×

Адукацыйныя магчымасці дапоўненай рэальнасці

10.08.2019 15:30,

Мабільныя прылады можна паспяхова выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе для аблягчэння работы з вялікай колькасцю новай інфармацыі і яе эфектыўнага засваення. Мультымедыйныя магчымасці прылад павышаюць цікавасць школьнікаў да вучобы, дапамагаюць засвоіць матэрыял. Асаблівай увагі заслугоўвае тэхналогія дапоўненай рэальнасці (ТДР), якая візуалізуе вучэбную інфармацыю: ажыўляе малюнкі на любым друкаваным носьбіце, звязваючы іх з відэафрагментам, прэзентацыяй ці вэб-сайтам.

ТДР значна пашырае магчымасці адукацыйнага працэсу. Вучням падабаецца засвойваць новую інфармацыю ў нагляднай форме, бо многія з іх змалку знаёмяцца з камп’ютарам. Педагогі могуць выкарыстоўваць яркую запамінальную візуалізацыю пры тлумачэнні складаных тэм. Дапоўненая рэальнасць дазваляе ствараць незвычайныя адукацыйныя праекты, развівае прасторавае мысленне.

Для дэманстрацыі аб’ектаў дапоўненай рэальнасці звяртаюся да камп’ютарных праграм, якія змяшчаюць маркеры з графічным кодам. У якасці маркераў выступаюць малюнкі, фотаздымкі, схемы і інш. З дапамогай спецыяльных праграм да маркераў дадаюцца спасылкі на вэб-старонкі, відэа, тэкст, графіка і 3D-аб’екты, якія счытваюцца смартфонамі ці планшэтамі.

Некаторыя мабільныя дадаткі (Chromville і Quiver Vision) прызначаны для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, але могуць выкарыстоўвацца і вучнямі старэйшага ўзросту. Гэтыя дадаткі ператвараюць двухмерных персанажаў размалёвак у жывых герояў з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці. Размаляваныя карцінкі ажываюць — і дзеці адразу бачаць вынікі сваёй работы. Дадаткі дазваляюць вучням адчуць сябе мастакамі, афарміцелямі, дызайнерамі. Акрамя таго, размалёўванне развівае дробную маторыку, зніжае стрэс, дапамагае творчаму самавыяўленню.

Мабільныя дадаткі знаёмяць дзяцей з рознымі тэмамі: “Транспарт” (цягнік, самалёт, аўтамабіль, пажарная машына), “Святы” (Новы год, Вялікдзень, Дзень Святога Валянціна, Дзень усіх Святых), “Космас” (ракета, Месяц), “Жывёлы” (пінгвін, заяц, авечка) і інш. Адукацыйныя магчымасці дадаткаў выкарыстоўваю пры вывучэнні такіх тэм, як “Будова раслін”, “Зямля — наш агульны дом”, “Апора цела і рух”, “Формы зямной паверхні” і інш. Размалёўкі гэтых дадаткаў дазваляюць убачыць вучням трохмерную выяву зямнога шара, прасачыць працэс вярчэння Зямлі вакол сваёй восі, назіраць змену дня і ночы. З вялікай цікавасцю дзеці назіраюць за працэсам вывяржэння вулкана, які можна кантраляваць. Адна з размалёвак дапамагае растлумачыць працэс кругавароту вады ў прыродзе.

Некаторыя мабільныя дадаткі можна выкарыстоўваць пры вывучэнні навакольнага свету. Так, дадатак Animal 4D+ пры сканіраванні картак-маркераў адлюстроўвае трохмерныя выявы жывёл і дазваляе назіраць за іх рухамі і гукамі. Звяртаюся да яго пры вывучэнні шэрага тэм вучэбнага прадмета “Чалавек і свет”: “Звяры”, “Паўзуны”, “Жывёлы — насельнікі мора”, “Жывёлы — насельнікі сушы”.

Адным з элементаў тэхналогіі дапоўненай рэальнасці з’яўляюцца QR-коды, якія можна прымяняць на ўсіх этапах любога ўрока і ў якасці дамашняга задання. Вучні працуюць індывідуальна, у парах і групах. Форма работы залежыць ад колькасці гаджэтаў.

QR-код аб’ядноўвае рэальныя параметры з віртуальнымі і можа выкарыстоўвацца як раздатачны матэрыял. З дапамогай QR-кодаў шыфрую на ўроках рускай мовы і літаратуры прыказкі, прымаўкі, інфармацыю пра аўтара і інш. Пры вывучэнні слоўнікавых слоў кадзірую дадатковую інфармацыю пра слова ў выглядзе загадак, чатырохрадкоўяў, скорагаворак, малюнкаў.

На ўроках матэматыкі кадзірую задачы, лікавыя выразы, няроўнасці для групавой і парнай работы. Пры рашэнні задач на рух кадзірую формулы для вызначэння адлегласці, часу і хуткасці. Прымяняю QR-коды пры вывучэнні тэм “Перыметр прамавугольніка”, “Плошча прамавугольніка”, “Плошча квадрата”.

На ўроках вучэбнага прадмета “Чалавек і свет” выкарыстоўваю QR-коды як раздатачны матэрыял з дадатковай інфармацыяй па тэме заняткаў (загадкі, спасылкі на відэаўрокі, вучэбныя фільмы, аўдыязапісы).

Паспяхова прымяняю QR-коды і ў выхаваўчай рабоце: для правядзення квестаў, завочных падарожжаў, выстаў. З дапамогай аб’ектаў дапоўненай рэальнасці афармляю вучэбны кабінет, на сценах якога размяшчаю QR-коды з цікавымі гісторыямі, біяграфіямі аўтараў, займальнымі фактамі жывёльнага і расліннага свету.

Мабільны дадатак HP Reveal дазваляе ствараць аб’екты дапоўненай рэальнасці самастойна. Дзякуючы яму, ажываюць карцінкі з падручнікаў, фотаздымкі, афішы і іншыя аб’екты масавага карыстання. На карцінку-маркер накладваюцца відэа- і аўдыяфайл, схема, графік, 3D-аб’ект.

Адукацыйныя магчымасці дадатку HP Reveal выкарыстоўваю на ўроках вучэбных прадметаў “Чалавек і свет” і “Мая Радзіма — Беларусь”, а таксама падчас выхаваўчых мерапрыемстваў. Так, пры вывучэнні тэмы “Ад батлейкі да паланэза” вучні могуць убачыць відэапаказ “Батлейка”, азнаёміцца са знешнім выглядам батлейкі, праслухаць паланэз “Развітанне з Радзімай” М.К.Агінскага, а пры вывучэнні тэмы “Пад сценамі старажытных замкаў” — здзейсніць завочнае падарожжа па замках Беларусі.

Тэхналогія дапоўненай рэальнасці робіць вучэбны працэс незвычайным і займальным. Дзеці з задавальненнем вывучаюць дадатковы матэрыял, актыўна абмяркоўваюць яго на занятках. Аб’екты дапоўненай рэальнасці павышаюць вучэбную матывацыю і пазнавальную актыўнасць школьнікаў.

Таццяна САЎЧУК,
настаўніца пачатковых класаў Раснянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.