×

Адаптуем першакласнікаў

24.03.2020 11:24,

Важную ролю ў забеспячэнні эфектыўнай пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі адыгрывае скаардынаванае ўзаемадзеянне выхавальнікаў, настаўнікаў і бацькоў дзяцей. На працягу многіх гадоў наша школа цесна супрацоўнічае з яслямі-садам № 1 Камянца. Наладжаны кантакты педкалектываў, праводзяцца сумесныя сустрэчы бацькоў і дзяцей з будучымі педагогамі. Мамы і таты вызначаюцца з выбарам школы, атрымліваюць кансультацыі па падрыхтоўцы дзяцей да пачатку навучання, знаёмяцца з установай адукацыі.

Метадычная работа з педагогамі ўключае тэматычныя семінары-практыкумы, гутаркі і сустрэчы выхавальнікаў і настаўнікаў (“Псіхалагічная гатоўнасць дзіцяці да школы”, “Адаптацыя першакласнікаў да навучання ў школе”). Арганізоўваюцца наведванні ўрокаў у 1-х класах і адкрытых заняткаў у падрыхтоўчых групах. На занятках у дзіцячым садзе прысутнічаюць настаўнікі, якія набіраюць першакласнікаў. Пасля заняткаў педагогі разам абмяркоўваюць актуальныя праблемы і карэкціруюць сваю дзейнасць з мэтай удасканалення метадаў навучання дзяцей.

Прымаючы першакласнікаў, заўсёды імкнуся зрабіць працэс іх адаптацыі максімальна лёгкім. Асаблівую ўвагу ўдзяляю здароўезберажэнню. Цесна кантактую з выхавальніцамі Наталляй Андрэеўнай Кучынскай і Галінай Уладзіміраўнай Гіндзюк, якія бачаць гатоўнасць дзяцей да школы, іх разумовыя здольнасці, маўленчыя навыкі, узровень сацыялізаванасці. Без гэтага цяжка ажыццяўляць эфектыўнае педагагічнае ўздзеянне на вучняў. 

Сумесная мэтанакіраваная работа з выхавальнікамі дазваляе маім першакласнікам, якія маюць розны ўзровень падрыхтоўкі і развіцця, адчуваць сябе камфортна ў школе, атрымлі­ваць новыя веды ў індывідуальным тэмпе. Вялікую ролю ў наладжванні спрыяльных умоў адыгрывае пераемнасць педагагічнага стылю ад выхавальніка да настаўніка, што выклікае ў дзяцей упэўненасць у сваіх сілах і давер да мяне. Дзеці ўключаюцца ў вучобу з вялікай ахвотай і радасцю.

Вучні вельмі розныя. З адным трэба больш размаўляць, другога варта больш слухаць, з трэцім неабходна бегаць і скакаць, а чацвёртага трэба вучыць сядзець і быць уважлівым. Усё, чаму навучу іх у 1 класе і чаму яны навучацца самі, дапаможа ім стаць паспяховымі ў далейшым.  

Узгодненая работа са школьным педагогам-псіхолагам Людмілай Аляксандраўнай Сцепанюк дазваляе ацаніць адаптацыйныя магчымасці першакласнікаў да навучання. Разам з ёй праводжу дзіцяча-бацькоўскую сустрэчу “Цяпер мы першакласнікі”, падчас якой мамы і таты, акрамя адказаў на свае пытанні, атрымліваюць таксама буклеты з карыснымі парадамі.

На працягу навучальнага года наладжваю цеснае ўзаемадзеянне з баць­камі першакласнікаў. Афармляю інфармацыйныя стэнды і папкі-перасоўкі “Вучэбная матывацыя. Што гэта такое?” і “Парады бацькам першакласнікаў”. Праводжу бацькоўскія сходы, індывідуальныя кансультацыі і круглыя сталы, прысвечаныя школьным праблемам дзяцей. Дзякуючы ім, мамы і таты таксама праходзяць своеасаблівую адаптацыю.

У псіхалогіі дашкольнікаў і малодшых школьнікаў шмат агульнага. У апошніх разам з вучэбнай дзейнасцю па-ранейшаму важную ролю адыгрывае гульнявая. Таму на ўсіх этапах заняткаў актыўна выкарыстоўваю гульнявыя прыёмы, паколькі ў аснове гульні знаходзіцца пэўная дзейнасць, звязаная з дарослым жыццём. Гульня дапамагае адаптаваць дзяцей да школы і адкрывае шырокія магчымасці перад настаўнікам і вучнямі ў вырашэнні вучэбных, выхаваўчых і развіццёвых задач.

Важнае месца ў арганізацыі паспяховай пераемнасці займае здароўе і фізічнае развіццё дзяцей. Першакласнікі не могуць доўга працаваць. Пасля 10 —15 мінут ім трэба адпачыць, бо рэзкая змена асноўнага віду дзейнасці прыводзіць да стрэсу. Рыхтуючыся да заняткаў, заўсёды памятаю, што працяглае напружанне і стомленасць могуць нашкодзіць дзіцячаму здароўю. Таму своечасова мяняю від дзейнасці. Не даю заданні, якія патрабуюць працяглай канцэнтрацыі позірку на адным прадмеце, манатонных рухаў. Удзяляю больш увагі і часу практычным дзеянням з прадметамі, рабоце з нагляднымі матэрыяламі. У рэжым дня ўключаю прагулкі і фізічныя практыкаванні для павышэння мышачнага тонусу, музычныя фізкультхвілінкі.

Сістэматычна праводжу індывідуальную работу з дзецьмі, якія маюць цяжкасці ў адаптацыі. Заўсёды памятаю, што яна залежыць ад атмасферы ў класе, ад таго, наколькі вучням цікава, камфортна і бяспечна на ўроках, падчас зносін з настаўнікам і аднакласнікамі. Выкарыстоўваю гульнявыя псіхалагічныя методыкі. Ствараю ў класе атмасферу добразычлівасці і канструктыўнага ўзаемадзеяння, якая дазваляе зняць унутранае напружанне, пазнаёміцца адно з адным, пасябраваць. Заахвочваю дзяцей задаваць пытанні, калі ім нешта незразумела. Паблажліва адношуся да таго, што першакласнікі могуць пытацца пра адно і тое ж некалькі разоў. Заўсёды ўважліва размаўляю з кожным вучнем, каб быць у курсе яго радасцей і перажыванняў.

Нельга не пагадзіцца са словамі В.А.Сухамлінскага: “… школа не павінна прыносіць рэзкага пералому ў жыцці дзяцей. Няхай, стаўшы вучнем, дзіця працягне рабіць тое, што рабіла ўчора. Няхай новае з’явіцца ў яго жыцці паступова і не ашаламляе лавінай уражанняў”.

Валянціна АСІПЦОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Камянца.