×

Бяспека і здароўе круглы год

24.12.2019 12:32,

У сярэдняй школе вёскі Вістычы прайшоў тыдзень бяспекі жыццядзейнасці, фарміравання ЗЛЖ і прафілактыкі шкодных звычак. Так, з мэтай прывіцця адказнага стаўлення да свайго здароўя  навучэнцы 9-10 класаў наведалі Цэнтр нагляднай прафілактыкі спажывання наркатычных сродкаў у Брэсце.

Акрамя таго, супрацоўнік МНС Вераніка Ваўранюк правяла выхаваўча-прафілактычнае мерапрыемства сярод навучэнцаў 7—10 класаў у рамках рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год”. Навучэнцы даведаліся аб небяспецы ўжывання піратэхнічных вырабаў, аб правілах іх набыцця і прымянення, расказалі пра асаблівасці ўстаноўкі навагодняй ёлкі і выкарыстання электраабсталявання ў перыяд святкавання Новага года.

Адбылася сустрэча навучэнцаў 8—10 класаў з падлеткавым лекарам-нарколагам на тэму “Ужыванне алкаголю і яго наступствы. Умацаванне і захаванне здароўя”. Навучэнцы з цікавасцю праслухалі інфармацыю аб асноўных міфах фарміравання алкагольнай залежнасці, задавалі пытанні, выказвалі свае думкі і прыводзілі прыклады згубнага ўплыву шкодных звычак.

Дзень інфармавання супаў з Адзіным днём прафілактыкі дарожна-транспартных здарэнняў. Госцем дня інфармавання “ШАГ” на тэмы “Традыцыі маёй краіны”, “Бяспечныя і адказныя паводзіны — наш свядомы выбар” у школе стаў У.У.Лук’янюк, старшы інструктар аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага райвыканкама. У інтэрактыўнай форме ён абмеркаваў з навучэнцамі старшых класаў паняцці патрыятызму, працавітасці нашага народа, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, дабрачынных ініцыятыў, умацавання інстытута сям’і і інш.

Перад вучнямі 1—5 класаў у гэты дзень выступіў супрацоўнік ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама С.П.Юрашэвіч, які нагадаў аб правілах дарожнага руху, патлумачыў, чым небяспечныя гульні на праезнай частцы, катанне на веласіпедах без катафотаў, ліхтароў, расказаў прысутным, як не стаць ахвярай ДТЗ.

Адбылася сустрэча навучэнцаў 6—7 класаў з сацыёлагам аддзела грамадскага здароўя Брэсцкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі К.П.Нэйман, якая ў інтэрактыўнай форме нагадала падлеткам аб асновах здаровага ладу жыцця, а таксама закранула тэму залежнасцей. Крысціна Паўлаўна падрыхтавала для непаўналетніх пазнавальную прафілактычную гульню аб правілах здаровага ладу жыцця “Што? Дзе? Калі?”. 

У рамках тыдня бяспекі жыццядзейнасці, фарміравання ЗЛЖ і прафілактыкі шкодных звычак класныя кіраўнікі 1—10 класаў правялі класныя і інфармацыйныя гадзіны, трэнінгі, віктарыны, гульні і спартыўныя мерапрыемствы.

Таццяна ЖАЛЯНГОЎСКАЯ, 
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.