Фальклорныя пасядзелкі “Прыйдзе свята ў нашу хату”

- 17:47БЕЛАРУСКАЯ МОВА І ЛІТАРАТУРА, Беларуская мова і літаратура. Пазакласная работа, Методичка

Беларускі фальклор вельмі багаты і разнастайны. Ён прадстаўлены традыцыямі і звычаямі, гульнямі, песнямі, танцамі, вуснай народнай творчасцю. Гэты матэрыял нясе ў сабе вялізарны патэнцыял для фарміравання маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі ў малодшых школьнікаў. Фальклорныя пасядзелкі “Прыйдзе свята ў нашу хату” садзейнічаюць развіццю мовы і выразнасці маўлення, творчых здольнасцей, фарміруюць вопыт зносін, аб’ядноўваюць дзіцячы калектыў.

 

Ала ЦЕРАХ, Наталля ХМЯЛЕЎСКАЯ,
настаўнікі пачатковых класаў
ДУА “Махнавіцкая сярэдняя школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

 

Мэта: далучэнне вучняў да вытокаў народнай культуры.

Задачы:

– стварыць умовы для фарміравання маўленча-камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў;
– развіваць творчую актыўнасць і пашыраць слоўнікавы запас;
– выхоўваць павагу да народнай творчасці, пачуццё задавальнення ад удзелу ў калектыўнай дзейнасці.

Абсталяванне: інтэр’ер беларускай хаты (печ, прадметы сялянскага быту, ручнікі, вышыванкі, саматканыя посцілкі, гліняны посуд); нацыянальныя касцюмы, аўдыязапісы песень і танцаў.

Падрыхтоўчая работа: пад кіраўніцтвам настаўніка вучні развучваюць беларускія народныя песні, танцы і гульні.

 

Ход мерапрыемства

Гучыць мелодыя беларускай народнай песні “Дудалка”.

Вядучы. З глыбокай даўніны прыйшоў да нас народны звычай – беларускія пасядзелкі. Доўгімі зімнімі вечарамі збіраліся хлопцы і дзяўчаты ў хаце самых гасцінных гаспадароў, каб адпачыць пасля дзённай працы. Гаспадары заўсёды віталі дарагіх гасцей на парозе свайго дома з паклонам, хлебам-соллю і казалі: “Няхай мая хата не чырвона кутамі, не багата пірагамі, але рады мы гасцям, як добрым весткам!” Як ні цяжка было жыць у тыя далёкія часы, але нашы продкі не забывалі свае песні, танцы, забавы.

Давайце зараз зазірнём у хату да дзеда Апанаса і бабулі Параскі.

Ва ўпрыгожанай хаце гаспадыня сядзіць ля печы і вышывае сурвэтку, гаспадар адпачывае на лаве.

Бабка Параска. Дзед, а дзед, уставай! Хутка госці да нас прыйдуць.

Дзед Апанас. Адчапіся, бабка. Дай трошачкі паспаць, старыя косці пагрэць.

Бабка Параска. Людцы добрыя, пабачце, у майго дзеда ад лені гнуцца калені. Гэта ж трэба, цалютку ноч сон, а ўвесь дзень лень!

Чуецца грукат у дзверы.

Бабка Параска. Апанас, ці не да нас прыйшлі госці.

Дзед Апанас. Ну калі так, дык трэба ўставаць і гасцей сустракаць, пайду дзверы адчыняць.

Дзед Апанас адчыняе дзверы, у хату ўваходзяць хлопцы і дзяўчаты.

Хлопчык. Дзень добры ў хату! Чакалі такіх гасцей ці не?

Дзяўчынка. Мір вашаму дому, быць пірагу ядому!

Хлопчык. Даўно да вас збіраліся, ды ледзь-ледзь сабраліся.

Дзяўчынка. А ці знойдзецца для нас месцейка цёпленькае ў вас?

Хлопчык. У народзе кажуць: “Добра ў той дом зайсці, дзе рады вам гаспадары”.

Бабка Параска.

Ой, сябры! Вітаем вас!
Заходзьце хуценька да нас!
Сёння наша хата
На весялосць багата!

Дзед Апанас.

На нашых пасядзелках
Не будзе часу сумаваць.
На нашых пасядзелках
Трэба спяваць і танцаваць.

Дзяўчынка.

Ну, музыка, грай-грай!
Песняй вясёлай гаспадароў вітай!

Гучыць беларуская народная песня “Зайграй жа мне, дударочку”.

Дзед Апанас. Ах, весялухі, праходзьце хутчэй, масціцеся, дзе каму зручней!

Бабка Параска. А вы, хлопцы, не зявайце, каля сябе дзяўчат саджайце!

1-ы хлопчык. Зараз буду выбіраць, з кім на лаву мне сядаць. А вазьму я тую, што добра танцуе.

2-і хлопчык. А я каля той буду сядаць, што ўмее вышываць.

3-і хлопчык. А мне трэба тая, што добра спявае.

4-ы хлопчык. А я з той пайду сядаць, што ўмее гатаваць.

