Фарміраваць уяўленні аб правілах дарожнага руху (сігналы святлафора, рух па абочынах і тратуарах, пры чаканні транспарту, паводзіны ў транспарце), у побыце.
Таццяна ЯХНАВЕЦ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 4 г. Смаргоні”,
Гродзенская вобласць
Тэма: “Падарожжа па краіне Бяспекі”.
Праграмны змест:
– фарміраваць уяўленні аб правілах дарожнага руху (сігналы святлафора, рух па абочынах і тратуарах, пры чаканні транспарту, паводзіны ў транспарце), у побыце;
– развіваць уменні прымяняць правілы бяспечных паводзін у месцах, небяспечных для жыцця і здароўя, у доме, на вуліцы, бяспечных паводзін у патэнцыяльна небяспечных сітуацыях (сустрэча з незнаёмцам); развіваць пазнавальную цікавасць, разумовую актыўнасць;
– выхоўваць пачуццё самастойнасці, настойлівасці ў дасягненні мэты.
Матэрыялы і абсталяванне: сумка паштальёна з паштоўкамі, макет святлафора, атрыбуты да гульні “Сігналы святлафора”, карткі да гульні “Мае бяспечныя цацкі”, ілюстрацыі да казак.
Ход занятку
Выхавальнік.
Станем мы ў роўны круг,
За рукі трымаемся.
Куды не глянь – паўсюль сябры,
Шчасліва ўсміхаемся.
Які ў вас настрой сёння, дзеці?
Давайце гэты добры настрой падорым адно аднаму. (Дзеці дуюць на далонь.)
Стук у дзверы.
Дзеці, чуеце, нехта стукае ў дзверы. Што нам трэба зрабіць, як вы лічыце?
(Імя дзіцяці), схадзі да дзвярэй і даведайся, хто да нас прыйшоў.
(Дзіця ідзе да дзвярэй і пытае “Хто там?”)
Дзеці, скажыце мне, калі ласка, ці правільна зрабіў (Імя дзіцяці), што не адчыніў дзверы? Чаму? (Нельга самім адчыняць незнаёмым дзверы.)
Малайцы! А дзверы я адчыню сама. (Заходзіць паштальён, аддае пісьмо).
Выхавальнік чытае пісьмо.
“Добры дзень, шаноўныя сябры. Звяртаюся да вас за дапамогай. У маю краіну наляцела злая вядзьмарка Бязладзіца і пераблытала ўсе правілы бяспекі. Дапамажыце мне, калі ласка, навесці парадак.
Чараўніца Бяспека.”
Дзеці, дапаможам добрай чараўніцы? Тады адпраўляемся з вамі ў падарожжа ў краіну Бяспекі. Паедзем мы з вамі на аўтобусе. Як трэба сябе паводзіць пры паездцы на аўтобусе? Якія правілы трэба выконваць? (Трэба сядзець спакойна, слухаць дарослых, не крычаць і не бегаць, нельга дакранацца да дзвярэй рукамі, адцягваць увагу кіроўцы, трэба быць ветлівымі.)
Дзеці садзяцца на крэслы.
У чароўную краіну
На аўтобусе імчым.
Міг – і горад Святлафорава,
Мы гасцямі будзем у ім!
Дзеці, мы з вамі прыехалі ў горад Святлафорава.
Гульнявое практыкаванне “Пытанне – адказ”
Паўторым правілы паводзін на дарозе. Адказвайце на пытанне “так” ці “не”
– Бегаць, скакаць па тратуары будзем…
– Пераходзіць дарогу па пешаходным пераходзе будзем…
– Перабягаць дарогу…
– Пераходзіць дарогу на жоўты свет…..
– Выбягаць на праезджую частку…
– Пераходзіць дарогу на зялёны свет…
Малайцы! А цяпер адгадайце загадку:
Тры рознакаляровых кругі міргаюць адзін за адным,
Свецяцца, міргаюць – людзям дапамагаюць. (Святлафор)
Як вы здагадаліся? Дзеці, паглядзіце ўважліва на гэты святлафор. Можа вы заўважыце, што з ім не так? (Макет святлафора, у якім няправільна гараць сігналы). Напэўна злая Бязладзіца і тут пабывала і зачаравала святлафоры. Давайце іх парамантуем. Успомнім, што абазначаюць сігналы святлафора.
