×

Бяздомным жывёлам — наш клопат

11.04.2019 15:42,

Хатні гадаванец дорыць цяпло, ласку. Ён аказвае вялікі ўплыў на развіццё дзіцяці, дапамагае яму пазнаёміцца з навакольным светам, адчуць першыя перажыванні і радасці, станоўчыя эмоцыі. Жывёла ў хаце не проста цацка, але і выхавальнік.

З даўніх часоў жывёлы жывуць побач з чалавекам у вялікім доме, імя якому Зямля. Сабакі і кошкі дораць чалавеку вернасць, адданасць, сяброўства і любоў — нічым незаменныя пачуцці.

На жаль, многія людзі заводзяць хатніх жывёл, не ўсведамляючы ўсёй меры адказнасці. Удосталь нагуляўшыся з пушыстай жывёлай, яны выкідваюць гадаванца на вуліцу.

Праблема бяздомных жывёл актуальная вельмі даўно і носіць глабальны характар. Кожная выкінутая на вуліцу жывёла — гэта чыясьці здрада. Трэба памятаць пра гэта і не даваць у крыўду тых, хто не можа абараніцца сам.

Добрыя дзіцячыя сэрцайкі выхаванцаў аб’яднання па інтарэсах “Шматковая краіна” (педагог Наталля Юр’еўна Башкірава), “Рукатворныя цуды” (педагог Алена Міхайлаўна Сталярова) цэнтра турызму не засталіся абыякавыя да праблемы бяздомных жывёл і далучыліся да акцыі “Увага, кошкі”, якая праводзіцца ў рамках рэалізацыі абласнога праекта “Дзеці супраць жорсткага абыходжання з жывёламі”. Мэта акцыі — фарміраванне гуманнай культуры навучэнцаў праз сумесную дзейнасць дзяцей і педагогаў.

На працягу тыдня навучэнцы і педагогі пры падтрымцы бацькоў малявалі і фатаграфавалі, шылі і ляпілі пухнатых гадаванцаў.  З гэтых работ у цэнтры турызму была арганізавана выстаўка.

На працягу акцыі з дзецьмі праводзіліся тэматычныя гутаркі на тэмы “Хатнія гадаванцы”, “Дапамажыце бяздомным жывёлам”, “Абарона жывёл”. Чыталі тэматычныя мастацкія творы, праглядалі прэзентацыі і відэа, якія адлюстроўваюць нялёгкае жыццё бяздомных жывёл. Дзеці прапаноўвалі магчымыя шляхі вырашэння праблемы: падкормліваць, браць дадому, паспрабаваць пашукаць гаспадароў, стэрылізаваць. Большасць школьнікаў адказвалі, што неабходна адкрываць прытулкі. 

У рамках гэтай акцыі быў праведзены конкурс малюнкаў на тэму “Уся каціная прыгажосць — ад вушэй і да хваста”, найлепшыя працы сталі асновай для лістовак па тэме “Хочаш дапамагчы бяздомным жывёлам?”.

Вынікам акцыі стала наведванне Чэрыкаўскай ветстанцыі. Загадчык ветэрынарнай аптэкі Ірына Сідаровіч сустрэла дзяцей і правяла ў аптэку і прыёмны пакой, расказала, з чаго пачынаецца праца ветэрынарнага лекара, як праходзіць агляд гадаванца-пацыента, што робіць ветэрынарны лекар, каб не быць укушаным або падрапаным. Нагадала, што жывёл варта рэгулярна вадзіць да ветэрынара для прафілактычных аглядаў.

Дзеці даведаліся, з якога ўзросту яны самі, без бацькоў, могуць вадзіць сваіх улюбёнцаў на прыём. Урач перасцерагла дзяцей ад зносін з невядомымі жывёламі на вуліцы і распавяла, да якіх наступстваў гэта можа прывесці. Яна паказала кабінет, прызначаны для вакцынацыі жывёл, аперацыйную, прадэманстравала абсталяванне для лячэння.

Намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача па дыягностыцы Ірына Камшакова распавяла аб даследаваннях, якія праводзіцца ў ветстанцыі, паказала лабараторыю і абсталяванне. Кожны юны ўдзельнік змог пабываць у ролі лабаранта — паглядзець у мікраскоп і вывучыць будову клетак, узважыць лекі для жывёлы, навучыўся карыстацца прыборам для вымярэння радыяцыі.

У гутарцы з Ірынай Адольфаўнай хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што яе прафесія вельмі цікавая, хоць і не зусім лёгкая, што даводзіцца працаваць не толькі з жывёламі, але і ахоўваць насельніцтва ад хвароб, якія перадаюцца ад жывёл чалавеку. Юным гасцям паказалі гадаванцаў, якія жывуць у ветэрынарнай станцыі, — марскіх свінак, белых мышэй, якіх можна было пагладзіць і пакарміць.

Урач хімік-таксіколаг Святлана Сучкова расказала аб прафесіі ветэрынара і пра тое, што яна цікавая, хоць і не зусім лёгкая. Што даводзіцца працаваць не толькі з катамі і сабакамі, але і буйнымі жывёламі, пазнаёміла дзяцей з тэхналогіяй праверкі кармоў, паказала прыборы, якімі карыстаюцца спецыялісты для дыягностыкі захворванняў у жывёл.

Былі падрыхтаваныя лістоўкі “Непажаданае патомства? Выхад ёсць!”, “Хочаш дапамагчы бяздомным жывёлам?”, якія дзеці перадалі ветстанцыі для распаўсюджвання сярод насельніцтва.  

У рамках акцыі “Увага, кошкі” навучэнцы цэнтра турызму правялі флэшмоб па распаўсюджванні лістовак сярод жыхароў і гасцей нашага горада з мэтай прыцягнуць увагу дарослых да вялікіх праблем маленькіх гадаванцаў.

Нам вельмі хацелася б, каб вынікам акцыі было тое, што калі падрастуць удзельнікі акцыі, адпала неабходнасць абараняць жывёл ад жорсткага абыходжання. А пакуль займацца бяздомнымі жывёламі і аказваць ім дапамогу будуць людзі з добрым сэрцам, хай нават маленькія.

Алеся КАНАЗОТКА,
метадыст Чэрыкаўскага цэнтра дзіцячага і юнацкага турызму, краязнаўства і экскурсій.