Яніна ГРОДЗЬ,
настаўнік-дэфектолаг
ДУА “Навучальна-педагагічны комплекс
Варонскі дзіцячы сад – пачатковая школа”
Астравецкага раёна,
Гродзенская вобласць
Адной з галоўных задач выхавання і навучання дзяцей дашкольнага ўзросту з’яўляецца развіццё маўлення, маўленчых зносін. Для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення характэрны позняе моўнае развіццё, абмежаванасць як пасіўнага, так і актыўнага слоўнікаў, адсутнасць фразавага маўлення, несфарміраванасць звязнага маўлення, і як яго кампанента – маналагічнага маўлення. Таму адной з галоўных задач развіцця звязнага маўлення з’яўляецца ўдакладненне маналагічнага маўлення.
Гэту задачу я вырашаю праз розныя віды моўнай дзейнасці: пераказ тэкстаў, састаўленне апавяданняў-апісанняў аб прадметах, аб’ектах, з’явах прыроды, стварэнне розных відаў творчых апавяданняў, састаўленне апавяданняў па сюжэтнай карціне, завучванне вершаў, загадак, чыстагаворак, скорагаворак.
Выкарыстання адных традыцыйных метадаў работы з гэтай катэгорыяй дзяцей недастаткова, таму я паспрабавала прымяніць у сваёй рабоце прыёмы і метады мнематэхнікі.
Методыка мнематэхнікі – нескладаны прыём для развіцця маўлення, будуецца ад простага да складанага, рэалізуецца пры дапамозе выкарыстання мнемаквадратаў з паслядоўным пераходам да мнемадарожак, а затым да мнематабліц.
Нагадаю, што мнемаквадрат – гэта адзіночная выява, якая азначае адно слова, словазлучэнне ці просты сказ. Мнемаквадраты павінны быць каляровымі, бо ў памяці малодшых дашкольнікаў хутчэй застаюцца асобныя вобразы. Для дзяцей старшага дашкольнага ўзросту прапаную схемы аднаго колеру. Мнемадарожка – шэраг малюнкаў (3–5), па якіх можна саставіць невялікае апавяданне з двух – чатырох сказаў. Работа з мнемадарожкамі стымулюе развіццё асноўных псіхічных працэсаў: памяці, увагі, мыслення.
Мнематабліца – гэта схема, у якую закладзена пэўная інфармацыя. Схемы з’яўляюцца зрокавым планам для стварэння маналогаў, дапамагаюць дзецям будаваць паслядоўнае апавяданне.
Я выкарыстоўваю мнематбліцы з мэтай:
– навучання састаўленню апавяданняў;
– пры пераказах літаратурных твораў;
– пры прагаворванні скорагаворак і чыстагаворак;
– пры загадванні і адгадванні загадак;
– пры завучванні вершаў.
Работу па мнематабліцах праводжу ў тры этапы:
Першы этап – разгляданне табліцы і разбор таго, што на ёй адлюстравана.
Другі этап – перакадзіраванне інфармацыі, перавод з абстрактных сімвалаў у вобразы.
Трэці этап – пераказ твора, састаўленне апавядання па тэме, чытанне верша з апорай на сімвалы.
Мнематабліцы дазваляюць паскорыць працэс аўтаматызацыі і дыферэнцыяцыі пастаўленых гукаў. Асноўную ўвагу дзеці канцэнтруюць на правільным вымаўленні цяжкіх для іх гукаў, што аблягчае запамінанне і наступнае аднаўленне цэласнага вобраза ў рыфмаванай фразе.
Выкарыстоўваю мнематабліцы пры адгадванні загадак. Дзеці вучацца па прыметах, апісаных з дапамогай знакаў, вызначыць аб’ект.
Веданне вершаў узбагачае слоўнік дзяцей, фарміруе навыкі правільнага вымаўлення слоў і асобных фраз. Для запамінання верша неабходна прадставіць яго ў выглядзе мнематабліцы, дзе кожная ячэйка – гэта адно слова або цэлая фраза з верша. На кожнае слова ці невялікае словазлучэнне прыдумваецца малюнак (выява); такім чынам, увесь верш замалёўваецца схематычна. Пасля гэтага дзеці па памяці, выкарыстоўваючы графічную выяву, аднаўляюць верш цалкам. Спачатку я выразна чытаю верш, праводжу гутарку па яго змесце, чытаю асобна кожны радок верша з апорай на мнематабліцу. Затым паўторна чытаю верш і прапаную дзецям аднавіць яго.
Скорагаворкі – эфектыўны сродак у выпрацоўцы правільнага гукавымаўлення. У сваёй рабоце я выкарыстоўваю скорагаворкі Я.А.Кадалбенка. Кожнае слова мае адзін свой сімвал, і ў кожнай скорагаворцы, дзе сустракаецца гэта слова, выглядае менавіта так.
Акрамя таго, выкарыстоўваю чыстагаворкі, якія дапамагаюць выпрацаваць гукавымаўленне, развіваюць сілу голасу, тэмп маўлення, моўнае дыханне.
Самым простым відам звязнага маўлення лічыцца пераказ. Пры пераказе ўдакладняецца вымаўленне, пабудова асобных сказаў і тэксту цалкам. Авалоданне пераказам садзейнічае фарміраванню навыкаў самастойнага выказвання, развіццю ўспрымання, памяці, увагі, узбагачае слоўнікавы запас.
На пачатковым этапе работы выкарыстоўваю невялікія тэксты, у далейшым іх аб’ём павялічваецца ў адпаведнасці з моўнымі магчымасцямі навучэнцаў.
Работа над тэкстам з выкарыстаннем мнематабліцы праходзіць па наступным алгарытме:
– чытанне тэксту і дэманстрацыя малюнкаў;
– адказы на пытанні па змесце;
– дэманстрацыя і разбор кожнай ячэйкі мнематабліцы;
– паўторнае чытанне тэксту з апорай на мнематабліцу;
– калектыўны пераказ;
– самастойны пераказ.
Пры пераказе з дапамогай мнематабліц, калі дзеці бачаць усіх персанажаў, то сваю ўвагу яны канцэнтруюць на правільнай пабудове сказаў, на аднаўленні ў сваім маўленні неабходных выразаў.
У дзяцей з агульным недаразвіццём мовы ўзнікаюць цяжкасці пры састаўленні апавяданняў-апісанняў прадметаў. Для вырашэння гэтай праблемы таксама выкарыстоўваю мнематабліцы. Яны дапамагаюць дзецям самастойна вызначыць галоўныя ўласцівасці і прыметы разглядаемага прадмета, устанавіць паслядоўнасць выказвання выяўленых прымет; узбагачаюць слоўнікавы запас. Элементамі мадэлі апісальнага апавядання становяцца сімвалы-замяшчальнікі якасных характарыстык аб’екта: велічыня, форма, колер, састаўныя дэталі, якасць паверхні, матэрыял, з якога выраблены аб’ект (для нежывых прадметаў), як ён выкарыстоўваецца (якую карысць прыносіць).
Выкарыстанне прыёмаў мнематэхнікі дазваляе дасягнуць добрых вынікаў карэкцыйнай работы па фарміраванні ў дзяцей з агульным недаразвіццём мовы навыку састаўлення звязных разгорнутых выказванняў.
Такім чынам, мнематэхніка – тэхналогія, якая аблягчае запамінанне, развівае асацыятыўнае мысленне і ўяўленне, павялічвае аб’ём памяці, уважлівасць, узбагачае слоўнікавы запас і дапамагае фарміраванню звязнага маўлення.