Чырвоны колер – ходу няма,
Жоўты колер – пачакай,
А зялёны колер – праходзь.
Гульня “Сігналы святлафора”
Выхавальнік паказвае колеры святлафору, а дзеці выконваюць рухі: чырвоны колер – стаім, жоўты – пляскаем у далоні, а зялёны – крочым на месце.
Малайцы, дзеці, і з гэтым заданнем справіліся. Далей мы паляцім на самалёце.
Фізкультхвілінка “Самалет”
Мы садзімся ў самалёт, (Дзеці прысядаюць)
Адпраўляемся ў палёт, (“Заводзяць” самалёт)
Мы ляцім над воблакамі (Рукі ў бакі)
Машам тату, машам маме. (Па чарзе абедзвюма рукамі)
Бачым, як цячэ рака, (Паказваюць рукамі хвалі)
Бачым у лодцы рыбака. (Закідваюць вудачку)
Асцярожна: гара! (Нахіляюцца ў права, лева)
Прызямляцца нам пара! (Прысядаюць)
Вось, дзеці, мы прыляцелі з вамі ў горад Цацкіна. Як вы лічыце, ці патрэбны нам у гульнях правілы бяспекі? Якія правілы бяспекі вы ведаеце? Что нельга рабіць падчас гульні? (Нельга піхацца, кідацца цацкамі, нельга біцца.)
Якімі павінны быць цацкі? (Бяспечнымі)
Паглядзіце – Бязладзіца і тут пабывала і пераблытала бяспечныя цацкі з небяспечнымі прадметамі. Тут патрэбна ваша дапамога.
Гульня “Выберы бяспечную цацку”
Выберыце сабе кружок з нашага мяшочка. У каго кружок зялёнага колеру, той будзе выбіраць цацкі для дзяцей.
У каго чырвонага – тыя выбіраюць небяспечныя прадметы для дарослых, якія ўмеюць імі карыстацца.
Праверце, ці правільна вы выканалі заданне. Чаму з гэтымі цацкамі нельга гуляць?
Малайцы, дзякуючы вам у горадзе Цацкіна парадак. Далей у наша падарожжа мы адправімся на цягніку.
“Паравоз”
Едзе-едзе паравозік,
Стукаюць калёсікі
Дзеткі парамі сядзяць,
У акно весела глядзяць.
Паравоз гудок падаў,
Усім шчаслівага шляху пажадаў!
Мы з вамі прыехалі ў горад Казак. У казках многія героі трапляюць у бяду, таму што парушаюць правілы бяспекі. Давайце дапаможам героям казак. Вам трэба здагадацца, што за казка і якое правіла бяспекі парушыў герой:
1) У гэтай казцы іх з’елі, таму што яны адчынілі дзверы ваўку. (“Воўк і сем казлянят”. Нельга адчыняць дзверы, калі дарослых няма дома.)
2) Гераіня гэтай казкі трапіла ў бяду, таму што гуляла адна ў лесе і расказала ваўку, дзе жыве бабуля. (“Чырвоны Капялюш”. Нельга размаўляць з незнаёмцамі і расказваць, дзе жыве бабуля.)
3) Яго ўкрала ліса, таму што ён размаўляў з незнаёмкай, а ратаваў яго кот. (“Кот, ліса і певень”. Нельга размаўляць з незнаемымі.)
Малайцы, дзякуючы вам жыхары горада Казкі цяпер у бяспецы. Цяпер нам засталося сказаць чароўныя словы і назаўсёды выгнаць злую вядзьмарку Бязладзіцу!
Бязладзіца сыходзь! Бяспеку нам вяртай!
Вось мы з вамі і перамаглі Бязладзіцу. Надышоў час вяртацца ў дзіцячы сад, а вернемся мы туды з дапамогай чараўніцтва.
Ножкамі мы топнем,
У далоні хлопнем
Пакружымся, павернемся
Заплюшчым вочкі, скажам “Пака!
У дзіцячы сад нам вяртацца пара!”
Вось мы і вярнуліся ў дзіцячы сад! Скажыце, каму мы сёння дапамагалі? Якія правілы бяспекі вы запомнілі? У якім горадзе вам найбольш спадабалася?
Малайцы, дзеці! Вы былі ўважлівымі, смелымі і дружнымі і таму справіліся з усімі заданнямі!