×

Частка нашай памяці

27.02.2019 12:05,

Сярод тых, хто аддаў свой доўг Радзіме падчас службы ў Афганістане, 12 нашых аднавяскоўцаў. Усе яны вярнуліся з Афгана жывыя, ды, на жаль не ўсе дажылі да памятнай даты — 30-годдзя вываду савецкіх войск з Афганістана. З нагоды гэтай падзеі ў нашай школе прайшоў тэматычны тыдзень “Памяць Афгана”. Класныя кіраўнікі правялі з вучнямі ўрокі мужнасці “Салдат вайны не выбірае…”, гутаркі “Дарогамі Афгана”, падчас якіх пазнаёмілі дзяцей з гісторыяй вайны і подзвігамі салдат, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг у чужой краіне.

Вучні нашай школы частыя наведвальнікі школьнай бібліятэкі. Бібліятэкар Любоў Фёдараўна Захарчэня арганізавала выстаўку да памятнай даты “Афганістан: жыць і памятаць”, расказала аб публікацыях у часопісах і газетах, якія асвятлялі падзеі той вайны. Дзеці пазнаёміліся з кнігай “На лініі агню”, дзе сабраны гістарычны матэрыял афганскай вайны, спісы воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Традыцыйна кожны год напярэдадні памятнай даты воіны-інтэрнацыяналісты Ганцаўшчыны, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый усклалі вянкі на мясцовых могілках да магіл салдат афганскай вайны, якія памерлі ў мірны час. Таксама госці наведалі школьны гісторыка-краязнаўчы музей, дзе настаўніца гісторыі Таццяна Іванаўна Дзенісеня разам з вучаніцамі 10 класа падрыхтавала гістарычную даведку пра вайну і выстаўку “Афган. І сціскаецца сэрца…”, дзе былі сабраны асабістыя рэчы, фотаздымкі салдат той вайны. Госці пачулі сабраныя вучнямі ўспаміны воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія, на жаль, кароткія, лаканічныя: салдаты не любяць успамінаць ваенныя падзеі. Пасля гутаркі госці пакінулі музей маўкліва, у кожнага быў боль за тых юнакоў, што выконвалі інтэрнацыянальны доўг на чужой зямлі.

Час лечыць, але боль Афганістана не заціхне ніколі. Кожны з соцень тысяч, хто прайшоў праз гэтую вайну, стаў часткай Афганістана, а Афганістан — часткай кожнага салдата. Чалавечая памяць беражэ і захоўвае тое, чаго ўжо няма, што даўно прайшло. Так было, так будзе заўсёды. У нашых сэрцах захаваецца памяць пра тых, хто змагаўся ў імя воінскага абавязку, хто мог бы выратавацца, але прыняў рашэнне не пакідаць палаючы самалёт, прыкрываючы дэсант, хто імкнуўся пад абстрэлам забраць параненага таварыша. Яны выконвалі загад, але на подзвіг у іх загаду не было.

Афганістан — гэта боль, гэта цяжар на сэрцы, гэта памяць, якую мы павінны пранесці скрозь гады.

Ірына ЛАЎРЭНЦЬЕВА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Дзяніскавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.