×

Да роднай мовы — праз беларускія народныя гульні

09.04.2019 15:34,

Адна з галоўных задач адукацыйнага працэсу — развіццё і выхаванне дзіцяці як чалавека культуры, прычым у шырокім разуменні гэтага слова. Гэта і культура паводзін, і зносін, і пачуццяў, і мыслення, і практычнай канструктыўнай дзейнасці. Мова — адзін з важных складнікаў культуры.

У дашкольным узросце ў дзяцей фарміруецца павышаная патрэба ў ведах. Галоўным відам дзейнасці малышоў з’яўляецца гульня, таму і развіваць беларускае маўленне дашкольнікаў варта ў гульнявой форме. Праз гульню лягчэй зразумець няпростыя законы мовы, а значыць, навучыцца паважаць, любіць і берагчы яе.

Далучаю дзяцей да роднай мовы сродкамі беларускіх народных гульняў. З гэтай мэтай прааналізавала сучасныя даследаванні адпаведнай тэматыкі, стварыла неабходнае прадметна-развіццёвае асяроддзе, распрацавала серыю заняткаў і прыцягнула да работы бацькоў.  

Для павышэння цікавасці да роднай мовы ў групе быў створаны беларускі куток, дзе знаходзяцца лялькі ў нацыянальным адзенні, вырабы народных майстроў, кніжкі пра Беларусь і вядомыя гістарычныя мясціны краіны. Бацькі дапамаглі стварыць куфар для касцюмаў і атрыбуты для тэатра “Батлейка”. З улікам патрабаванняў вучэбнай праграмы стварыла картатэку беларускіх народных гульняў.

Далучаю выхаванцаў да нацыянальнай культуры праз каляндарна-абрадавы цыкл фальклорных свят. Распрацавала сцэнарыі іх правядзення.

Па сваім характары беларускія гульні бываюць імітацыйнымі і рухавымі, хлапечымі і дзявочымі, гульнямі-карагодамі і гульнямі-паказамі. Усе гульні так ці інакш звязаны з побытам, працоўнай дзейнасцю людзей, прыродай. Адны маюць слоўнае афармленне, што робіць іх драматызаванымі. Другія прадугледжваюць строгае размеркаванне роляў, дзе мова з’яўляецца сігналам для нейкага дзеяння. Традыцыйныя гульні з пэўным парадкам і правіламі сацыялізуюць дзяцей.

Падчас імітацыйных гульняў выхаванцы выкарыстоўваюць уражанні, атрыманыя ў сям’і. Многія з іх звязаны з працоўнай дзейнасцю. Гэтыя гульні ўзнаўляюць самыя розныя жыццёвыя з’явы. Спачатку гульня носіць рэфлекторны характар, потым становіцца больш асэнсаванай (дзіця калыша ляльку і спявае ёй калыханку) і поўнасцю асэнсаванай (дзіця робіць прылады для гульні самастойна). Прыкладам імітацыйнай гульні з’яўляецца “На­дзейка”.

Падчас народных гульняў “Рэдзька”, “Лянок” і “Агароднік” выхаванцы імітуюць асноўныя сельскагаспадарчыя працэсы, што дапамагае падрыхтаваць дзяцей да працы. Важна, што працоўныя навыкі фарміруюцца не праз тлумачэнне, а праз перайманне характэрных рухаў.

Дзецям вельмі падабаюцца гульні-карагоды, якія, спалучаючы мелодыі, словы і рухі, выхоўваюць цікавасць да народнай творчасці і роднай мовы (“Бярозка”, “Лянок”, “Грушка”, “А мы проса сеялі”, “Макі-маковачкі”). 

Некаторыя народныя гульні ўключаюць элементы барацьбы і сілавыя прыёмы, якія адпавядаюць пэўным відам спорту (“Кавенькі”, “Дужанне”, “Перацяжкі”). Гэтыя гульні можна выкарыстоўваць пры спаборніцтвах.

Вобразнасць прыродазнаўчага зместу і высокая эмацыянальная насычанасць народных гульняў дазваляюць іх выкарыстоўваць пры азнаямленні дашкольнікаў з прыродай (“Заінька”, “Вожык і мышы”, “Бярозка”, “Каршун”).

