×

Дакрануцца да роднага слова

20.12.2019 11:29,

Пазакласная работа — неад’емная частка вучэбна-выхаваўчага працэсу, якая паглыбляе атрыманыя веды, раскрывае індывідуальныя схільнасці вучняў, развівае іх самастойнасць, творчую актыўнасць. Прадметныя тыдні — адна з эфектыўных форм такой работы.

Нядаўна ў нашай школе прайшоў тыдзень беларускай мовы і літаратуры, накіраваны на фарміраванне станоўчай матывацыі да вывучэння роднай мовы і літаратуры, развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей. Праграма тыдня ўключала спаборніцтвы, віктарыны, выставы, гульні і віртуальныя падарожжы, дзякуючы якім вучні больш даведаліся пра багатую спадчыну беларускага народа. 

Пачаўся тыдзень з інфармацыйнай гадзіны “Беларуская мова на сучасным этапе”. Наша мова ўключана ЮНЕСКА ў спіс моў, якім пагражае заняпад і забыццё. Некаторыя даследчыкі прагназуюць менавіта такі шлях развіцця беларускай мовы (юрыдычна абедзве мовы — руская і беларуская — маюць раўнапраўны статус, а фактычна адбываецца скарачэнне функцый роднай мовы аж да змярцвення). Вось што хацелася данесці вучням, абудзіўшы, такім чынам, патрыятычныя пачуцці і нацыянальны гонар. 

У мерапрыемствах прадметнага тыдня актыўна ўдзельнічалі вучні і настаўнікі. Старшакласнікі змагаліся ў конкурсах “Стабальнік” і “Арфаграфічны бой”, пяцікласнікі — у гульні-спаборніцтве “Таямніцы роднай мовы”, шасцікласнікі — у інтэрактыўнай віктарыне “Чароўны квадрат”. Старшакласнікі сышліся таксама ў турніры краязнаўцаў “Мая малая радзіма”. Сямікласнікі і васьмікласнікі ўдзельнічалі ў конкурсе “Жывая крыніца”, дзе падзяліліся пранікнёнымі радкамі пра родную мову, яе мілагучнасць і непаўторнасць. Акрамя таго, былі падрыхтаваны выстава беларускіх прылад працы і побыту, малюнкаў, прысвечаных роднай мове і роднаму краю, і кніжная выстава “Слава кніжцы беларускай”. 

У апошні дзень тыдня адбылася вечарына “У нас хапае слоў сваіх...”, падчас якой гучалі песні, загадкі, вершы, прыказкі, прысвечаныя роднай мове і роднаму краю. Пяцікласнік Даніла Кур’яновіч і васьмікласніца Марына Данілік прачыталі ўласныя вершы пра родную мову і Беларусь. Напрыканцы ўсе прысутныя далучыліся да беларускіх вячорак.

Удзельнікі прадметнага тыдня паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Уразіла актыўнасць і неабыякавасць бацькоў. А міжпрадметныя сувязі з гісторыяй, геаграфіяй, выяўленчым мастацтвам, музыкай і харэаграфіяй  зрабілі прадметны тыдзень больш глыбокім і змястоўным. 

Людміла ЛОЙКУЦ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.