×

Аб’яднаныя творчасцю

26.11.2019 14:21,

У традыцыйным уяўленні ўрок — гэта настаўнік ля дошкі з крэйдай і ўказкай у руках і вучні за партамі, якія ўважліва і маўкліва слухаюць яго. Такі стэрэатып лёгка ламаецца, калі трапляеш на заняткі ў Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Тут навучэнцам дазваляецца пашумець, гучна пасмяяцца, паскакаць, пахадзіць па кабінеце…

— У нас пануе працоўны (творчы) шум, які не перашкаджае заняткам, — гаворыць дырэктар цэнтра Ала Шабогіна. — Пагадзіцеся: не можа быць ідэальнай цішыні на занятках аб’яднанняў па інтарэсах, звязаных з эстраднымі танцамі, фальклорнай і тэатральнай творчасцю, харэаграфіяй, харавымі спевамі, інтэлектуальнымі гульнямі… А вось заняткі аб’яднанняў па інтарэсах “Шахматы”, “Робататэхніка”, “Журналістыка”, “Захапляючае маляванне” і “Саломапляценне” патрабуюць ужо цішыні і засяроджанасці.

Сюды прыходзяць па ўласным жаданні. Каб дзецям было цікава, утульна і камфортна ў цэнтры, які сёння наведвае больш за 1,1 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў, педагогі ствараюць адпаведныя ўмовы, выкарыстоўва­юць розныя метады, прыёмы і сродкі. Галоўная задача ўстановы заключаецца ў фарміраванні важных грамадзянскіх і лідарскіх якасцей у выхаванцаў, развіцці іх творчых здольнасцей, падтрымцы маладзёжных ініцыятыў.

96 аб’яднанняў па інтарэсах рыхтуюць дзяцей да дарослага жыцця, папулярызуюць сучасныя прафесіі, дазваляюць на практыцы авалодаць першапачатковымі прафесійнымі навыкамі. 

Што можна прапанаваць падлеткам? Чым зацікавіць, каб іх вольны час не ператварыўся ў пошукі сумніўных прыгод? Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прапаноўвае навучэнцам 8 асноўных профіляў: мастацкі, эколага­біялагічны, тэхнічны, культурна­адпачынкавы, прыродазнаўча­матэматычны, грамадазнаўча­гуманітарны, сацыяльна­педагагічны і фізкультурна­спартыўны.

З дзецьмі займаецца 51 педагог, кожны з якіх з’яўляецца прафесіяналам, яркай, творчай, ініцыятыўнай асобай. Гэта тычыцца і Ніны Алесіюк, былога дырэктара, пад кіраўніцтвам якога педагагічны калектыў на працягу доўгага часу плённа працаваў.

Таццяна Лапцева прыйшла ў Маларыцкі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў 2005 го­дзе. З 2011 года з’яўляецца намеснікам дырэктара. Вя­дзе аб’яднанні па інтарэсах дэкаратыўна­прыкладной творчасці, якія наведваюць дзеці ва ўзросце ад 5 да 10 гадоў.

Зоя Ляшчынская шмат увагі ўдзяляе прапагандзе беларускіх гульняў і нацыянальнай культуры. Педагог добра малюе, валодае афарміцельскім дызайнам, разам з дзецьмі вырабляе рэквізіт і дэкарацыі, шые касцюмы да спектакляў.

Ужо 23 гады Валянціна Самуйлік узначальвае тэатральны калектыў “Каламбур”, які 7 разоў пацвярджаў званне ўзорнага.

 Алена Бут­Гусаім вылучаецца невычэрпнай цікавасцю і любоўю да роднай прыроды, неўтаймоўнай творчасцю, нястомнай самаадукацыяй. Сваім майстэрствам ахвотна дзеліцца з дзецьмі, далучаючы іх да свету мастацтва і прыгажосці.

Людміла Амелянчук працуе ў цэнтры 34 гады. Вядзе аб’яднанні па інтарэсах пачатковага тэхнічнага мадэлявання, дзе хлопчыкі з вялікім задавальненнем мадэлююць і канструююць самалёты, караблі, сельскагаспадарчую тэхніку.

Столькі ж шчыруе ва ўстанове і Лілія Лазіцкая. На працягу многіх гадоў яна працавала намеснікам дырэктара і вяла аб’яднанні па інтарэсах “Вязанне прутком” і “Рукадзелле”. 

Сярод доўгажыхароў цэнтра і Таццяна Клачан, кіраўнік аб’яднанняў па інтарэсах “Школа бяспекі” і “Свет лялек”. Выхаванцы педагога — пастаянныя ўдзельнікі розных акцый па правілах пажарнай бяспекі.

Ірына Штунь, Юлія Ляшук і Клаўдзія Буян зусім нядаўна прыйшлі ў педкалектыў, але ўжо заваявалі павагу і аўтарытэт сярод калег і дзяцей, за­рэкамендавалі сябе адказнымі і ініцыятыўнымі педагогамі.

У невялікім дружным калектыве Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пануе атмасфера добразычлівасці, узаемадапамогі, шчырасці і спагады. Калектыў аднадумцаў аб’яднаны жаданнем ісці наперад, дасягаючы новых вышынь у творчасці.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна­-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.