Мэта: падагульніць і сістэматызаваць веды пра бяззлучнікавы складаны сказ, яго пунктуацыйнае афармленне.
Аксана КАКОША,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 57 г. Гомеля”
Мэта: падагульніць і сістэматызаваць веды пра бяззлучнікавы складаны сказ, яго пунктуацыйнае афармленне.
Задачы:
– удасканальваць уменні вызначаць межы прэдыкатыўных частак, сродкі сувязі і сэнсавыя адносіны паміж часткамі ў БСС;
– навучыцца правільна пунктуацыйна афармляць БСС, інтанаваць іх у адпаведнасці з сэнсам;
– ужываць БСС у вусным і пісьмовым маўленні;
– садзейнічаць выхаванню пачуцця адказнасці за вынікі сваёй працы, станоўчых адносін да набыцця ведаў, пачуцця павагі да роднага слова.
Ход урока
I Арганізацыйны момант
Псіхолага-педагагічная падрыхтоўка да ўрока.
– Я заўважаю парадак на рабочых месцах, а па вашых вачах магу зрабіць вывад: вы ўсе падрыхтаваліся, рады нашай сустрэчы, і настрой у вас добры.
II Праверка дамашняга задання
1) Перад апошнім урокам абагульнення і сістэматызацыі ведаў па ўсёй тэме “Бяззлучнікавы складаны сказ”, на якім вучні выканалі тэставую работу, ім было прапанавана пабудаваць ІК абагульняльнага тыпу. Вучні прадставілі варыянты ІК, да якіх звярталіся потым на працягу ўрока па абагульненні і сістэматызацыі.
2) Выпісаць з твораў мастацкай літаратуры пяць бяззлучнікавых складаных сказаў, вызначыць сэнсавыя адносіны паміж часткамі выпісаных сказаў. (Зачытваюць трое вучняў).
3) Пытанні на паўтарэнне:
– Як нам адрозніць бяззлучнікавы сказ з аднатыпнымі і разнатыпнымі часткамі?
– Якія адносіны могуць выражацца паміж аднатыпнымі часткамі ў БСС?
– Якія адносіны могуць выражацца паміж разнатыпнымі часткамі ў БСС?
III Паведамленне тэмы ўрока. Мэтавызначэнне
– Мы з вамі вывучылі тэму “Бяззлучнікавы складаны сказ” і сёння правядзём урок падагульнення і сістэматызацыі ведаў. (Паведамленне мэты ўрока).
IV Работа над паўтарэннем і сістэматызацыяй вывучанага
1. Лічбавы дыктант
– Давайце ўспомнім, які сказ мы называем бяззлучнікавым складаным сказам?
– Мы паўтарылі, якія сказы называюцца бяззлучнікавымі, а цяпер давайце праверым нашы веды на практыцы. Я буду чытаць вам сказы пад лічбамі. Ваша задача – адзначыць у сшытку нумары бяззлучнікавых складаных сказаў.
1) У жыцці кожнага маладога чалавека надыходзіць час, калі неабходна прыняць рашэнне па выбары прафесіі.
2) Пасля школы выпускнікі трапляюць на вялікі шлях жыцця, перад імі адкрываюцца тысячы дарог.
3) У сучасным грамадстве існуе шмат прафесій, кожны можа выбраць па душы.
4) Каб выбраць прафесію па душы, трэба глыбока, разумна, з веданнем справы разабрацца, якая з многіх прынясе радасць і задавальненне.
5) Настаўнік – гэта не толькі выхавальнік, ён дапамагае нашаму грамадству падняцца на больш высокую ступень культуры.
6) Настаўнік павінен любіць дзяцей, жыць для дзяцей – без гэтага яго праца не мае сэнсу.
Адказы (на дошцы): 2, 3, 5, 6.
2. Работа ў пары
1) Дапісаць сказы, каб атрымаўся бяззлучнікавы складаны сказ.
Усе былі заняты справаю…
Надвор’е было цудоўнае…
2) Перабудаваць дадзеныя сказы ў бяззлучнікавыя складаныя сказы.
