×

Да самападрыхтоўкі — з творчым падыходам

11.05.2019 15:49,

Самападрыхтоўка — адна з форм арганізацыі вучэбнага працэсу ў групе прадоўжанага дня, якая ўяўляе сабой штодзённыя абавязковыя заняткі, дзе пад кіраўніцтвам педагога дзеці самастойна выконваюць дамашнія заданні, атрыманыя на ўроках.

Самападрыхтоўка выконвае шэраг важных адукацыйных функцый: фарміруе матывацыю да самастойнай дзейнасці, станоўчыя і адказныя адносіны да вучобы, развівае пазнавальную цікавасць, увагу, па­мяць, мысленне, маўленне і камунікатыўныя навыкі, дапамагае навучыцца аналізаваць матэ­рыял, вылучаць у ім галоўнае, параўноўваць і абагульняць, выхоўвае сумленнасць, працавітасць і дысцыплінаванасць.

Выхавальнік ГПД павінен знаходзіцца ў пастаянным кантакце з настаўнікамі пачатковых класаў. Гутаркі, абмеркаванні пэўных пытанняў, сумесная дзейнасць у метадычным аб’яднанні, абмен інфармацыяй дапамагаюць арганізаваць эфектыўную работу, дазваляюць даволі хутка сфарміраваць у малодшых школьнікаў навыкі самастойнай і рацыянальнай вучэбнай працы. 

Самападрыхтоўка для другакласнікаў, якія вучацца ў першую змену, пачынаецца пасля абеду, наведвання гурткоў і адпачынку на свежым паветры. Для стварэння аптымальных умоў на занятках па самападрыхтоўцы неабходна ўлічваць узроўні навучанасці і праца­здольнасці дзяцей.

Пры самападрыхтоўцы выкарыстоўваюцца групавыя формы работы, асабліва пры выкананні дамашніх заданняў па літаратурным чытанні і прадмеце “Чалавек і свет”. Дзеці не толькі замацоўваюць вучэбную інфармацыю, але і атрымліваюць ацэнку таварышаў.  

Франтальная форма работы часцей за ўсё выкарыстоўваецца па матэматыцы, рускай і беларускай мовах, дзе трэба разам успомніць і паўтарыць правілы, азнаёміцца з заданнямі, вылучыць галоўнае, вызначыць ход выканання дамашняга задання. Як правіла, пасля франтальнай работы арганізоўваецца індывідуальнае (парнае) супрацоўніцтва.

Заняткі пачынаюцца з падрыхтоўкі дзецьмі сваіх рабочых месцаў. Вучні правяраюць наяўнасць неабходных падручнікаў, сшыткаў, пісьмовых прылад, сігнальных картак і памятак па выкананні дамашніх заданняў.

Падрыхтоўка да самастойнай работы не павінна займаць шмат часу. У гэтай сітуацыі будзе дарэчнай франтальная форма арганізацыі вучэбнай дзейнасці школьнікаў. Выхавальнік можа выкарыстоўваць для самападрыхтоўкі матэрыялы ўрокаў. Абапіраючыся на памяткі, дзеці ўспамінаюць іх тэму, правілы, схемы і табліцы, па якіх працавалі ў класе. Такім чынам ажыццяўляецца сувязь урока і самападрыхтоўкі.

Выхавальнік дакладна і зразумела абвя­шчае змест задання, тлумачыць рацыянальную паслядоўнасць яго выканання, звяртае ўвагу на тэкст памятак “Як падрыхтавацца да пераказу тэксту”, “Як рашыць задачу” і “Як падрыхтаваць дамашняе заданне па рускай мове”. Памяткі — пастаянны арыенцір у самастойнай рабоце.

Вельмі важна стварыць добразычлівыя ўзаемаадносіны ў дзіцячым калектыве, настроіць дзяцей на плённую работу. Перад пачаткам самападрыхтоўкі паказваю на гадзіннік над дошкай, удакладняю час, адведзены на выкананне вусных і пісьмовых заданняў, звяртаю ўвагу на правіла “Выконвай дамашняе заданне правільна, акуратна, самастойна”. Самападрыхтоўка арганізоўваецца ў два этапы: чытанне
(15—20 хвілін), руская мова і матэматыка.

Індывідуальныя асаблівасці малодшых школьнікаў вызначаюць розны тэмп работы, што, з аднаго боку, стварае пэўныя цяжкасці для выхавальніка (трэба пастаянна кантраляваць працэс выканання заданняў на розных этапах), а з другога — дазваляе паглядзець работу кожнага.

Вучні, якія раней асноўнага часу справіліся з дамашнім заданнем, могуць атрымаць канверт з загадкамі, адгадкі на якія неабходна намаляваць, шарады, маляўнічыя крыжаванкі і рэбусы. Акрамя таго, дзецям можна прапанаваць іншыя віды дзейнасці: чытанне кніг і часопісаў, размалёўванне, розныя настольныя гульні. 