5-ы хлопчык. А мне падабаецца тая, што добра хату падмятае.

Бабка Параска.

Пасядзелкі і забавы
Кожны вечар напралёт,
У гасціннай нашай хаце
Сабіраецца народ.

Дзед Апанас.

Ой, дзяўчаткі мае, сыраежачкі,
Пасаліў бы я вас – няма дзежачкі.
Хопіць вам адпачываць,
Трэба ножанькі размяць.

Выконваецца беларускі народны танец “Лявоніха”.

Дзяўчынка. Бабуля, як прыгожа ў вашай хаце! Колькі ў вас усяго цікавага!

Хлопчык.

Ваша ўтульная хата
Заселена дужа багата
Рэчамі драўлянымі,
Ручнікамі саматканымі.

Дзед Апанас. Так, так, даражэнькія. Раней узімку сялянская хата ператваралася ў сапраўдную майстэрню. Тут ткалі і вышывалі, выразалі з дрэва лыжкі, рабілі з гліны міскі і гаршкі.

Бабка Параска. З даўніх часоў жанчыны імкнуліся ўпрыгожыць сваё жыллё. Вышыты ручнік – сімвал чысціні і цяпла роднай хаты. Вышытым абрусам засцілалі святочны стол, на які ставілі розныя прысмакі.

А ці ведаеце вы, з чаго я саткала абрус?

Дзяўчынкі чытаюць вершы пра лён.

На сцяблінцы кожнай
Сіненькі званочак:
Хораша на ранку
Лён расцвіў, ляночак.[1]

Як вядома, ужо здавён

Беларусы сеюць лён.
Зацвіце – блакіту болей.
Пчолкам рупным весялей.
І над ніваю, над полем
Сінява – яшчэ сіней!

Пойдзе лён на валакно,
Будзе кужаль, палатно.
Будзе ў нас абновак шмат.
Хто абноўкам тым не рад? [2]

Дзед Апанас. Нешта засядзеліся госці нашы.

Бабка Параска. Давайце заспяваем, песню прыгожую, народную, каб аж сэрца затахкала.

Гучыць беларуская народная песня “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”.

Дзяўчынка.

Гэй, Міхась,
Выхадзі да нас,
Бяры дзевачак,
Ды пускайся ў пляс.

Міхась.

Я б пайшоў скакаць,
Ручанькі баляць,
Ножанькі баляць,
Лепш пайду я спаць.

Дзяўчынка.

Гэй, Міхась,
Выходзь на ганачак,
Мы дадзім табе
Абараначак.

Міхась.

Выйду я на ганачак,
Дзе ваш абараначак?

Дзяўчынка вешае вязку абаранкаў Міхасю на шыю.

Міхась.

Вось цяпер пайду скакаць
Покуль грае скрыпка,
Ручкі, ножкі не баляць,
Сярэдзінка гібка!

Гучыць беларуская народная песня “Саўка ды Грышка”.

Бабка Параска. Каб ніхто не пачаў сумаваць, запрашаю ўдзел у гульні прыняць.

Беларуская народная гульня “Бусел і дзяўчаты”

Дзяўчаты стаяць у крузе і пытаюцца:

– Бусел, Бусел, што ты робіш?
– Ямачку капаю.
– Навошта табе ямачка?
– Каменьчыкі збіраю.
– Навошта табе каменьчыкі?
– Іголачкі вастрыць.
– Навошта табе іголачкі?
– Мяшочкі шыць.
– Навошта табе мяшочкі?
– Вас лавіць!

Бусел (адзін з хлопцаў) даганяе дзяўчат.

Бабка Параска.

Колісь баба, дзед жылі,
Куры, гусі ў іх былі,
Парасяты і бычкі,
Добра жылі старычкі.

Дзед Апанас.

Аднойчы ад нас недалечка
Між імі адбылася спрэчка.

Чуецца стук у дзверы. У хату ўваходзяць бабуля Акуліна і дзед Мікіта.

Бабуля Акуліна. Я табе кажу не прадам.

Дзед Мікіта. А я табе кажу прадасі.

Бабуля Акуліна. Не прадам.

Дзед Мікіта. Прадасі.

Бабка Параска. Пачакайце, пачакайце, а што гэта ў вас за спрэчка?

Дзед Мікіта.

Вось хвалёна гаспадыня мая,
Мне не мытую сарочку дала,
Не мытую, не качаную,
У суседа пазычаную.

Бабуля Акуліна. А ты што, лепшы за мяне, такога бычка хоча збыць!

Дзед Мікіта.

Ды забярыце вы і кароўку,
Свабадзіце ёй галоўку,
Бо няўмее ні кароўку даіць,
Бо няўмее ні цадзілку памыць,
Толькі любіць на пасядзелкі хадзіць.

Дзяўчынка. А давайце я вашага бычка куплю.

Бабуля Акуліна. А колькі грошай ты мне за яго дасі?

Дзед Мікіта. Торбу грошай на ўдачу, ды яшчэ мяне ў прыдачу.

