×

Бяспечны турнір

06.11.2019 14:46,

З мэтай фарміравання ў выхаванцаў уяўленняў аб прафесіі ратавальніка ў яслях-садзе № 4 Ганцавіч адбылося фізкультурнае свята “Бяспечны турнір”. Напярэдадні мерапрыемства ў групах прайшлі чытанні твораў мастацкай літаратуры, гутаркі пра небяспечныя жыццёвыя сітуацыі, правілы бяспекі і спецыфіку прафесіі ратавальніка, а таксама дыдактычныя гульні.

У тым, што ратавальнік — прафесія цікавая і неабходная, дзеці пераканаліся пасля прагляду мультфільма “Спасик и его друзья” і прэзентацыі “Школа юных ратавальнікаў”. Дашкольнікі, падзеленыя на каманды пажарных, міліцыі, медыкаў і ратавальнікаў, у гульнявой форме абыгрывалі розныя сітуацыі. Супрацоўнікам службаў экстраннай дапамогі званілі “пацярпелыя” і прасілі дапамагчы. Юныя ратавальнікі аператыўна адпраўляліся на дапамогу. Акрамя таго, дзеці ўдзельнічалі ў эстафетах “Чыя каманда хутчэй збярэцца”, “Збяры чамадан да выезду”, “Адважныя пажарныя”, “Разбяры завал”, “Дапамога пацярпеламу” і іншых, дзе паказвалі смеласць, спрытнасць, хуткасць і сілу.

Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі шмат станоўчых эмоцый і карысных ведаў. Падводзячы вынікі мерапрыемства, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці С.І.Багрова ўручыла дзецям медалькі юных ратавальнікаў.

Яўгенія БАБКО,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада №
 4 Ганцавіч.