Калі набягалі павевы ветру, тады па верхавіннях дрэў хадзілі шызыя хмары.
Грыбы лепш за ўсё збіраць зранку, таму што вільготная шапачка зіхаціць на сонцы і добра відаць здалёк.
3) З дадзеных слоў скласці бяззлучнікавы складаны сказ.
Прадзедаў, спадчына, матчынай, ад, паміж, яна, сваіх, спакон, ласкай, чужакоў, засталася, мне, вякоў, і, засталася.
4) Перакласці сказы на беларускую мову.
На дворе было тихо; деревня по ту сторону пруда уже спала, не было видно ни одного огонька.
Пахло осенью; покрытая багровым облачком, восходила луна и еле-еле освещала дорогу и по сторонам её тёмные озимые поля.
V Фізкультурна-лінгвістычная мінутка
Настаўнік зачытвае сказы. Калі сказ бяззлучнікавы складаны, навучэнцы павінны ўстаць.
– Зменіцца квадра – пераломіцца надвор’е.
– Паміраць збіраешся, а жыта сей.
– Загараецца зара, гасне ноч над зямлёю.
– Назаўтра ледзь паказалася сонца, хлопцы былі ўжо на нагах.
– Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых.
– Вакол стала глуха і цёмна.
– Зіма снежная – лета будзе дажджлівае.
VI Тэматычны кантроль па тэме “Бяззлучнікавы складаны сказ. Знакі прыпынку” (падрабязнае апісанне)
Актуалізацыя суб’ектыўнага вопыту
На дошцы: Вызначце свой узровень ведаў і ўменняў па тэме “Бяззлучнікавы складаны сказ і знакі прыпынку ў ім”.
1) Я ведаю, што такое БСС.
2) Я ведаю, якія сэнсавыя адносіны могуць складвацца паміж часткамі БСС. (ІІ узровень)
3) Я ведаю, якія знакі прыпынку ставяцца ў БСС і якія сэнсавыя адносіны паміж часткамі вызначаюць іх пастаноўку. (ІІІ узровень)
4) Я ўмею расстаўляць знакі прыпынку ў БСС і складаць БСС па прапанаваных схемах. (ІV узровень)
5) Я ўмею выкарыстоўваць БСС у вусным і пісьмовым маўленні. (V узровень).
ІІ узровень (3–4 балы): даць азначэнне БСС. У раздрукаваным тэксце знайсці БСС, падкрэсліць граматычныя асновы.
ІІІ узровень (5–6 балаў): у прапанаваным раздрукаваным тэксце ўставіць прапушчаныя літары і расставіць знакі прыпынку. У БСС вызначыць сэнсавыя адносіны, якія складваюцца паміж часткамі.
ІV узровень (7–8 балаў): выкананне тэста.
V узровень (9–10 балаў): скласці тэкст апісальнага характару “Мая любімая пара года” (8–10 сказаў) з выкарыстаннем БСС.
Тэкст (раздрукаваны для ІІІ узроўню)
Подых вясны
Дыхнула в..сна, і зноў з..мля стала вясёлая.
У прагным жаданні парыліся ўзгоркі ла..чыны купаліся ў тумане. І гулкая не то цішыня шырокіх размахаў, не то песня вясёлай журбы плыла над з..млёй неба чакала часу ўзняць сабраныя сілы. Ночы былі зычныя, гулкія і пахлі вадою.
Як чакала з..мля людзей у свае палявыя палосы, таксама і людзі чакалі з..млю. Чакалі яе, па..сохлую, новую. Чакалі працы паржавелыя за зіму плугі і бароны.
І яшчэ чакалі вясну людзі, рыхтуючыся да змен не толькі ў паветры, але і ў душы. З..мля была чорная, лясы былі сінія пара, падымаючыся ад зямлі, агортвала сабой людзей. Ды яшчэ ці мала людзей хадзіла па ні..кіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Гэта в..сна дазволіла ім пакінуць вёскі. Прапахлі людзі гэтыя вільгац..ю в..снавой з..млі, в..сёлымі мхамі. І начамі ц..гнуліся в…сновыя гукі па родных мясцінах. І былі гэтыя гукі надзвычай гулкімі і (па)вясноваму звонкімі. А людзі чакалі в..сну.