Гульні-паказы (гульні абрадавага напрамку) знаёмяць дзяцей з культурнай спадчынай беларускага народа і роднага краю. Для арганізацыі фальклорных свят распрацаваны сцэнарыі, створаны касцюмы, тэматычныя атрыбуты. Разам з дзецьмі быў створаны рог для калядавання. З дапамогай бацькоў былі пашыты касцюмы для абрадавага свята “Конікі”.      

Амаль усе народныя гульні маюць словы, якія не трэба спецыяльна развучваць, бо дзеці запамінаюць іх падчас гульні. Дзякуючы лічылкам, можна вызначыць вядучага і размеркаваць ролі. 

Наша ўстанова рускамоўная, але педагогі актыўна далучаюць дзяцей да роднай мовы. У садку створаны міні-музей “Кірмаш рамёстваў” з вырабамі беларускага прыкладнога мастацтва, дзейнічае партрэтная галерэя “Нашы знакамітыя землякі”, распрацаваны сцэнарыі народных свят Каляды і Купалле, праведзена даследчая дзейнасць па аўтэнтычным свяце “Конікі”, сістэматызаваны метадычны і практычны матэрыял па тэме, распрацаваны метадычныя парады для бацькоў і педагогаў.

Мастацкая аснова народных гульняў дапамагае засвойваць дасканалыя формы роднай мовы. Так, у гульні “Бярозка” дзеці спяваюць: “Бярозка белая, макаўка зялёная, летам махнаценькая, зімой сукаваценькая”. Неаднаразовыя прагаворванні гэтых радкоў прыводзяць да неў­свядомленага засваення вобразных эпітэтаў. Гуляючы ў “Вузельчык”, дзеці запамінаюць такія азначэнні іголкі, як “тонкая ды доўгая, аднавухая ды гострая”.

Песня, слова, рух арганічна звязаны ў народных гульнях. Гэтым яны каштоўныя для развіцця беларускага маўлення. Многія з гульняў пачынаюцца з гульнявога зачыну — лічылкі. Некаторыя з іх супадаюць у беларускім і рускім фальклоры, адрозніваючыся толькі вымаўленнем аднолькавых слоў: “У лес дрымучы я пайду, зайца шэрага знайду”, “Раз, два, тры, чатыры — кошку грамаце вучылі”. Каб дапамагчы дзецям развучыць лічылку, я спачатку знаёміла іх з вершаваным тэкстам падчас мастацкай дзейнасці, потым чытала яе сама, прымаючы ўдзел у гульні разам з дзецьмі, паступова прыцягвала дзяцей, якія лепш запамінаюць вершаваны тэкст. У рэшце рэшт лічылку ведаюць усе дзеці.

Удасканальваць беларускае маўленне дапамагаюць інтэлектуальныя гульні, якія развіваюць увагу, кемлівасць, хуткасц­ь мыслення, пачуццё гумару. Каштоўнасц­ь такіх гульняў у тым, што іх можна выкарыстоўваць у рабоце з дзецьмі, якія зусім не валодаюць беларускай мовай. Падчас гульняў дзеці ўслухоўваюцца ў беларускамоўнае маўленне, вучацца разумець мову (“І я”, “Гусі ляцяць”, “Недарэчнасці”).

Народныя гульні можна выкарыстоўваць мэтанакіравана для развіцця пэўных маўленчых якасцей і засваення пэўных моўных сродкаў — граматычных, фанетычных ці лексічных. Так, для азнаямлення дзяцей з фармулёўкай пытання з дапамогай часціцы “ці” выкарыстоўваю гульню “Макі-маковачкі”, на працягу якой увесь час задаюцца пытанні “Ці ўзышоў мак?”, “Ці зацвіў мак?”, “Ці паспеў мак?”. Выхаванцы не толькі чуюць прыклад фармулёўкі пытання, але і шматразова паўтараюць яго ў цікавай для іх дзейнасці. Такім чынам, яны атрымліваюць маўленчы матэрыял для таго, каб потым ужываць вывучаныя словы.

