×

Абмеркавалі праблемы, падзяліліся вопытам

14.03.2019 17:30,

Праблема пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі — адна з актуальных у развіцці сучаснай школы. Забеспячэнне бесперапыннасці адукацыі дзяцей з улікам іх індывідуальных асаблівасцей, патрэб сям’і і грамадства — абавязковая ўмова якаснага навучання і выхавання. Абмеркаванню гэтай праблемы быў прысвечаны абласны навукова-метадычны семінар выхавальнікаў дашкольных устаноў і настаўнікаў пачатковых класаў “Псіхолага-педагагічныя асаблівасці пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі”, які прайшоў на базе Брэсцкага абласнога ІРА. Арганізатарам выступіў БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Дацэнт кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат псіхалагічных навук К.М.Сіда адзначыла, што важную ролю ў забеспячэнні пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі адыгрываюць належныя медыка-біялагічныя і псіхолага-педагагічныя ўмовы, якія дапамагаюць авалодваць пэўнымі ведамі і ўменнямі, нормамі і правіламі паводзін у грамадстве. Задача выхавальнікаў — падрыхтаваць малышоў да школы і паспяховай адаптацыі. Важная псіхалагічная ўмова пераемнасці — правільная арганізацыя вучэбнай дзейнасці, якая павінна спалучацца з гульнёй, працай, грамадска карыснымі справамі.

Настаўніца пачатковых класаў Пучынскай базавай школы Пінскага раёна З.Р.Кавалевіч гаварыла пра неабходнасць рознабаковага развіцця і самаразвіцця асобы дзіцяці, фарміравання маральных прынцыпаў, набыцця сацыяльнага вопыту, захавання здароўя, псіхалагічнай гатоўнасці да навучання ў школе. Поспехі залежаць ад узроўню развіцця пазнавальных інтарэсаў і пазнавальнай актыўнасці. 

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі Ганцавіч С.І.Грыбоўская заўважыла, што сёння павысілася цікавасць бацькоў да якасці падрыхтоўкі дзяцей да школы. Педагог вылучыла шэраг праблем, звязаных з паспяховай пераемнасцю. Сярод іх — пэўны разрыў паміж канчатковымі мэтамі і патрабаваннямі навучання і размеркаваннем вучэбнага матэрыялу па ступенях, у выніку чаго назіраецца неадпаведнасць у змесце і формах арганізацыі адукацыйнага працэсу. Не менш актуальнай застаецца і праблема каардынацыі дзейнасці дашкольных устаноў і школ ва ўзаемадзеянні з сем’ямі па падрыхтоўцы дзяцей да навучання. Розны культурна-адукацыйны ўзровень бацькоў стварае цяжкасці ва ўзгадненні агульнай праграмы супрацоўніцтва.

Выхавальніца ясляў-сада № 10 Лунінца С.А.Жук адзначыла, што эфектыўнасць пераемнасці адукацыйнага працэсу залежыць ад умелай арганізацыі сумеснай дзейнасці. Адзін з важных аспектаў пераемнасці — узаемасувязь гульнявой і вучэбнай дзейнасці. У старшым дашкольным узросце павінны пераважаць гульні з правіламі і дыдактычныя гульні, дзе мадэлююцца сітуацыі і дзеянні, набліжаныя да будучай вучэбнай дзейнасці. Выконваючы пэўныя правілы, дзеці рэгулююць уласныя паводзіны, авалодваюць камунікатыўнымі навыкамі, вучацца ўзгадняць свае дзеянні з дзеяннямі іншых.

Настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 5 Брэста Ю.К.Ушакова падзялілася вопытам арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўзаемасувязі гульнявой і вучэбнай дзейнасці. Педагог праводзіць урокі ў форме гульняў-падарожжаў, гульняў-спектакляў, гульняў-экскурсій, спартыўных гульняў, віктарын і алімпіяд. Гэта дазваляе не толькі зрабіць заняткі цікавымі і даступнымі, але і актывізаваць вучэбную дзейнасць. У госці да дзяцей прыходзяць казачныя персанажы Бураціна, Нязнайка, Чабурашка, Айбаліт і іншыя, просяць дапамагчы выканаць пэўныя заданні ці прыносяць заданні: загадкі, рэбусы, крыжаванкі, матэматычныя прыклады і г. д.     

Цікавымі напрацоўкамі падзяліліся выхавальніца ясляў-сада № 20 Брэста С.І.Алейнікава і настаўніца пачатковых класаў Тухавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна Н.В.Шаўчук. Так, выхаванцы ясляў-сада № 20 наведваюць святочную лінейку “Дзень ведаў” у школе, займаюцца ў “суботняй школе”, знаёмяцца са школьнай бібліятэкай, удзельнічаюць у сумесных выстаўках, акцыях, спартландыях, конкурсах і святах. Падчас тэматычнага тыдня “Школа” дзеці пашыраюць уяўленні пра школу, школьныя прылады і вучнёўскія абавязкі. Першакласнікі праводзяць са старшымі дашкольнікамі інтэрв’ю “Ці хачу я ў школу?”.

Педагогі Тухавіцкай сярэдняй школы арганізоўваюць для дашкольнікаў экскурсіі па ўстанове, знаёмяць з настаўнікамі і вучнямі пачатковых класаў, ладзяць сумесныя гульнявыя праграмы і тэатралізаваныя паказы. Эфектыўнымі аказваюцца ўзаеманаведванні заняткаў у дзіцячым садзе і школе, кансультацыі для бацькоў, сустрэчы з настаўнікамі, дні адкрытых дзвярэй.    

Па выніках семінара былі выпрацаваны рэкамендацыі па рэалізацыі пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі.

Кацярына СІДА,
дацэнт кафедры сацыяльнай работы сацыяльна-педагагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна,
кандыдат псіхалагічных навук.