Наглядны дапаможнік “Моўны куфэрак” садзейнічае развіццю беларускага маўлення і маўленчых зносін дзяцей дашкольнага ўзросту.
Наталія ЖУЛІНСКАЯ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ДУА “Дзіцячы сад № 12 г. Навагрудка”,
Гродзенская вобласць
Маўленчае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту адбываецца ў спецыфічнай сацыялінгвістычнай сітуацыі руска-беларускага блізкароднаснага двухмоўя. Для большасці дзяцей першай мовай, на якой яны вучацца гаварыць і думаць, мець зносіны з навакольнымі, з’яўляецца руская мова, а беларуская выступае для іх як другая.
У сувязі з гэтым сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаёмства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуццё грамадскасці, любоў да Радзімы.
Выхавальнікі павінны імкнуцца да таго, каб маўленне дашкольнікаў вызначалася не толькі сваёй правільнасцю, але і выразнасцю. Пачынаючы работу па навучанні выхаванцаў беларускай мове, нам, педагогам, неабходна перш за ўсё самім добра валодаць роднай мовай.
Гульнявая форма паднясення матэрыялу найбольш адпавядае псіхалагічным магчымасцям дзяцей дашкольнага ўзросту. Менавіта таму я вырабіла “Моўны куфэрак”. Гэта інтэрактыўны куфэрак, зручны, інфарматыўны, адпавядае ўзроставым патрабаванням і патрабаванням вучэбнай праграмы, а таксама падабаецца дзецям.
“Моўны куфэрак” – інтэрактыўны дапаможнік, у якім сабраны матэрыял, накіраваны менавіта на маўленчае развіццё выхаванцаў, пачынаючы з сярэдняй групы. Дыдактычны матэрыял накіраваны на папаўненне і актывізацыю слоўніка, фарміраванне правільнага гукавымаўлення, удасканаленне граматычнага ладу мовы, развіццё звязнай мовы.
“Моўны куфэрак” можа выкарыстоўвацца як у індывідуальнай працы, так і ў працы з невялікай падгрупай дзяцей. Практыкаванні, якія прадстаўлены дзецям у выглядзе гульняў, не стамляюць іх, не выклікаюць негатыўных рэакцый і адмовы ад выканання ў выпадку няўдачы.
У “Моўным куфэрку” знаходзіцца многа міні-кейсаў пэўнай тэматыкі.
– “Мая сям’я”;
– “Поры года”;
– “Дзіцячы сад”;
– “Прафесіі”;
– “Мой дом”;
– “Мы дзяжурым”;
– “Распарадак дня”;
– “Родны горад”;
– “Назаві, што бачыш”.
Кожны міні-кейс – гэта гульня, якая знаходзіцца ў асобным канверце. Напаўняльнасць і тэматыку перыядычна папаўняю або мяняю.
Першапачаткова пачынаю выкарыстоўваць кейс “Назаві, што бачыш”, дзе галоўная задача – навучыць дзяцей правільна называць словы на беларускай мове.
Мэта другіх кейсаў: фарміраваць уменні складаць апісальныя апавяданні, дакладна і правільна падбіраць словы, якія характарызуюць асаблівасці прадметаў і аб’ектаў. Пасля выбару кейса выхаванцам прапануецца скласці апавяданне – апісанне на пэўную тэматыку з дапамогай ілюстрацый, якія ляжаць у канверце. Напрыклад: узяўшы міні-кейс “Распарадак дня”, патрэбна знайсці правільную паслядоўнасць і раскласці карцінкі па парадку. У гульні могуць прымаць удзел як адно дзіця, так і падгрупа. Карцінкі раскладваюцца на стале перад кожным выхаванцам. Дзецям неабходна разгледзець карцінкі і расказаць, што на іх намалявана. Далей вядучы прапануе раскласці карцінкі ў патрэбным парадку, што было спачатку, што потым. Дзеці павінны выкласці карткі, тлумачачы свой выбар. І так можна гуляць з кожным міні-кейсам. Розная тэматыка міні-кейсаў дапамагае папоўніць слоўнікавы запас беларускімі словамі, развівае звязнае маўленне, выхоўвае цікавасць да беларускай мовы і жаданне на ёй размаўляць.