×

Ад урока-даследавання да даследчага праекта

03.09.2019 15:09,

У адрозненне ад даследчай дзейнасці, не абмежаванай часавымі рамкамі і не маючай вядомага выніку, урок-даследаванне абмежаваны 45 хвілінамі. Вучні пад кіраўніцтвам настаўніка вырашаюць даследчую задачу, рашэнне якой у большасці выпадкаў вядома, але не ім. Прадмет даследавання на ўроку, як правіла, даволі вузкі, каб дзеці маглі правесці яго да канца заняткаў.

Не кожны ўрок можна зрабіць урокам-даследаваннем. Для яго правядзення неабходна большая тэарэтычная падрыхтоўка, чым на звычайных занятках. Існуе шмат варыянтаў арганізацыі такой дзейнасці. Так, замест разбору твора ў цэлым можна прааналізаваць выяўленча-выразныя сродкі, мастацкія дэталі, вобразы-персанажы, пейзаж, час і прастору твора, сімволіку колеру і лічбаў, дзякуючы чаму вучні самі даволі хутка могуць вызначыць ідэю твора, яго праблематыку і мастацкую асаблівасць. 

Работу над творам можна пабудаваць цікава і эфектыўна праз аналіз колеравых эпітэтаў. Мэтазгодна падвесці вучняў да тэмы заняткаў з дапамогай пытання “Якія тэмы можна раскрыць, дзякуючы эпітэтам колеру: зялёны, сіні, чырвоны, жоўты?”. Як правіла, дзеці называюць шырокае кола тэм і лічаць, што адзін і той жа колер можа выкарыстоўвацца для раскрыцця тэмы вайны і кахання (чырвоны), прыроды і патрыятызму (зялёны), вернасці і смерці (белы).

Звычайна вучні разважаюць над пытаннем, як на старонках літаратурнага твора з’яўляюцца колеравыя эпітэты, выпадковыя яны ці наўмысныя. Дзеці прыходзяць да высновы, што пісьменнікі не могуць выкарыстоўваць колерапіс для апісання ўсяго без выключэння. Колеравыя эпітэты — вынік інтуітыўнага мастацкага адбору, пісьменніцкага ўяўлення, аўтарскага ўмення аднавіць цэласную колеравую карціну спачатку ў галаве, а потым у тэксце.

Колеравыя эпітэты выконваюць у мастацкай літаратуры сэнсавую (ружовы колер твару — прыкмета добрага здароўя персанажа, рыжаватасць ботаў — сведчанне іх паношанасці, колер асігнацыі паказвае яе намінал), апісальную (каб апісанне стала зрокавым і запамінальным) і эмацыянальную (каб уз­дзейнічаць на пачуцці чытачоў) функцыі. Так, паколькі раман Л.Талстога “Вайна і мір” даволі аб’ёмны і дзецям даволі цяжка разабрацца ў ваенных па­дзеях пачатку XIX стагоддзя, я выкарыстоўвала сцэны Шанграбенскага, Аўстэрліцкага і Барадзінскага баёў праз эпітэты колеру і святла. Задача вучняў — знай­сці адрозненні ў колеравай характарыстыцы 3 батальных сцэн: выпісаць колеравыя эпітэты па парадку, ранжыраваць іх, прааналізаваць, сістэматызаваць вынікі, праілюстраваць. Работу выконвалі 3 групы школьнікаў. Перавагі такога задання: невялікі аб’ём моўнага матэрыялу; адназначна выканальная задача; заданне цікавае, арыгінальнае і канкрэтнае. Прыярытэтная дзейнасць вучняў — самастойная работа.

