні, набор геаметрычных фігур (квадраты, прамавугольнікі, кругі, авалы, трохвугольнікі), 5 вялікіх сняжынак (белая, зялёная, сіняя, жоўтая, чырвоная), матэрыял для гульні “Знайдзі адрозненні”, лічыльныя палачкі, карткі з лічбамі ад 1 да 5; карткі з дзвюма палоскамі (зверху і знізу) па колькасці дзяцей, наборы геаметрычных фігур (для дзяцей 3–4 гадоў (2 квадраты, 3 кругі), для дзяцей 4–5 гадоў (5 квадратаў, 5 кругоў), падносы; мяккія модулі; магнітныя дошкі, магніты, ноўтбук.
Ход занятку
Выхавальнік. Сёння да нас прыйшлі госці. Давайце падорым ім свае ўсмешкі і прывітаемся. (Дзеці ўсміхаюцца гасцям і вітаюцца з імі)
Паслухайце верш, які я вам зараз прачытаю, і паспрабуйце вызначыць, пра якую пару года ў ім расказваецца.
Загуляла, закружыла,
Свае песні завяла,
Гурбы снегу наваліла,
Усе сцежкі замяла…
(С.Новік-Пяюн)
Пра якую пару года верш? (Пра зіму) Я запрашаю вас адправіцца ў госці да Зімачкі-зімы? А на чым мы можам паехаць да Зімачкі-зімы? (На санках, на лыжах). Давайце пабудуем сані з модуляў і адправімся ў падарожжа.
Дзеці з мяккіх модуляў будуюць сані і сядаюць на іх. Гучыць музыка. У гэты час выхавальнік пераапранаецца ў касцюм Завеі.
Завея. Добры дзень, дзяўчынкі і хлопчыкі! Я ‒ Завея, я хачу запрасіць вас у госці да Зімачкі-зімы. Каб сустрэцца з ёй, неабходна прайсці выпрабаванні і выканаць складаныя заданні. Вось і першае заданне.
Дыдактычнае гульнявое практыкаванне “Упрыгож елачкі”
Завея. Паглядзіце навокал. Якія дрэвы вы бачыце на палянцы?(Елкі.)
Завея прапануе дзецям 4–5 гадоў паказаць самую высокую елку і самую нізкую. Дзецям 3–4 гадоў ‒ елку ніжэйшую за высокую.
‒ А цяпер мы ўпрыгожым высокую елачку квадратамі і прамавугольнікамі, ніжэйшую ‒ кругамі і аваламі, самую нізкую ‒ трохвугольнікамі.
Дзеці ўпрыгожваюць елкі.
Завея. Малайцы, дзеці. Нашы елкі сталі падобныя на навагоднія. Паглядзіце, якія яны прыгожыя. А зараз другое заданне. Адгадайце загадку
Хто на месцы не сядзіць,
Разам з ветрыкам ляціць?
Хутка кружацца пушынкі.
Гэты белыя …(Сняжынкі)
Паглядзіце, што ляжыць пад елачкай? (Сняжынкі рознага колеру)
Дыдактычнае гульнявое практыкаванне “Сняжынкі”
Выхавальнік дашкольнай адукацыі выкладвае сняжынкі на дошку і задае пытанні.
Пытанне для дзяцей 3–4 г.:
‒ Колькі сняжынак? (Многа.)
Заданне для дзяцей 4–5 г.:
‒ Палічыце сняжынкі. Колькі іх? (Пяць. Выхавальнік звяртае ўвагу на тое, што колькасць сняжынак можна паказаць лічбай 5)
Заданне для дзяцей 3–4 г.:
‒ Якія сняжынкі побач з белай (сіняй, зялёнай і г.д. ), злева ад белай, жоўтай, справа ад зялёнай, сіняй? (Адказы дзяцей.)
Заданне для дзяцей 4–5 г.:
‒Палічыце іх злева направа. (Выхавальнік паказвае напрамак.) На якім па ліку месцы знаходзіцца белая сняжынка? Сіняя? Зялёная? Жоўтая? Чырвоная? (Адказы дзяцей 4–5 г. На першым, другім і г.д.)
