×

Ад “Зялёнага квартала” — да зялёнай планеты

26.11.2019 14:17,

Пяць гадоў у сярэдняй школе № 3 Івацэвіч дзейнічае школьнае лясніцтва “Зялёны квартал”, якое стваралася з мэтай выхавання любові і беражлівых адносін да прыроды роднага краю. На рахунку юных лесаводаў шмат цікавых і карысных спраў.

— Школьнае лясніцтва — адна з эфектыўных форм пазакласнай работы, якая актывізуе творчы патэнцыял вучняў, павышае іх матывацыю да працоўнай, практычнай і пазнавальнай дзейнасці, — расказвае кіраўнік школьнага лясніцтва настаўніца біялогіі Кацярына Мікалаеўна Турчына. — Дзейнасць школьнага лясніцтва, ля вытокаў якога стаяла мая калега Тамара Рыгораўна Пясецкая, адыгрывае важную ролю не толькі ў экалагічным выхаванні, але і ў авалоданні тэхналогіямі і навыкамі правя­дзення лесагаспадарчых работ, вывучэнні асноў лясной гаспадаркі. Тэарэтычныя веды, замацаваныя на практыцы, падштурхоўваюць дзяцей да далейшага больш глыбокага вывучэння прыродных рэсурсаў і іх захавання. Пашыраючы веды па біялогіі, экалогіі і іншых прыродазнаўчых навуках, юныя лесаводы атрымліваюць таксама першыя прафесійныя навыкі.

Івацэвіцкі лясгас выдзеліў школьнікам для лесагаспадарчай дзейнасці ўчастак плошчай 23,4   га, падзелены на 5 абходаў. За кожным з іх замацавана група леснікоў. Асноўныя пытанні ў школьным лясніцтве вырашае ляснічы, якога выбіраюць на агульным сходзе. Там жа замацоўваюцца ўчасткі лесакарыстання і зацвярджаюцца планы работы. Самакіраванне дазваляе вучням рэалізаваць асобасныя, у тым ліку лідарскія, якасці, праявіць самастойнасць у арганізацыі працоўнай дзейнасці. Юныя лесаводы маюць форменнае адзенне са знакамі адрознення.

— На занятках, якія праводзяцца пераважна ў кабінеце біялогіі (у тым ліку з удзелам спецыялістаў лясгаса), вучні атрымліваюць веды пра асновы лесаводства і лесанасеннай справы, правілы паводзін у лесе, тыпы лясных пажараў, лясных шкоднікаў і многае іншае, — гаворыць К.М.Турчына. — Падчас выязных заняткаў дзеці вывучаюць відавы склад дрэў і кустоў, пасадачны матэрыял для гадавальнікаў, вызначаюць насякомых­шкоднікаў і хваробы хваёвых і лісцевых парод дрэў. Спецыялісты лясгаснага гадавальніка па вырошчванні насеннага матэрыялу знаёмяць школьнікаў з сушкай, апрацоўкай, ачысткай і захоўваннем насення, пасадкай лясных культур. Пасадка лесу, уборка лясных тэрыторый ад бытавога смецця, работа ў дэндрапарку і на экалагічнай сцяжыне адыгрываюць важную ролю ў працоўным выхаванні, фарміруючы ў вучняў адказнасць, самастойнасць і экалагічную культуру. Зносіны з жывой прыродай дапамагаюць дзецям убачыць тое, чаго яны не заўважалі раней, даведацца больш пра разнастайнасць навакольнага свету.

На базе школьнага лясніцтва арганізавана даследчая і доследная дзейнасць. Назіраючы за прыродай і праводзячы розныя эксперыменты, вучні з вялікай цікавасцю займаюцца навуковымі даследаваннямі, тэмы якіх выбіраюць самі ці па рэкамендацыях супрацоўнікаў БНТУ.

Юныя лесаводы актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах, злётах, навукова­даследчых канферэнцыях і акцыях, дзе паказваюць высокія вынікі. Івацэвіцкія школьнікі — члены клуба “Крылаты дазор” пры грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Сёння дзеці назіраюць за жыццём мурашак, вывучаюць іх відавы склад, эксперыментуюць з крэс­салатай як біяіндыкатарам якасці глебы і, канечне, працягваюць высаджваць дрэвы і клапаціцца пра экалагічны стан малой радзімы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.