Народныя гульні можна сістэматызаваць у адпаведнасці з паслядоўнасцю азнаямлення дашкольнікаў з асаблівасцямі граматыкі беларускай мовы. Так, падчас гульні “Заапарк” дзеці вучацца ўтвараць назвы малых жывёл, ужываць іх у адзіночным і множным ліку, родным склоне. Гульня пачынаецца словамі вядучага, які нібыта пабываў у заапарку, дзе ўбачыў шмат розных звяроў, але сярод іх не было зубраняці. Той, хто выбраў сабе назву “зубраня”, павінен сказаць, што на самай справе зубраня ў заапарку ёсць, а няма ваўчаняці, тым самым перадаючы эстафету наступнаму гульцу. Гэтак жа можна перайначыць гульню для таго, каб лягчэй знаёміць з асаблівасцямі ўжывання роду і ліку некаторых назоўнікаў па правілах беларускай мовы.

Шмат магчымасцей адкрываюць народныя гульні для замацавання правільнага вымаўлення гукаў. Так, вымаўленне гука [ч] замацоўваецца ў гульні “Маўчанка”, дзе прагаворваюцца словы “пярвенчыкі”, “чарвенчыкі”. Гульні “Рэдзька” і “У палачку-булавачку” дапамагаюць аўтаматызаваць правільнае вымаўленне гука [дз].

Гульні-драматызацыі, якія змяшчаюць дыялогі, выкарыстоўваю для развіцця інтанацыйных сродкаў беларускага маўлення. Вялікую карысць для неўсвядомленага засваення беларускай мовы прыносяць рухавыя гульні з элементамі фальклору. Эмацыянальная чуласць дзяцей да фальклорнага вобраза знаходзіцца ў цеснай сувязі з рытмічнымі рухамі, якія суправаджаюцца вершаваным тэкстам. Рытмічныя вершы, лічылкі і забаўлянкі з дынамічным зместам выклікаюць у дзяцей жаданне рухацца, выконваць дзеянні, якія адпавядаюць зместу тэксту. Засвойваючы фальклорны твор у рухавай гульні, малышы глыбей пранікаюць у вобраз верша. У гульнях падобнага тыпу выхаванцы лёгка ўлоўліваюць музычнасць, напеўнасць і рытмічнасць мовы, пазнаюць трапнасць і лаканічнасць роднага слова.

Асаблівую ролю ў развіцці беларускага маўлення адыгрываюць ролевыя гульні з выкарыстаннем народных лялек. Перад гульнёй тлумачу дзецям, што лялька размаўляе толькі па-беларуску. Разыгрываю невялікі сюжэт, імітуючы адпаведныя дзеянні. Потым прапаноўваю дзецям пагуляць самім па ўзоры паводзін з суразмоўцам, які гаворыць па-беларуску.

За аснову фізкультурных забаў бяру беларускія народныя рухавыя гульні, якія суправаджаюцца лічылкамі, песнямі, вершамі і загадкамі на спартыўную тэматыку. Падчас такіх мерапрыемстваў дзеці паказва­юць вялікую моўную актыўнасць.

Надзвычай цікава праходзяць народныя святы, дзе ў вершах і песнях гучыць роднае слова, ладзяцца народныя гульні і танцы. Прыемна, што да гэтых свят далучаюцца і баць­кі выхаванцаў. Сумесныя мерапрыемствы павышаюць цікавасць мам і татаў да развіцця беларускага маўлення ў дзяцей і дапамагаюць стварыць неабходныя ўмовы для дамашняга выхавання і заняткаў у садку.

Дзякуючы маёй рабоце, у дзяцей павысілася цікавасць да беларускіх народных гульняў, традыцыйных свят і забаў, значна пашырыўся слоўнікавы запас, адпрацавалася арфаэпічнае вымаўленне пэўных беларускіх слоў і інш. Аналіз маўленчых навыкаў дашкольнікаў у параўнанні з моўнымі магчымасцямі іх аднагодкаў паказаў, што выбраны шлях вельмі эфектыўны ў фарміраванні культуры мовы. Вопыт работы па далучэнні дзяцей да беларускага маўлення сродкамі беларускіх народных гульняў абагульнены і актыўна прымяняецца на практыцы.

Наталля МАЙСЮК,
выхавальніца Давыд-Гарадоцкага ясляў-сада Столінскага раёна.