Складанне і адніманне ў межах 100. Замацаванне. Урок матэматыкі ў 2-м класе

- 9:24I СТУПЕНЬ, Методичка, НАЧАЛЬНАЯ ШКОЛА, Начальная школа. Сценарии

Падчас занятку навучэнцы замацуюць веды па тэме “Складанне і адніманне ў межах 100”; плануецца, што ў канцы ўрока яны будуць выконваць арыфметычныя дзеянні з лікамі ў межах 100.

Марына ШВЕД,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Махнавіцкая сярэдняя школа Мазырскага раёна”,
Гомельская вобласць

 

Мэта: плануецца, што ў канцы ўрока навучэнцы будуць выконваць арыфметычныя дзеянні з лікамі ў межах 100.

Задачы:  

садзейнічаць фарміраванню ўмення рашаць простыя і састаўныя задачы, якія раскрываюць сэнс дзеянняў складання і аднімання;

развіццю пазнавальнай актыўнасці, камунікатыўных уменняў, навыкаў кантролю і самакантролю;

– ствараць умовы для выхавання цікавасці да ўрокаў матэматыкі.

Тып урока: урок замацавання вывучанага матэрыялу.

Формы дзейнасці навучэнцаў: індывідуальная, франтальная, парная, групавая.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік “Матэматыка. 2 клас. Частка 1” (Г.Л.Мураўёва, М. А.Урбан. Мінск, 2020); дыдактычны матэрыял, малюнкі, карткі для самастойнай работы.

 

Ход урока

I Арганізацыйны этап

Мы ўмеем хутка думаць,
Мы ўмеем разважаць.
На ўроку ўсё старанна
Будзем мы запамінаць.

– Прапаную ўрок матэматыкі пачаць з гульні “Паўтарыце рухі тыя, хто…” .

– Падніміце рукі тыя, хто не выканаў дамашняе заданне па матэматыцы.

– Тупніце нагой тыя, хто ведае, як называюцца кампаненты пры складанні. Назавіце іх.

– Папляскайце ў далоні тыя, хто любіць матэматыку.

– Памаргайце хутка вочкамі тыя, хто настроены на прадуктыўную і цікавую работу.

 

II Этап праверкі дамашняга задання

– Якое свята мы нядаўна адзначалі? (Новы год.)

– Які прадмет з’яўляецца ў кожным доме ў час святкавання Новага года? (Ёлка.)

– У нас таксама засталася елачка. Так як свята ўжо скончылася, нам патрэбна зняць з яе навагоднія шары. Вам патрэбна зняць шары з тымі лікамі, якія сустрэліся ў адказах прыкладаў і задачы дамашняй работы.

 

III Паведамленне тэмы і мэты ўрока

– На ўроку мы будзем рашаць прыклады на складанне і адніманне ў межах 100, параўноўваць лікі і выразы, рашаць простыя і састаўныя задачы.

 

IV Актуалізацыя ведаў. Чыстапісанне. Вусны лік

– Мы адправімся ў зімовы лес. Паглядзіце на малюнак – як зараз прыгожа ў лесе! Мы будзем не проста гуляць па лесе, а выконваць розныя заданні, якія падрыхтавалі жыхары лесу. Перад лесам знаходзіцца белае чыстае поле. Толькі што гэта? (Сляды птушак і звяроў.)

– Давайце ўважліва разгледзім, якія лічбы зашыфравала сарока? (Лічбу 8.)

– А заяц? (Лічбу 7.)

– А якая лічба ў лісы? (Лічба 6.)

– Вам патрэбна скласці з гэтых лічбаў двухзначныя лікі, і адзін з лікаў правільна, акуратна запісаць.

– З намі ў дарогу адправіцца адзін з герояў. А хто гэта будзе, вы здагадаецеся, выканаўшы вуснае заданне. Перад вамі палянка з елачкамі, на якіх ёсць лічбы. Каб не заблудзіцца на гэтай палянцы, вы павінны елачкі расставіць у рад. Выконваем заданне і выбіраем патрэбную елачку.

1. Знайдзіце суму лікаў 20 і 30. (50)

2. Лік 48 паменшылі на 8 і атрымалі … (40)

3. Першае складаемае 30, другое – такое ж. Чаму роўная сума? (60)

4. У сталовую прывезлі 35 яек. На выпечку выдалі 3 дзясяткі яек. Колькі яек засталося?

5. Памяншаемае 20, аднімаемае 5. Чаму роўная рознасць?

6. Колькі сантыметраў у 1 метры? (100)

7. На колькі 40 больш за 20? (На 20)

8. Які двухзначны лік самы найменшы? (10)

– На кожнай елачцы на верхавіне ёсць літара. Калі елачкі з лічбамі размясціць у парадку ўзрастання, то атрымаецца назва таго, хто з намі адправіцца ў зімовы лес. (Два вучні працуюць каля дошкі).

– Якое слова атрымалася? (Снегавік.)

– З намі ў дарогу адправіцца вось такі прыгожы вясёлы снегавічок, які не дапаможа заблудзіцца ў лесе.

– Паглядзіце на елачкі і адкажыце на пытанні:

1. Які лік самы найменшы? (5)

2. Назавіце суседзяў ліку 20? (19 і 21)

3. Назавіце найбольшы двухзначны лік? (60)

4. Які лік лішні? Чаму? (5 і 100)

 

V Этап замацавання вывучанага матэрыялу

1 Работа па падручніку

– Хто ж сустрэне нас першы ў лесе, вы даведаецеся, адгадаўшы загадку:

Улетку шэранькі,
узімку – беленькі.
Доўгія вушы мае,
Хутка ў лес уцякае. (Заяц.)