Дзяўчынка. Цяпер пойдзеш ты, дзядок, з бычком разам у хлявок.

Бабуля Акуліна. Я свайго дзеда не прадаю, мне ў гаспадарцы і самой ён патрэбны.

Бабка Параска. Хопіць вам спрачацца.

Гэй, музыкі, гучна грайце,
Дружна песню заспявайце.

Гучыць беларуская народная песня “Сядзіць камар на дубочку”.

Бабка Параска. Мой сусед Мікіта крочыць, пагуляць ён з вамі хоча!

Беларуская народная гульня “Сейбіты”.

Тры ўдзельнікі атрымліваюць мяшэчкі з бульбай. Па камандзе вядучага яны “высаджваюць” бульбу – выкладваюць бульбіны на папяровыя кружкі, раскладзеныя ў тры радкі. Перамагае той, хто першы скончыць работу.

Дзяўчынка.

Добра разам мы гулялі,
Песні пелі, танцавалі,
Але час і гонар знаць –
Трэба ўсім адпачываць.

Хлопчык. Каб у вашым дамочку, у вашым хлявочку, у вашым садочку ўсё радзіла і пладзіла.

Дзяўчынка. Няхай у вас будзе грэчка, абы не спрэчка.

Хлопчык. Жадаем вашай хаце ніколі дрэннага не знаці!

Дзяўчынка. Жыць вам ды маладзець, багацець ды дабрэць!

Хлопчык. Майце ўсяго даволі, а бяды – ніколі!

Дзяўчынка. Здаровы бывайце – нас не забывайце.

Бабка Параска. А вы госці, не абыходзьце нашага парога, калі будзе ісці побач ваша дарога.

Дзед Апанас.

Дружна жывіце,
Хутка расціце,
Край свой любіце!

Бабка Параска.

Не таму любіце, што за ўсё цяплейшы,
А таму любіце, што за ўсё мілейшы!

Дзед Апанас.

Вучыцеся добра вы і не сумуйце,
І родную мову сваю вы шануйце!

Гучыць беларуская народная песня “Беларуская танцавальная”.

Вядучы. Вось і скончылася наша падарожжа ў сялянскую хату. Мы сустрэліся з добрымі, ветлівымі людзьмі, якія ўмеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. Вельмі радасна, што традыцыі нашых продкаў захаваліся да нашых дзён, і мы маем цудоўную магчымасць убачыць прыгажосць рэчаў, зробленых рукамі беларусаў.

Удзельнікі мерапрыемства па чарзе чытаюць верш “Усё ўмелі нашы дзеды”

Усё ўмелі нашы дзеды,
Нашы дзеды ўсё маглі.
Будавалі гумны, стайні,
Сені, павеці, дамы.

А прылады працы – гляньце:

Цэп, сявенька, кораб, кош,
Ступа, прасніца і пранік,
Незаменны калаўрот.

У хаце вырабы таксама

З дрэва зроблены, як звон:
Столь і ложак, бочкі, бойкі,
Дзежкі, лыжкі і ўслон.

Вось вам вырабы і з гліны,
Ды не вырабы, а цуд –
Збан, гарлач і гляк, як цацка,
Пазірае на ўсіх.

Працы шмат было, паверце.

Нашы продкі ўсё маглі,
Каб лягчэй жылося ўнукам,
Рэчы ў спадчыну ішлі.

А жанчынкі-гаспадынькі

Пралі, ткалі, вышывалі,
Шылі, мылі, прасавалі,
Хату чыста прыбіралі,

На палетках працавалі,
Дзетак сваіх гадавалі,
Печ палілі, хлеб пяклі,
Спаць ім не было калі.

Шмат мінула з таго часу,
Лепш мы сталі жыць за іх.
Паважайце, калі ласка,
І бабулек, і дзядкоў сваіх.

Паважайце іх за працу,

Распытайце іх пра быт,
Каб было вам што пакінуць
Для прапраўнукаў сваіх. [3]

Вядучы. Павесяліліся, нагуляліся! Шмат новых сіл набраліся, нагулялі апетыт! Вось зараз і падсілкавацца нам зусім не пашкодзіць.

Вядучы запрашае ўдзельнікаў мерапрыемства пачаставацца салодкімі ласункамі.

 

Спіс выкарыстаных крыніц
1 Чарняўскі, М. Лён-ляночак [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: karotkizmest.by. – Дата доступу: 20.10.2024.

2 Спецыяльны выпуск часопіса. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: praleska-red.by – Дата доступу: 20.10.2024.
3 Учебно-методическая копилка [Электронный ресурс]. – Режим доступа: http://otradnoe.luban.edu.by/ru/main.aspx?guid=1881 – Дата доступа: 11.10.2024.
4 Макарава, Н.С. Запрашаем на вячоркі / Н.С.Макарава // Пачатковая школа. – 2015. – № 7. – С. 60–61.
5 Раманюк, В.А. Беларускія народныя гульні ў групе падоўжанага дня / В.А.Раманюк // Пачатковая школа. – 2020. – № 12. – С. 54–55.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий