Мэта: дапамагчы вучням асэнсаваць драматычны змест твора, адметнасць яго будовы, данесці трагічны пафас твора. Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу на ўроках беларускай літаратуры.
Алена ПОЛЬЦЫНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 2 г.п. Рось”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць
Мэта:
– дапамагчы вучням асэнсаваць драматычны змест твора, адметнасць яго будовы, данесці трагічны пафас твора;
– развіваць творчыя здольнасці вучняў, звязнае маўленне, мысленне, навыкі выразнага чытання;
– выхоўваць пачуццё патрыятызму, любові да Радзімы.
Абсталяванне: карціны М.Савіцкага, выстава даследаванняў вучняў, фотаздымкі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, фотадакументы архіваў сямей Зарыхта М., Севярын А., відэарад з дакументальнымі фотаздымкамі часоў Вялікай Айчыннай вайны, прэзентацыя да ўрока, відэа выканання «Рэквіема» Д.Кабалеўскага, лампадка.
Тып урока: музейны ўрок.
Эпіграф урока:
Гэта памяць народная,
Праведны гнеў і любоў!
Там бяда выпаўзае,
Дзе шашаль заводзіцца ў памяці.
Там, дзе свеціцца ў ёй,
То прагал,
То правал,
То пралёт.
Покуль кружыць Зямля
І пад сонцам, і ў зоркавай замеці,
Помні ўсё, не маўчы, не маўчы,
Чалавечы мой род!
С.Законнiкаў
Ход урока
1 Арганізацыйны момант
Пачынаецца ўрок уступным словам настаўніка пра тое, што Вялікая Айчынная вайна – адна з самых трагічных старонак гісторыі.
2 Падрыхтоўка да ўспрымання новай тэмы ўрока
Гучыць музыка “Рэквіема” Д.Кабалеўскага. На фоне музыкі ідзе відэарад з дакументальнымі фотаздымкамі часу Вялікай Айчыннай вайны.
– Як гучыць гэты твор? (Вучні адзначаюць трагічнае гучанне музыкі)
Настаўнік прапануе вучням адкрыць падручнікі і паглядзець на с. 234 значэнне слова “рэквіем”.
3 Новая тэма
Аб’яўленне тэмы ўрока настаўнікам.
Настаўнік зачытвае эпіграф урока на памяць (Слайд 2)
– Як вы зразумелі сэнс выказвання?
– Дарагой цаной, мільёнамі жыццяў мы заплацілі за сённяшняе мірнае неба. Таму творы пра вайну – гэта перасцярога і напамін сучаснікам, каб нас абмінулі жахі вайны.
– Перад вамі выступіць загадчык школьнага краязнаўчага музея В.А.Слуцкая.
У выступленні гаворыцца пра тое, што Вялікая Айчынная вайна – адна з самых трагічных старонак у гісторыі Беларусі і нашага пасёлка. Загадчык музея дэманструе музейныя экспанаты.
Пасля даецца слова вучню, які знаёміць з гісторыяй свайго прадзеда (да прыкладу), які ваяваў на фронце ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Як вы думаеце, якія задачы перад намі стаяць на ўроку? (Навучэнцы даюць адказы, настаўнік дапаўняе).
– Сённяшні ўрок яшчэ раз нас зверне да гістарычнай памяці, пакажа нам, што, каб стварыць будучае, трэба помніць пра мінулае.
Слова настаўніка пра ваеннае дзяцінства А.Вярцінскага (Слайд 3)
Цытуюцца словы паэта з анкеты ў часопісе “Маладосць”: “Мы – жывыя сведкі вайны, не маем маральнага права маўчаць. І тут нашы вершы і паэмы трэба разглядаць як сведчанне”.
– Паслухайце верш і скажыце, якія карціны паўсталі ў вашым уяўленні.
(Вучні, якія наведваюць школьны гурток у музеі, чытаюць верш на памяць).
– Чаму верш так названы?
– Якія эпізоды запомніліся і чаму?
– Прачытайце эпіграф да верша і скажыце, якую ролю ён адыгрывае?
Фізкультмінутка
Работа над планам верша.
Перачытваюцца часткі, тлумачацца незразумелыя словы, даюцца назвы часткам.
План
1. Сляды ваеннай навалы.
2. Нам вас не хапае.
3. Раны вайны.
4. Прыблізны рахунак.
5. Памяць сэрца.
Працягваецца работа з тэкстам.
– Зачытайце радкі, у якіх паэт выказвае галоўную думку твора.
– Давайце паглядзім, якія сродкі мастацкай выразнасці дапамагаюць данесці трагічны пафас твора і галоўную думку.
– Знайдзіце ў творы паўторы.
– Як бачыце, паўтораў вельмі шмат. Мы сёння пазнаёмімся з разнавіднасцю паўтораў – гэта анафара і эпіфара (Слайд 4)
– Знайдзіце ў вершы анафары і эпіфары.
– Для чаго аўтар іх ужывае?
– Якія мастацкія тропы яшчэ бачыце ў вершы? (Амонімы, рытарычныя пытанні, своеасаблівы сінтаксіс).
– З якой інтанацыяй трэба чытаць верш? Чаму?
– З якой мэтай аўтар пераносіць нас у сучасны час у частцы “Урок спражэння”? (Зварот да эпіграфа ўрока, каб не паўтараць памылак мінулага сёння).
Выразнае чытанне верша вучнямі.
4 Выстаўленне адзнак
5 Вынік урока. Рэфлексія
– Чаму вас навучыў верш?
– Да чаго заклікае гэты твор?
– Які ўрок вы вынеслі для сябе?
6 Дамашняе заданне
Выразна чытаць верш. Хто жадае, можа знайсці звесткі пра ўдзельніка вайны ў вашай сям’і і расказаць. У пошуках гэтай інфармацыі вам дапамогуць розныя рэсурсы (Слайд 5).
– А зараз давайце ўшануем памяць усіх, хто ваяваў супраць фашызму, лампадкай Памяці. (Вучні перадаюць запаленую лампадку адзін аднаму, гучыць музыка “Рэквіема”.)