×

Аты-баты, змагаліся будучыя салдаты

24.02.2019 18:15,

Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь — добрая нагода для выхавання ў вучняў пачуцця патрыятызму. Гэта свята ўсіх людзей, якія стаяць на варце Радзімы, свята сапраўдных мужчын смелых і адважных, спрытных і надзейных, а таксама свята хлопчыкаў, якія вырастуць і стануць сапраўднымі абаронцамі Айчыны. 23 лютага ў сярэдняй школе № 4 Клімавіч для вучняў 3 “Б” была праведзена конкурсная праграма “Аты-баты, ішлі салдаты”.

Хлопчыкі метадам адкрытага лёсавання (падыходзілі да стала і выбіралі зорачку пэўнага колеру) падзяліліся на дзве каманды. Выбралі капітанаў і, сабраўшы слова з прапанаваных літар, далі назвы сваім камандам — “Пагранічнікі” і “Дэсантнікі”.

Вучням было прапанавана паспаборнічаць у конкурсе шыфравальшчыкаў прыказак на ваенную або вайсковую тэму “Сакрэтная шыфроўка”. Вядома, што салдата заўсёды выручала кемлівасць, таму хлопчыкам задаваліся пытанні на ваенную тэматыку: “Колькі служаць у арміі Беларусі? Хто старэйшы па званні палкоўнік ці генерал?” і г. д.

Выпрабавалі мы і моц рук удзельнікаў у конкурсе “Армрэслінг”, а таксама праверылі трапнасць у конкурсе “Артылерысты”, падчас якога неабходна было не толькі трапіць у кошык, але і самім зрабіць снарады, скамячыўшы аркуш газеты ў шар, прычым толькі адной рукой. Выступалі хлапчукі і ў ролі сапёраў у аднайменным конкурсе, калі з завязанымі вачыма праводзілі “размініраванне” поля — збіралі “міны”-кубікі.

Масу станоўчых эмоцый выклікаў конкурс “Снайперы”, дзе было прапанавана камандна згуляць у дартс. Пабывалі нашы ўдзельнікі і ў ролі сувязістаў, дзе ім неабходна было хутка пераматаць вяроўку з адной шпулькі на іншую.

Па выніках конкурсаў з невялікай перавагай перамогу атрымала каманда “Пагранічнікі”. Усе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны медалямі і падарункамі.

Пройдзе час, і абаронцамі Айчыны стануць хлопчыкі, якія сёння прымалі актыўны ўдзел у конкурсах і турнірах, а заўтра па прыкладзе сваіх дзядоў і бацькоў будуць служыць у беларускім войску, абараняючы мір і спакой роднай зямлі.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4 Клімавіч.