×

Актывізуем пазнавальную дзейнасць вучняў

24.12.2019 13:12,

Метад праектаў адкрывае шырокія магчымасці ў самастойным здабыванні новых ведаў, фарміраванні культуры калектыўнай разумовай працы, развіцці пазнавальнай актыўнасці, аналітычнага мыслення і творчых здольнасцей вучняў. Выконваючы праекты, школьнікі самі плануюць шляхі дасягнення мэт, карэкціруюць іх, кантралююць і ацэньваюць правільнасць вырашэння задачы. У сваёй рабоце рацыянальна спалучаю праектны метад і традыцыйныя тэхналогіі.

Вучні працуюць над даследчымі, інфармацыйнымі, практыка-арыентаванымі і творчымі праектамі рознай працягласці і рознага характару індывідуальна, у парах і групах. У аснове праекта — сацыяльна значная задача (праблема), вырашэнне якой уключае дакладны план, пошук і афармленне неабходнай інфармацыі з яе далейшай прэзентацыяй. Важную ролю ў выкананні праекта адыгрывае сумесная творчая работа настаўніка і вучняў. Педагог выступае арганізатарам пазнавальнай дзейнасці школьнікаў.Так, пры рабоце над праектам дапамагаю вучням шукаць інфармацыю, падтрымліваю і заахвочваю іх. У выніку дзеці з пасіўных спажыўцоў інфармацыі ператвараюцца ў яе карыстальнікаў.

Спачатку даю базавыя тэарэтычныя і практычныя веды, затым пераходжу да практычных заняткаў, змест якіх адпавядае выніковым ведам і ўменням па курсе інфарматыкі. Пасля гэтага прапаноўваю праекты, накіраваныя на практычнае прымяненне атрыманых ведаў. Так, у форме праектнай дзейнасці праводжу ўрокі паўтарэння ці абагульнення пройдзенага матэрыялу. Праекты могуць быць невялікія (на адзін урок) і працяглыя, разлічаныя на самастойную работу дома, на факультатыўных і гуртковых занятках.

Метад праектаў не прадугледжвае жорст­кай алгарытмізацыі дзеянняў і не выключае творчага падыходу, але патрабуе пэўнай логікі. На першым этапе вызначаюцца праблема і мэты праекта, якія фармулюе настаўнік. Вучні ўдакладняюць і канкрэтызуюць тэму і задачы праекта. На другім этапе вызначаецца тэрмін яго выканання, выбіраюцца неабходныя сродкі і метады, спосабы афармлення вынікаў і формы работы, абмяркоўваюцца крытэрыі ацэнкі праекта. На трэцім этапе збіраецца, аналізуецца і абагульняецца інфармацыя з розных крыніц, праводзяцца даследаванні і разлікі, рыхтуецца матэрыял, афармляецца гатовы прадукт, кантралююцца і карэкціруюцца прамежкавыя вынікі. Апошні этап уключае прэзентацыю праекта, яго экспертызу ў адпаведнасці з зададзенымі крытэрыямі і рэфлексію.

Дзякуючы праектнаму метаду, фарміруюцца важныя асобасныя якасці вучняў, матывацыя і самаацэнка, развіваюцца аналітычныя здольнасці, а таксама ствараецца прадукт уласнай дзейнасці. Звяртаюся да метаду праектаў пасля вывучэння тэкставых і графічных рэдактараў, камп’ютарных прэзентацый, анімацыі, электронных табліц, баз даных, вэб-канструявання і іншых тэм.

Выбраць тэму творчага праекта дапамагаюць розныя конкурсы выхаваўчага характару, знамянальныя даты і святы, у якіх актыўна ўдзельнічаюць вучні. Доўгатэрміновыя праекты ажыццяўляюцца пры падрыхтоўцы да навукова-практычных канферэнцый і творчых конкурсаў па інфарматыцы. Выконваючы праекты, школьнікі дадаткова вучацца працаваць з фота- і відэарэдактарамі, праграмамі для апрацоўкі гуку і па стварэнні тэстаў. Вынікам праектнай дзейнасці з’яўляюцца памяткі, паштоўкі, лістоўкі, малюнкі, прэзентацыі, плакаты, эмблемы, рэкламы, буклеты, крыжаванкі, тэсты, даклады, анімацыі, відэаролікі, сайты, дадаткі і інш.

