×

Чарговая перамога юных даследчыкаў

12.02.2020 14:38,

Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці прапаноўвае шмат аб’яднанняў па інтарэсах рознага кірунку. Вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інтэлектуальнага руху і навукова-даследчай рабоце.

Ужо 6 гадоў у нашай установе працуе аб’яднанне па інтарэсах “Юны даследчык”, якім кіруе педагог дадатковай адукацыі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Надзея Андрэеўна Петручэня.Яе выхаванцы — неаднаразовыя пераможцы абласных навукова-практычных канферэнцый і прызёры міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў даследчага характару. Педагог падрыхтавала 2 стыпендыятаў спецыяльнага прэзідэнцкага фонду па падтрымцы адоранай моладзі.

У сёлетняй абласной навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у будучыню”, якая адбылася ў Бярозе, удзельнічалі прадстаўнікі Ганцавіцкага РЦДЮТ, гімназіі Ганцавіч і Кукаўскай сярэдняй школы. Два з пяці атрыманых дыпломаў — на рахунку выхаванцаў Н.А.Петручэні: Ганна Князская атрымала дыплом І ступені, Дар’я Бараноўская і Маргарыта Бараноўская былі адзначаны дыпломам ІІ ступені.

Галіна КРУПЕНІЧ,
метадыст Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.