×

Да міжкультурнага дыялогу — праз творчасць

04.01.2020 12:22,

Інтэнсіўны абмен інфармацыяй, шматлікія міжасобасныя і міжкультурныя кантакты — неад’емная частка сучаснага жыцця. У такой сітуацыі павышаецца роля полікультурнай педагогікі, накіраванай на развіццё ўменняў і навыкаў міжкультурнага ўзаемадзеяння вучняў, гарманізацыю адносін цывілізацый і культур, захаванне этнічных і нацыянальных асаблівасцей. Гэтыя і многія іншыя актуальныя пытанні сталі тэмай чарговага семінара для кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў настаўнікаў замежнай мовы ўстаноў адукацыі Маскоўскага раёна Брэста.

А крамя вучняў і педагогаў-практыкаў, мерапрыемства сабрала выкладчыкаў БрДУ імя А.С.Пушкіна: дацэнта кафедры сацыяльнай работы кандыдата псіхалагічных навук А.І.Мядзведскую, дацэнта кафедры замежных моў кандыдата педагагічных навук Т.С.Трацюк і дацэнта кафедры рускай літаратуры і журналістыкі кандыдата філалагічных навук Л.М.Садко. Удзельнікі семінара азнаёміліся з творчым праектам настаўнікаў дзіцячага сада — пачатковай школы № 1, на базе якога праходзіла мерапрыемства.

— Развіццё міжкультурнага ўзаемадзеяння больш за ўсё адчуваецца ў творчай дзейнасці, — расказала дырэктар дзіцячага сада — пачатковай школы № 1 Т.А.Мосіна. — Гэтая дзейнасць ахоплівае не толькі вучэбную, але і выхаваўчую прастору ўстановы, якая ўлічвае ўзроставыя і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей, сучасныя патрабаванні да выхаваўчай работы. Развіццё полікультурнай асобы, здольнай да прадукцыйнага міжкультурнага ўзаемадзеяння, — адзін з важных напрамкаў дзейнасці нашага педкалектыву.

А.І.Мядзведская засяродзіла ўвагу на ўзроставых асаблівасцях дзяцей, у прыватнасці малодшых школьнікаў, якія пазнаюць рэчаіснасць праз гульню і творчыя справы. Т.С.Трацюк гаварыла пра фарміраванне і ролю моўных кампетэнцый вучняў у пашырэнні іх кругагляду, далучэнні да іншых культур.

Школьнікі прэзентавалі вынікі праекта “Міжкультурны дыялог” на ўсіх мовах, якія вывучаюцца ва ўстанове: англійскай, нямецкай, польскай і кітайскай. Хлопчыкі і дзяўчынкі спявалі і танцавалі, паказаўшы, што творчасць валодае магутным сродкам наладжвання эфектыўнага ўзаемадзеяння з іншамоўным культурным асяроддзем.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.