‒ А цяпер палічыце справа налева. (Паказвае напрамак.) На якім па ліку месцы знаходзіцца белая сняжынка? Сіняя? Зялёная? Жоўтая? Чырвоная? (Адказы дзяцей 4–5 г. На першым, другім і г.д.)
‒ Малайцы, дзеці! Настаў час для адпачынку.
Пальчыкавая гімнастыка “Елка”
Дзеці разам з дарослым выконваюць адпаведныя рухі.
Ёлка хутка атрымаецца,
Калі пальчыкі счапляюцца.
Локцікі ты падымі,
Пальчыкі ты развядзі.
(Далоні – ад сябе, пальчыкі сплятаюцца паміж сабой (далоні пад вуглом адна да адной). Пальчыкі выстаўляюць уперад. Локцікі разводзяць у бакі, да корпуса не прыціскаюць.)
Завея. Нас чакае наступнае заданне. З палачак патрэбна выкласці сняжынкі.
Завея запрашае падысці дзяцей да сталоў і выкласці сняжынкі.
Вельмі прыгожыя сняжынкі атрымаліся ў вас. На што яны падобныя? (Адказы дзяцей). Зімачка-зіма падрыхтавала яшчэ адно заданне для вас.
Дзеці сядаюць за сталы.
Дыдактычная гульня “Чаго больш?”
На сталах – карткі з 2 гарызантальнымі палоскамі і наборы геаметрычных фігур.
Заданне для дзяцей 3–4 гадоў:
‒ Пакладзіце на верхнюю палоску карткі адзін квадрат, а на астатнія – кругі.
Заданне для дзяцей 4–5 гадоў
‒ Пакладзіце 4 квадраты на верхнюю палоску. На ніжнюю палоску пакладзіце столькі кругоў, каб іх было на 1 больш, чым квадратаў.
Пытанне для дзяцей 3–4 гадоў:
‒Колькі квадратаў на верхняй палосцы? Колькі кругоў на ніжняй палосцы? (Адзін квадрат, многа кругоў або тры кругі.) Палічыце кругі. Чаго больш, квадратаў або кругоў? (Адказы дзяцей.)
Пытанне для дзяцей 4–5 гадоў:
‒Колькі квадратаў на верхняй палосцы? (Чатыры квадраты) Колькі кругоў на ніжняй палосцы? (Пяць кругоў.) Чаго больш, квадратаў ці кругоў?
Завея. Вы мяне парадавалі, усё выканалі правільна. Нешта мне стала холадна, давайце разам адпачнём і пагрэемся.
Фізкультхвілінка пад музыку “Мы погреемся немножко”
Завея. (Звяртаецца да дзяцей 3–4 гадоў) Дзякуй вам, дзеці. Мне было цікава з вамі падарожнічаць. Да пабачэння! (Занятак для дзяцей 3–4 гадоў скончаны).
(Звяртаецца да дзяцей 4–5 гадоў.) А з вамі мы яшчэ пагуляем.
Гульнявое практыкаванне “Знайдзі адрозненні” (На дошцы прымацаваны малюнкі снегавікоў)
Зімачка-зіма падрыхтавала для вас заданне. Разгледзьце ўважліва малюнкі і паспрабуйце знайсці адрозненні. (Дзеці разглядаюць малюнкі, тлумачаць чым адрозніваюцца снегавікі)
Дзеці, я задаволена вамі. Вы справіліся з усімі заданнямі Зімачкі-зімы. А зараз вам пара вяртацца ў дзіцячы сад. Да новых сустрэч! (Гучыць музыка, дзеці сядаюць у сані, выхавальнік пераапранаецца і выходзіць да дзяцей.)
Падвядзенне вынікаў
Выхавальнік. Скажыце, дзеці, што больш за ўсё вам спадабалася ў падарожжы? Што вы раскажаце сваім сябрам, сваім бацькам?