– Зайчык прапануе папрацаваць па вучэбным дапаможніку. (С. 128 № 3 – індывідуальна, № 5 – самастойна, два вучні – каля дошкі рашаюць па адным прыкладзе № 6)

2 Гульня “Адгадай лік”

– Мы рушым далей. Хто наступны нас чакае?

Не птушка, не мыш,
Па дрэвах скача лоўка
Гарэзлівая… (вавёрка.)

– Вавёрачка трымае ў руках шышку, на зваротным баку якой знаходзіцца лік. Вавёрка прапануе гульню “Адгадай лік”. Адгадайце лік, выканаўшы заданні:

1. Першы лік азначае колькасць дзён у тыдні. (7)

2. Наступны лік павялічце на 3. (10)

3. Да атрыманага ліку дадайце колькасць гадзін у 1 мінуце. (70)

4. Наступны лік паменшыце на 20. (50)

5. Да атрыманага ліку дадайце такі ж. (100)

– На шышачцы знаходзіцца лік 100. Ахарактарызуйце яго. (Лік 100 – трохзначны, круглы, суседзі ліку – 99 і 101).

3 Фізкультхвілінка

Вучні выконваюць рухі пад музыку са сняжынкамі ў руках.

Мы – сняжынкі белыя,
На галінках мы сядзім.
Дунуў вецер – паляцелі.
Мы ляцелі, мы ляцелі
І на зямлю ціха селі.
Вецер зноў узняўся
І сняжынкі ўсе падняў.
Закружыліся, паляцелі
І на зямлю зноў усе селі.

4 Гульня з бочачкамі

– Наш шлях працягваецца. Нас сустракае наступны госць.

Хто ў лесе глухім жыве,
Нязграбны, касалапы?
Летам есць маліну, мёд,
А ўзімку смокча лапу? (Мядзведзь.)

– Мядзведзь назапасіў бочачкі з мёдам і варэннем, але не паспеў расставіць іх па паліцах. Прыйшла зіма і ён заснуў. Давайце дапаможам мядзведзю. Для гэтага патрэбна рашыць прыклады, якія напісаны на бочачках. Бочачкі з мёдам у нас абазначаюць лік 50, а бочачкі з варэннем – лік 70. Дзяўчынкі шукаюць бочачкі з мёдам, а хлопчыкі – бочачкі з варэннем.

Бочачкі з мёдам                                        Бочачкі з варэннем

30 + 20                                                      40 + 30
55 – 5                                                        100 – 30
100 – 50                                                     97 – 7
59 – 9                                                         64 + 4

5 Гульня ў снежкі

– На дошцы знаходзяцца палоскі з прыкладамі. Вы рашаеце прыклад і прымацоўваеце снежку да таго прыкладу, які пачынаецца з адказу прыкладу, які вы рашылі. (Кругавыя прыклады).

                             32 – 30

                                                       2 + 18

                        20 + 8             60 + 7

       67 + 3                                            70 – 5

                               100 – 40

6 Фізкультхвілінка для вачэй

– Паглядзіце на дошку. Колькі да нас прыляцела многа прыгожых снегіроў! Кожная птушачка мае свой нумар. Я называю вам лік, а вы вочкамі глядзіце на птушачку, на якой напісаны гэты лік. (Малюнкі з птушкамі знаходзяцца ў розных месцах дошкі).

7 Рашэнне задач

У птушак у дзюбах ёсць паперкі з задачамі. Вучні выбіраюць сабе задачу і рашаюць у сшытках. Два чалавекі працуюць каля дошкі – па схемах складаюць задачы і рашаюць іх.

У схемах задач, у якіх не хапае дадзеных ва ўмове задачы, патрэбна іх дапісаць і рашыць задачу. (Работа ў парах).

8 Гульня “Так – не”

– У кожнага з вас ёсць сняжынкі белага і блакітнага колеру. Калі вы згодны з маім сцвярджэннем, вы паднімаеце сняжынку белага колеру, калі не – блакітнага.

1. Лік 100 – двухзначны.

2. Пры лічэнні за лікам 55 ідзе лік 54.

3. У 2 дм 20 см.

4. Лік 20 большы за лік 10 на 10.

5. Лік 57 – круглы.

6. 99 – найбольшы двухзначны лік.

7. Пры лічэнні ліку 88 папярэднічае лік 87.

8. У 1 гадзіне 80 мінут.

9 Індывідуальная работа па картках

– Наша прагулка па лесе хутка скончыцца, але нас яшчэ чакае адзін звярок. Хто ж гэта? Адгадваем загадку:

Крадзе нясушак, яйкі.
І гоніцца за зайкам.
Вось ды хітрая краса,
А завуць яе … (ліса.)

– Прыгажуня ліса прапануе вам работу па картках. На дошцы вы бачыце карткі розных колераў. Кожны колер абазначае пэўны від задання. Зялёны колер – рашыць прыклады, ружовы колер – параўнаць выразы, аранжавы колер – рашыць задачу. Кожны з вас выбірае картку.

 

VI Этап падвядзення вынікаў урока

– Наша прагулка па лесе скончылася. Я вельмі задаволена тым, як вы дружна працавалі і паспяхова выканалі ўсе заданні.

 

VII Этап рэфлексіі

– У кожнага з вас на парце ляжаць папяровыя снежкі. Вам патрэбна дапоўніць сказы і запісаць іх на снежках. Снежкі пакладзіце ў вядзерца снегавіку.

– На ўроку я паўтарыў…

– На ўроку мне спадабалася…

– Найбольшы мой поспех на ўроку…

– На ўроку мне было цяжка…

– Дзякуй усім за ўрок.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий