×

Дайшлі да Берліна, перамаглі

21.05.2019 15:00,

У Пінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы машынабудавання напярэдадні святкавання Дня Перамогі адбылася прэзентацыя зборніка “Дайшлі да Берліна… і ўзялі”. На сустрэчу былі запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Лявонавіч Півавар, Фёдар Пятровіч Барычэўскі, Лідзія Андрэеўна Гікалава, а таксама дачка Сцяпана Мікалаевіча Еўтуха Алена Сцяпанаўна і дачка Архіпава Сцяпана Феадосьевіча Тамара Сцяпанаўна.

Са словамі прывітання выступіў старшыня РГА “Белая Русь” Віктар Паўлавіч Бруцкі і старшыня савета гарадской арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Мікалай Іванавіч Ягораў. Усім гасцям былі ўручаны выданні. На жаль, не ўсе запрошаныя змаглі сустрэцца з навучэнцамі, але і яны атрымаюць асобнікі кнігі. Літаратурна-мастацкае выданне выпушчана тыражом у 75 асобнікаў Пінскай рэгіянальнай друкарняй.

Выдалі кнігу ўспамінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны юныя краязнаўцы ў рамках святкавання 74-й гадавіны Вялікай Перамогі. Метадалагічнай асновай стварэння зборніка стала дзейнасць навучэнцаў краязнаўчай групы “Пошук”. Выданне — плён шматгадовай працы выкладчыка гісторыі Васіля Максімавіча Лемяшэўскага. На працягу многіх гадоў ён разам са створанай ім патрыятычнай групай працаваў над трапяткой для ўсіх гараджан тэмай удзелу пінчан у Берлінскай наступальнай аперацыі. Члены гуртка даследавалі дакументы пра ўраджэнцаў і жыхароў Пінска, узнагароджаных медалём “За ўзяцце Берліна”, наведалі ветэранаў і запісалі іх успаміны. Вынікі праведзенай працы, падмацаваныя фотаздымкамі, дакументамі і іншымі матэрыяламі даследаванняў, сталі асновай своеасаблівага каталога ўспамінаў удзельнікаў ваенных дзеянняў і працаўнікоў тылу.

З кожным днём усё далей ад нас гераічныя і трагічныя гады вайны, але час не ўладны над памяццю.

Жанна ЦЭВАН,
метадыст Пінскага ДПТК машынабудавання.
Фота аўтара.