×

Цяпло дзіцячых сэрцаў

20.01.2020 15:14,

Час навагодніх святаў падышоў да лагічнага фіналу, а разам з ім — і час цудаў. Фінальным акордам стала Вадохрышча. Менавіта напярэдадні гэтага свята навучэнцы Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна разам з педагогам-арганізатарам і педагогам-псіхолагам наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр Пінскага раёна, дзе знаходзяцца 18 дзяцей, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Ва ўстанове адукацыі гасцям рады заўсёды, бо прыходзяць яны не столькі аказаць дзецям дапамогу, колькі з добрымі пачуццямі і адкрытым сэрцам, якое шчыра адгукваецца жаданнем падтрымаць у цяжкую хвіліну.

Навучэнцы падрыхтавалі прадстаўленне. Разам з валанцёрамі дзеці гулялі ў вясёлыя гульні, чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі і бралі ўдзел у конкурсах. Свята атрымалася надзвычай вясёлае, насычанае і казачнае.

Каб рабіць добрыя справы, зусім не трэба быць чараўніком або чакаць нагоды. Дык спяшайцеся падзяліцца дабром з тымі, каму гэта неабходна!

Марына КАЛЕНЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Стытычаўскай сярэдняй школы Пінскага раёна.