×

Адпачылі ў “Горадзе майстроў”

20.08.2019 11:03,

Штолета ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Баранавіч працуе аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей. Сёлета ў “Дружбе” хлопчыкаў і дзяўчынак чакала шмат цікавых заняткаў, забаў і экскурсій, незабыўных сустрэч і знаёмстваў, карысных спраў, развіццёвых мерапрыемстваў. Бацькі выхаванцаў ведаюць, што іх дзеці ў надзейных руках вопытных педагогаў, якія могуць зрабіць адпачынак яркім і запамінальным.

Лета для асаблівых дзяцей — гэта не толькі магчымасць з задавальненнем правесці вольны час, але і актыўна развіць навыкі зносін і паводзін у грамадстве. Важную ролю ў гэтым адыгрываюць узаемаадносіны з равеснікамі, якія вучацца ў іншых установах адукацыі, і валанцёрамі, а таксама знаёмства з дарослымі і іх заняткамі. У рабоце з дзецьмі ўлічваліся іх індывідуальныя асаблівасці. Дзякуючы педагогам пад кіраўніцтвам дырэктара лагера Т.М.Панкрацьевай, былі створаны добрыя ўмовы для адпачынку, умацавання здароўя і развіцця.

Старшая выхавальніца М.С.Рослік распрацавала і паспяхова рэалізавала праект “Горад майстроў — дзіцячы цэнтр прафесій”, накіраваны на інтэграцыю дзяцей з АПФР у грамадства, пашырэнне іх жыццёвай прасторы і ўключэнне ў разнастайную дзейнасць. Атрады “Бульбашы”, “Смяшарыкі” і “Сонейкі” з вялікім задавальненнем пражывалі ў Горадзе майстроў. Кожны дзень пачынаўся з ранішняй зарадкі, карыснага снедання, хвілінак здароўя, пасля чаго дзеці акуналіся ў актыўнае і яркае жыццё лагернага горада, у цікавыя тэматычныя дні: дзень знаёмстваў, дзень ратавайкіна, дзень паходаў, дзень працы, дзень талентаў... Так, у дзень тэатра хлопчыкі і дзяўчынкі не проста паглядзелі невялікую пастаноўку, але і самі паўдзельнічалі ў вулічным тэатры. Дзеці хваляваліся, прыдумлялі розныя вобразы, камбінавалі касцюмы і з нецярпеннем чакалі выхаду на вулічную сцэну. Сярод акцёраў аказаліся і педагогі. Вясёлыя клоўны Чук і Гек нікому не давалі сумаваць.

Выхаванцы згатавалі для сяброў вітамінны салат: мылі агародніну, наразалі, запраўлялі і ўпрыгожвалі страву. Але спачатку наведалі кухню, дзе азнаёміліся з работай кухара і тэхналагічным абсталяваннем.  Дэгустацыя прайшла на ўра. Юныя кухары пачаставалі сяброў, якія засталіся вельмі задаволены. Разам з выхавальнікамі быў зладжаны лялечны тэатр “Вітамінка”, які расказаў пра карысную і здаровую ежу.

Даволі цікавай атрымалася віртуальная экскурсія па Баранавіцкім раёне “Там, дзе прайшла вайна” ў дзень памяці. Затым дзеці наведалі мемарыяльны комплекс ва ўрочышчы Гай. Гэта быў не толькі экскурс у гісторыю, але і працоўны дэсант па добраўпарадкаванні тэрыторыі. 

Супрацоўнікі Баранавіцкага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях правялі ў дзень бяспекі прафілактычную гутарку “Маё бяспечнае лета” і паказалі пажарную машыну са спецабсталяваннем. Хлопчыкі і дзяўчынкі прымералі адзенне ратавальніка, патушылі ўяўны пажар і нават прыйшлі чалавеку на дапамогу.

У дзень нечаканасцей адбылася выстава музейных экспанатаў “Культура беларускага народа” з удзелам супрацоўнікаў Баранавіцкага краязнаўчага музея. Дзеці даведаліся шмат новага пра нацыянальнае адзенне, абутак, посуд, прадметы побыту беларусаў.  

Не менш цікава прайшлі і іншыя тэматычныя дні.

У рамках змены для дзяцей працавалі гурткі “Папяровая пластыка”, “Мастацкая цацка”, “Жывапіс і графіка” і іншыя, зладжаныя педагогамі ЦКРНіР і Палаца дзіцячай творчасці Баранавіч. Летні настрой дзеці выказвалі ў творчых работах. Выхаванцы атрымалі грамату ў конкурсе малюнкаў на тэму “Мой тата — лепшы мужчына!”, арганізаваным тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Баранавіч.

Падчас лагернай змены дзеці не толькі пазнаёміліся з прафесіямі будаўніка, міліцыянера, настаўніка, швачкі, кухара, цырульніка, ратавальніка, доктара, паштальёна, дворніка і ганчара, але і паспрабавалі сябе ў іх ролі.  Шмат увагі ў летніку ўдзялялася выхаванню бяспечных паводзін і здароваму ладу жыцця. З гэтай мэтай ладзіліся сюжэтна-ролевыя гульні, флэшмобы і фотасесіі.

Педагогі імкнуліся стварыць максімальна камфортныя ўмовы для раскрыцця творчых магчымасцей кожнага дзіцяці. У адрас педкалектыву прагучала шмат падзяк ад бацькоў і родных, якія назіралі за лагернай зменай.

Сацыяльна-адпачынкавы праект “Горад майстроў — дзіцячы цэнтр прафесій” адзначаны дыпломам III ступені ўпраўлення па адукацыі Баранавіцкага гарвыканкама.

Алена ГУЦЬКО,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ЦКРНіР Баранавіч.