×

Да рухальнай актыўнасці — праз музыку

15.10.2019 12:03,

Важную ролю ў захаванні фізічнага і псіхічнага здароўя дашкольнікаў адыгрываюць актывізацыя іх творчага патэнцыялу, стварэнне на занятках атмасферы радасці, задавальненне індывідуальных інтарэсаў і патрэб дзяцей. Адной з неабходных умоў жыцця, якая падтрымлівае належны функцыянальны стан чалавечага арганізма, з’яўляецца рухальная актыўнасць.

Рух і музыка станоўча ўздзейнічаюць на здароўе дзяцей. Музычна-рытмічныя рухі расслабляюць, знімаюць эмацыянальнае напружанне і стомленасць, пазітыўна ўплываюць на фізіялагічныя працэсы.

Музычнае суправаджэнне фізкультурна-аздараўленчай работы ўзгадняю з музычным кіраўніком і выхавальнікам. Для кожнай формы такой работы (ранішняя гімнастыка, фізкультурныя заняткі і інш.) падбіраю пэўны рэпертуар, каб музычнае суправаджэнне пабуджала дзяцей выконваць рухальныя дзеянні з ахвотай і радасцю. Аддаю перавагу музычным творам, рэкамендаваным вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Пасля іх вывучэння і праслухоўвання на музычных занятках выхаванцы замацоўваюць рэпертуар у дынаміцы (бег, скачкі і інш.) і статыцы (дыхальныя практыкаванні і інш.) у розных формах фізкультурна-аздараўленчай работы, што надае творам лепшае вобразнае ўспрыманне.

Рэпертуарам вучэбнай праграмы не абмяжоўваюся. Падбіраю творы розных жанраў. Галоўнае, каб музыка была меладычнай, прыгожай, сучаснай і зразумелай дзецям.

Жывое музычнае суправаджэнне найбольш эфектыўнае, але ў некаторых відах дзейнасці выкарыстанне фанаграм больш мэтазгоднае. Музычнае суправа­джэнне дапамагае больш якасна выконваць хадзьбу, бег, падскокі, страявыя і агульнаразвіццёвыя практыкаванні. Так, пры хадзьбе, пастраеннях і перастраеннях звяртаюся да маршавай музыкі, пры бегу і падскоках — да імклівай і вельмі эмацыя­нальнай музыкі (вальса, полькі, галопу), а таксама да лёгкай і дынамічнай. Выкарыстанне музычнага суправаджэння падчас агульнаразвіццёвых практыкаванняў зале­жыць ад этапу іх развучвання. Так, пры іх развучванні такое су­праваджэнне амаль не прымяняю, паколькі гэта не садзейнічае свядомаму кіраванню рухальным уменнем, а ў далейшым адмоўна ўплывае на фарміраванне і самога навыку. На наступных занятках музычнае суправаджэнне можна выкарыстоўваць для большай выразнасці. Трэба адзначыць, што пад музычнае суправаджэнне не выконваюцца практыкаванні, якія патрабуюць сілавога напружання і індывідуальнага тэмпу выканання.

Пры выкананні практыкаванняў правільна падабраныя музычныя кампазіцыі замяняюць лік, дзякуючы чаму можна аказваць выхаванцам індывідуальную дапамогу, не перапыняючы практыкаванні. Пры гэтым усе дзеці добра засвойваюць рытм рухаў і тэмп іх выканання.

На фізкультурных занятках пры выкананні асноўных відаў рухаў дзеці паводзяць сябе па-рознаму. Адны назіраюць, другія — рыхтуюцца выканаць заданне. У такой сітуацыі музычнае суправаджэнне можа ствараць дыскамфорт, а часам адцягваць увагу і перашкаджаць. Пры навучанні асноўным відам рухаў не выкарыстоўваю музыку, але пры ўдасканаленні і замацаванні ўменняў і навыкаў музычнае суправаджэнне прыносіць станоўчы эфект. Пераход ад аднаго віду рухаў да другога ці перамяшчэнне па спартыўнай зале падгрупай пад музыку дазваляе дакладна і якасна выканаць перасоўванне ці перастраенне.

Асаблівае месца музычнае суправа­джэнне займае падчас рухавых гульняў. У некаторых з іх музыка можа выкарыстоўвацца толькі часткова. У сюжэтна-ролевых рухавых гульнях музычнае суправаджэнне актыўна ўздзейнічае на характар і вобраз персанажа, яго настрой. Але прымяняць музыку варта вельмі акуратна. Пры развучванні рухавай гульні трэба агава­рыць усе гукавыя дзеянні: пад якую музыку бяжыць ліса, скача заяц і г.д.

Старэйшыя дашкольнікі ўжо ўмеюць дакладна і правільна перастройвацца пад акампанемент музычнага кіраўніка, які выкарыстоўвае для гэтага неабходную музыку. Падабраныя фанаграмы можна камбінаваць з жывой музыкай у залежнасці ад відаў фізічных практыкаванняў.

Адаптаваўшыся да гучання музыкі на фізкультурных занятках, выхаванцы лёгка пераключаюцца з аднаго задання на іншае ў адпаведнасці з характарам музыкі і ў іншых формах фізкультурна-аздараўленчай работы (фізкультурныя адпачынкі, забавы і інш.), што эканоміць час на слоўныя заўвагі.

Дзякуючы музычнаму суправаджэнню фізкультурна-аздараўленчай работы, дасягаецца яе большы аздараўленчы эфект.

Аляксандр МІРАНЕНКА,
кіраўнік фізічнага выхавання дзіцячага ясляў-сада № 2 Драгічына.