Прывяду прыклады некалькіх праектаў. Так, праект “Самапрэзентацыя” ажыццяўляўся з мэтай адпрацоўкі навыкаў работы ў праграме MicrosoftPowerPoint па стварэнні прэзентацый пра сябе, сваю сям’ю і свае захапленні. Выконваючы праект “Маё генеалагічнае дрэва”, школьнікі збіралі і сістэматызавалі матэрыялы пра гісторыю сваіх сем’яў і такім чынам вучыліся працаваць у тэкставым рэдактары. Праекты “Паштоўка” і “Плакат” былі накіраваны на адпрацоўку навыкаў работы ў тэкставым і графічным рэдактары. Міжпрадметны групавы праект “Грамадскае меркаванне” прадугледжваў сацыялагічнае апытанне вучняў на цікавую тэму і апрацоўку яго вынікаў з дапамогай электронных табліц і дыяграм, аформленых у выглядзе прэзентацыі. Ажыццяўляючы міжпрадметны праект “База даных “Краіны свету”, школьнікі з дапамогай праграмы MicrosoftAccess распрацоўвалі базу даных са звесткамі пра геаграфічныя аб’екты, крытэрыі пошуку аб’ектаў у базе даных і інш. Інфармацыйныя праекты можна выкарыстоўваць на ўроках засваення новых ведаў разам з іншымі метадамі навучання.

Дзякуючы праектнаму навучанню, актывізуецца дзейнасць школьнікаў не толькі на ўроках інфарматыкі, але і ў пазаўрочны час. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах школьнай дэкады па інфарматыцы, Рэспубліканскім конкурсе па інфарматыцы “Інфамышка”, гарадскім конкурсе “Камп’ютарны вернісаж”, гарадскіх спаборніцтвах па робататэхніцы, алімпіядах па інфарматыцы, навукова-практычных канферэнцыях, гарадскім і абласным конкурсе “IT-мяжа”, Міжнародным конкурсе па інфарматыцы “Бабёр” і інш. Сярод праектаў, адзначаных дыпломамі, — “Электронны сродак навучання па тэме “Алгарытмы” ў 6 класе”, створаны з дапамогай праграмы AutoPlayMediaStudio (аўтар Мікіта Калінікаў), “Віртуальны тур па школе”, “Мабільны дадатак SchoolHelper для АС Android” і “Мабільны дадатак MathAssistant з элементамі дапоўненай рэальнасці для АС Android” (аўтары Павел Міскевіч і Максім Ёрш), “Магчымасці асяроддзя Scratch для рашэння матэматычных задач” (аўтары Максім Беразюк і Яна Мартынюк).

Вучні на “праектных” уроках актыўныя і зацікаўленыя. Вучэбная інфармацыя на такіх занятках засвойваецца хутка і трывала. У дзяцей фарміруецца ўменне працаваць з розным праграмным забеспячэннем. Адбываецца інтэграцыя ведаў па розных прадметах. Школьнікі вырашаюць вучэбныя праблемы, маюць зносіны. Мая падрыхтоўка да ўрокаў — пастаянны творчы працэс, вельмі захапляючы і прадукцыйны.

Разам з тым праектны метад выклікае і шэраг цяжкасцей. Так, падрыхтоўка да заняткаў патрабуе больш часу. Прымяняць метад праектаў варта дазіравана і абдумана. Перад выкананнем праектаў вучні павінны атрымаць асноўныя веды і ўменні па тэмах. Акрамя таго, праектную дзейнасць даволі цяжка адапта­ваць да класна-ўрочнай сістэмы.

Уласныя назіранні пацвярджаюць эфектыўнасць праектнай методыкі, якая істотна павышае ўзровень камп’ютарнай дасведчанасці школьнікаў, іх матывацыю і самастойнасць, актывізуе агульнае інтэлектуальнае развіццё.

Ганна ВАСЯНКОВА,
настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 16 Баранавіч.