Падчас самападрыхтоўкі мэтазгодна рабіць перапынкі ў рабоце (фізкультхвілінкі, гімнастыку для вачэй, рухавыя гульні), якія дапамогуць зняць напружанне, расслабіцца, ­пераключыць увагу, набрацца новых сіл. Вельмі прадукцыйна даваць розныя самастойныя заданні: шыфроўкі, гульнявыя практыкаванні на павышэнне ўвагі, лагічнага мыслення, трэніроўку памяці. Так, даволі часта прапаноўваю вучням рашыць анаграмы (кот — крот, стол — ствол, лад — клад, оса — коса) і практыкаванне “Самы ўважлівы” (дзеці разглядаюць на стале геаметрычныя фігуры рознага колеру і адказваюць на пытанні “Якія фігуры вы бачылі?”, “Якога яны колеру?”, “У якой паслядоўнасці яны расстаўлены?”, “Колькі ўсяго фігур?”).

Выкарыстоўваю таксама гульні для інтэлектуальнага развіцця (матэматычнае даміно, галаваломкі, лагічныя задачы, лабірынты) і гульні на фарміраванне аналітычных уменняў (“Знайдзі пару”, “Назаві лішняе”, “Прадоўжы рад”, “Займальныя табліцы”, “Дуэль эрудытаў”, “Наборшчык”).

Наступны этап самападрыхтоўкі — самакантроль, узаемаправерка і самаацэнка. Пры фарміраванні навыкаў самакантролю неабходна прывучаць дзяцей прачытваць напісанае практыкаванне, правяраць рашэнні задач і прыкладаў, адказваць на кантрольныя пытанні напрыканцы артыкулаў па літаратурным чытанні і прадмеце “Чалавек і свет”. Карысна ву­чыць дзяцей спосабам самаправеркі: “Знайдзі ў практыкаванні словы, словазлучэнні і сказы на вывучанае правіла”, “Раскажы прачытанае па плане, апорных словах”, “Выканай адваротнае вылічэнне” і інш.

Вялікі ўплыў на развіццё самакантролю аказваюць узаемаправеркі вучняў, падчас якіх выпрацоўваюцца ўменні ацэньваць работу таварышаў.  

Вучняў, якія выконваюць дамашнія заданні хутка і якасна, можна прызначыць памочнікамі выхавальніка, кансультантамі. Яны дапама­гаюць аднакласнікам знайсці памылкі і выправіць іх, слухаюць вывучаныя правілы, вершы і пераказы.

Важны этап самападрыхтоўкі — падвя­дзенне вынікаў работы. Выхавальнік правярае ­якасць выканання дамашніх заданняў, дае ацэнку работам кожнага вучня, адзначае тых, хто працаваў самастойна, падбадзёрвае няўпэўненых дзяцей, заахвочвае добрасумленных, паказвае акуратна выкананыя работы, уручае значкі-сімвалы (умоўныя адзнакі).

На жаль, даволі часта самападрыхтоўка ператвараецца ў дадатковы ўрок. Гэта стамляе вучняў, не дае ім праявіць індывідуальныя магчымасці і пазнавальную цікавасць. Таму, каб зрабіць заняткі больш цікавымі і прадукцыйнымі, арганізоўваю самападрыхтоўку ў форме гульні-падарожжа. Так, кажу дзецям, што сёння яны адпраўляюцца ў падарожжа да мора. Карабель адыходзіць у плаванне ў 15.20. Трэба падрыхтавацца да адпраўлення: уважліва слухаць, акуратна пісаць, добра адказваць. Ведаючы індывідуальныя асаблівасці вучняў, выбіраю камандзіра, яго памочніка, членаў экіпажа і турыстаў-пасажыраў. На дошцы малюю мора і карабель, абазначаю партовыя гарады з рознымі заданнямі, зыходзячы з тэмы, якую дзеці вывучаюць на ўроку. Калі тэма “Ненаціскныя галосныя”, то ў моры плаваюць рыбкі з прапушчанымі літарамі, якія з’еў гукалоў. Дзеці ўстаўляюць прапушчаныя літары і падбіраюць праверачныя словы. 

Калі выхавальнік не проста рашае задачы і прыклады з дзецьмі, а паказвае іх у выглядзе пёраў гусей-лебедзяў, якія яны скідваюць падчас палёту з братам Іванушкам, і вучні бачаць, што ад выканання гэтых заданняў залежыць вызначэнне маршруту птушак і выратаванне Іванушкі, школьнікі працуюць з большай цікавасцю. Калі, спасцігаючы правілы, дзеці вучаць Нязнайку і падчас гэтых заняткаў выконваюцца сцэнкі з касцюмамі і ролевымі практыкаваннямі, то правілы запамінаюцца без асаблівых намаганняў.

Педагог павінен падыходзіць да арганізацыі самастойнай работы дзяцей у групе прадоўжанага дня творча, пастаянна шукаць новыя шляхі і сродкі рэалізацыі цікавых задум.

Людміла ГАРДЗЕЙ,
выхавальніца групы прадоўжанага дня гімназіі Ганцавіч.