×

Падарожжа ў краіну добрага здароўя

02.02.2019 11:22,

Педагогі нашай установы ўдзяляюць вялікую ўвагу захаванню і ўмацаванню дзіцячага здароўя, стварэнню ўмоў для паўнацэннага фізічнага і псіхічнага развіцця выхаванцаў. Разам з самастойнай рухальнай актыўнасцю і фізкультурна-аздараўленчай работай асаблівае месца адводзіцца актыўнаму адпачынку.

Надзвычай цікава прайшоў у яслях-садзе дзень здароўя “Падарожжа ў краіну добрага здароўя”. Пачаўся ён з тэматычнай ранішняй гімнастыкі. На працягу дня ва ўсіх групах прайшлі гутаркі “Я і маё здароўе” і “Будзь здаровы”. Дзеці паглядзелі мультфільм “Мыйдадзір”.


Малодшыя дашкольнікі прынялі ўдзел у забаўляльным мерапрыемстве “Гульні са Снегавічком”. Вясёлы і гарэзлівы Снегавік размаўляў з дзецьмі пра здароўе і правільнае харчаванне, даведаўся, у якія гульні яны гуляюць дома і зімой. Малышы адгадвалі зімовыя загадкі, выконвалі дынамічныя дыхальныя практыкаванні, гулялі ў гульні “Збяры сняжок” і “Пападзі ў Снегавіка”, “Снежная фігура”, “Смешны Снегавік”, “Дражнілка”, “Перадай рукавічку”, “Танцуй, як я”.

Для дзяцей старшых і сярэдніх груп былі арганізаваны мерапрыемствы “Вясёлыя эстафеты” і “Зімовыя забавы”.

Галоўным героем падарожжа ў краіну добрага здароўя стаў Снегавік. Дзеці адгадвалі яго загадкі, гутарылі пра здаровы лад жыцця, гігіену, распарадак дня, правілы бяспекі пры катанні на лёдзе, лыжах, санках і цюбінгах. Снегавік правёў з дашкольнікамі вясёлую размінку, пасля чаго хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у розных эстафетах і гульнях.

Мерапрыемствы, праведзеныя ў дзень здароўя, далучылі дзяцей да здаровага і актыўнага ладу жыцця, навучылі пэўным фізічным практыкаванням і гульням, пашырылі ўяўленні пра карысныя прадукты харчавання і правілы бяспекі жыццядзейнасці, падарылі радасны і вясёлы настрой.


Яўгенія БАБКО,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 4 Ганцавіч.