×

Цяпло “Сямейнага ачага”

12.02.2019 15:53,

Сёння на Маларытчыне пражываюць 7 прыёмных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 17 дзяцей і дзейнічаюць 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, дзе знайшлі маму і тату 14 непаўналетніх.

Здараецца, што перад бацькамі час ад часу паўстаюць пытанні па выхаванні дзяцей і наладжванні з імі ўзаемаадносін. Нават нягледзячы на вялікі жыццёвы досвед, даволі часта ўзнікаюць сітуацыі, калі цяжка, а часам і немагчыма знайсці адзіна правільнае выйсце. Тады на дапамогу прыходзяць спецыялісты Маларыцкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Яны выкарыстоўваюць розныя метады, прыёмы і сродкі. Даволі эфектыўныя — пасяджэнні клуба прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг”, адно з якіх нядаўна прайшло ў нядзельнай школе пры храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Маларыце.

Такія сустрэчы, на думку ўдзельнікаў, дапамагаюць павысіць выхаваўчы патэнцыял сем’яў, згуртаваць прыёмных бацькоў, пашырыць іх веды па выхаваўчых пытаннях, развіць педагагічную кампетэнтнасць.

Чарговае пасяджэнне клуба праходзіла, як заўсёды, у нефармальнай атмасферы з удзелам протаіерэя Віктара Паляцілы, благачыннага цэркваў Маларыцкай акругі, кандыдата багаслоўскіх навук. Падчас шчырай і зацікаўленай размовы абмяркоўвалася актуальнае пытанне, звязанае з роляй бацькоў у вучобе дзяцей.

Удзельнікі пасяджэння даведаліся шмат цікавага і карыснага, атрымалі станоўчыя эмоцыі, зарад бадзёрасці і добрага настрою. За кубкам чаю ўсе адчулі сябе дружнай сям’ёй аднадумцаў. Напрыканцы сустрэчы айцец Віктар Паляціла адказаў на пытанні бацькоў.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.