Прадстаўнікі кожнай групы абаранялі свае праекты. У цэлым раман аказаўся чорна-белым, акрамя батальных сцэн, якія ўражвалі шматколернасцю. Галоўны колер Шанграбенскага бою — дымны, шэры, але назіраецца градацыя адценняў чырвонага колеру, што сімвалізуе напружанне духоўных і фізічных сіл чалавека ў дынаміцы. Паступова павялічваецца колькасць параненых і забітых, з-за чаго ўзмацняюцца адценні чырвонага колеру. І гэта нядзіўна, бо вайна — пакуты і смерць. Калі супаставіць колеравую характарыстыку Шанграбенскага і Аўстэрліцкага баёў, то істотнай розніцы не заўважым. Зусім іншая справа з Барадзінскім, які праходзіў на роднай зямлі. Перад боем Барадзінскае поле асветлена ранішнімі промнямі. Аўтар згадвае колер каштоўнага жоўта-зялёнага каменя, залатыя палі і пералескі. Але пераважаюць, безумоўна, дымны, чырвоны, белы колеры з рознымі адценнямі. Магчыма, ужыванне слоў “яркі” і “светлы” дапамагае зразумець, што Барадзінскі бой не проста вырашальная падзея ў Айчыннай вайне 1812 года, але і бітва за родную зямлю. Гэтымі словамі падкрэсліваецца мужнасць і гераізм рускіх салдат. Але паколькі любы бой нясе смерц­ь і разбурэнні, яркія адценні паступова саступаюць месца змрочным. Назіраецца дэградацыя колеру. Пісьменнік, выкарыстоўваючы колеравую гаму, супрацьпастаўляе рускае войска французскаму, жыццё і смерць.

Даследаванне колеравай сімволікі ў рамане атрымала лагічны працяг у пазакласнай рабоце. Ідэя ўрока легла ў аснову даследчага праекта “Функцыя святла і колеру ў творах пра вайну (на прыкладзе рамана Л.Талстога “Вайна і мір”, рамана М.Булгакава “Белая гвардыя” і аповесці Б.Сачанкі “Апошнія і першыя”)”. Так, дамінуючымі колерамі ў апісанні дома Турбіных і яго жыхароў з булгакаўскага рамана з’яўляюцца белы, залаты і чырвоны. Колеравыя эпітэты пагружаюць чытачоў у свет, дзе ў ідэале павінны панаваць чысціня і любоў. Усім словам са значэннем колеру ў гэтай част­цы твора ўласціва станоўчая афарбоўка. Але маляўнічыя адценні пад уплывам ваенных падзей размываюцца, распадаюцца, цьмянеюць, адміраюць і адпадаюць. Ім на змену прыходзіць чырвоны, шэры, чорны і белы колер у розным спалучэнні, выступаючы колерамі-разбуральнікамі з негатыўным значэннем. Талстоўская традыцыя ў выкарыстанні прыёму градацыі адценняў чырвонага колеру паўтараецца і ў М.Булгакава.

У аповесці Б.Сачанкі “Апошнія і першыя” няма дамінуючых фарбаў. Колеры толькі змяняюць адно аднаго. Па меры развіцця сюжэту яркія і вясёлыя тоны змываюць чорныя і чырвоныя. Па чаргаванні эпітэтаў колеру можна налічыць 14 спроб хлопчыка вярнуцца да нармальнага душэўнага стану пасля ўбачанай спаленай вёскі. Як ні траўміравана дзіцячая душа, яна міжволі становіцца часткай прыроды, якая прагне абнаўлення і працягу жыцця.  Чаргаванне колераў на працягу аповесці сведчыць, што дзіця паступова ачуньвае пасля непапраўнай страты, яго псіхіка адаптуецца да падзей, адмоўныя эмоцыі замяняюцца станоўчымі, хаця і не выцясняюць іх цалкам. Боль страты застаецца з хлопчыкам назаўсёды.

Урокі-даследаванні цікавыя, карысныя і творчыя. Іх сістэмнае выкарыстанне дазваляе вывесці вучняў на якасна новы ўзровень навучання і будаваць работу па стварэнні маштабных даследчых праектаў.

Іна ДРОБЫШАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Іванава.