×

А ў нашай школе свята!

15.02.2019 10:23,

“Сёння ў нашай хаце свята, калі ласка, у нашу хату. Гэй, рады спаткаць, гуляць дык гуляць!” — гэтымі словамі ў нашай школе пачаўся тыдзень беларускай мовы і літаратуры, успаміны пра які выклікаюць цёплыя пачуцці. І дзеці, і дарослыя атрымалі шмат станоўчых эмоцый. З вялікім задавальненнем, натхненнем і шчырай зацікаўленасцю вучні, бацькі, настаўнікі і госці ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах прадметнага тыдня.

А пачаўся тыдзень так. На ўваходзе ў школу вучні, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, віталі па-беларуску настаўнікаў, сяброў і бацькоў. Кожны змог адчуць смак роднага слова ў прыказках, загадках і вершах. Вучні атрымлівалі памяткі “Размаўляй са мной па-беларуску”.

А якое ж свята без конкурсаў, песняў ды танцаў! Музычны калейдаскоп захапіў так, што песні, у тым ліку ў форме караоке, спявалі на кожным перапынку. Каля кожнага кабінета беларускай мовы і літаратуры была аформлена пляцоўка для конкурсаў і гульняў. На першым паверсе ў стылізаванай пад даўніну беларускай хаце паставілі драўляны стол, дзежку,  прасніцы, вязальныя пруткі, гарлачыкі, глякі… Усю прастору ўпрыгожылі беларускімі ручнікамі. Атрымалася ўтульная фотазона, дзе кожны мог сфатаграфавацца на памяць, азнаёміцца з выстаўкай посуду і прадметаў побыту мінулых часоў.

Выстаўка “Беларускія пачастункі” па даўняй традыцыі сустракала гасцей хлебам-соллю. Чаго толькі не было на сталах! Пералічыць усе прысмакі немагчыма! Вучням і дарослым давялося добра папрацаваць, каб успомніць назвы беларускіх страў, падзяліцца цікавымі рэцэптамі на беларускай мове. Усе прысутныя пакаштавалі смачныя сямейныя вырабы.

У рамках шостага школьнага дня прайшоў конкурс “Міс Беларусачка”. Кожная ўдзельніца паказала сябе ва ўсёй прыгажосці. А як спеўна гучала роднае слова! 

На фестываль юных талентаў завіталі дарагія госці — ансамбль “Гаспадыня” з ліку прадстаўнікоў інстытута трэцяга пакалення пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста. Свята захапіла ўсіх! Тры пакаленні аб’ядналіся для таго, каб роднае слова  гучала, каб дзеці далучыліся да мілагучнай мовы і гісторыі малой радзімы, каб кожны шанаваў і захоўваў спадчыну беларускага народа. А слова заўжды будзе гучаць, бо дзеля гэтага мы і жывём.

Шаноўныя сябры, захоўвайце спадчыну і беражыце традыцыі беларускага народа!

Наталля ТКАЧЫК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 24 Брэста.