Тэст (раздрукаваны для ІV узроўню)
1. Адзначце сэнсавыя адносіны, якія могуць выражацца аднатыпнымі часткамі бяззлучнікавага складанага сказа:
1) часавыя;
2) прычынныя;
3) супастаўляльныя;
4) умоўныя;
5) супрацьпастаўляльныя.
2. Адзначце сэнсавыя адносіны, якія могуць выражацца разнатыпнымі часткамі бяззлучнікавага складанага сказа:
1) часавыя;
2) прычынныя;
3) супастаўляльныя;
4) умоўныя;
5) супрацьпастаўляльныя;
6) дапаўняльныя;
3. Адзначце бяззлучнікавыя складаныя сказы:
1) Можна было падумаць, што зямля варушыцца пасля доўгага зімовага сну. (П.Броўка)
2) Сонца садзілася з шматпавярховыя будынкі горада, асвятляла іх (У.Саламаха)
3) Марозны ветрык пашчыпваў шчокі і нос, лёгкія паслухмяныя лыжы весела шалясцелі па снезе (Я.Бяганская)
4) Цёплае красавіцкае паветра ўварвалася ў пакой, напоўніла яго веснавой свежасцю, закружыла галаву (А.Васілевіч)5) На станцыі пачуўся званок дзяжурнага, пасажыры на пероне замітусіліся, пачалі разбягацца па вагонах (А.Кулакоўскі).
4. Адзначце бяззлучнікавыя складаныя сказы з аднатыпнымі часткамі:
1) Бусел-тата і бусліха-мама не маюць ніводнай хвілінкі для адпачынку: трэба даглядаць дзяцей. (І.Муравейка)
2) У Гарновай твар свяціўся радаснай свежасцю, вочы блішчэлі маладым захапленнем. (М.Зарэцкі)
3) Мільгаюць матылькі, гудзе касматы чмель. (В.Гурскі)
4) Хлопцы паўзлі наперад не дыхаючы, сэрцы іх калаціліся. (Я.Маўр)
5. Адзначце бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх на месцы пропускаў трэба паставіць кропку з коскай:
1) Неба тым часам зусім пацямнела __ завалаклося цяжкімі і змрочнымі хмарамі.
2) Жнівень падышоў да сярэдзіны __ раніцай на лагу ўжо выпадала густая з начы раса, халодная, аж калола ў ногі.
3) Дні стаялі ўвесь час пагодныя, духменныя __ неба сінела высокае, бяздоннае і чыстае, на ім толькі зрэдку ў недасяжнай вышыні зіхацелі белыя, як пух, воблачкі.
6. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца працяжнік:
А) Азірніся і ўбачыш __ ля цябе я ў любую хвіліну.
Б) Кінеш спераду __ знойдзеш ззаду.
В) Няма лесу __ няма жыцця.
Г) Вакол спакойна дрэмле поле __ блішчыць у росах сенажаць.
7. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску ставіцца двукроп’е:
А) Спадала лета __ ішоў ранні верасень.
Б) Усё навокал было па-ранейшаму __ глуха шумеў лес, над зямлёй плылі хмары.
В) Мне здалося __ па бруку ідзе маладая сасонка.
VII Заключнае слова настаўніка
Рэфлексія
– На ўроку мы выконвалі разнастайныя віды работ. Іх назвы запісаны на дошцы ў выглядзе інтэрактыўнай карты (лічбавы дыктант, вусныя пытанні на паўтарэнне, работа ў пары, фізкультхвілінка, работа з тэкстам, тэставае заданне). Прымацуйце свой стыкер на той промень, дзе пазначаны той момант урока, які вам найбольш спадабаўся.
VIII Дамашняе заданне
Пытанні да раздзела ст. 160, пр. 148 (6–8 сказы).
IX Каменціраванае выстаўленне адзнак за ўрок