×

Далучаемся на нацыянальнай культуры

19.12.2019 11:33,

Педагогі нашай установы адукацыі актыўна далучаюць выхаванцаў да нацыянальнай культуры і традыцый беларускага народа. Так, з 2015 года рэалізоўваецца інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі арганізацыі патрыятычнага выхавання дашкольнікаў.

За 4 гады зроблена вельмі шмат па розных напрамках дзейнасці. У рамках праекта быў створаны міні-музей “Беларуская хатка”, экспанаты для якога збіралі не толькі педагогі, але і дзеці, іх бацькі. У міні-музеі праводзяцца заняткі, дзе вучні знаёмяцца з побытам, звычаямі і традыцыямі продкаў. Да экспанатаў можна дакрануцца і пагля­дзець, як яны дзейнічаюць. Так, дзецям вельмі падабаецца ставіць чыгунок у печ вілкамі, прасаваць рубелем рэчы, калыхаць люльку для немаўлят.

Музейныя экспанаты выкарыстоўваюцца не толькі на занятках па па­трыятычным выхаванні, але і падчас розных мерапрыемстваў, фальклорных свят і забаў. Адно з іх — “Берасцейскі кірмаш”. У ім удзельнічаюць вучні з бацькамі, якія спяваюць, танцуюць, гуляюць у народныя гульні… Напрыканцы ўсіх чакаюць смачныя пачастункі.

Фарміраваць уяўленні пра родны край, далучаць да нацыянальных каштоўнасцей дапамагаюць куткі края­знаўства, створаныя ў групах. Штогод гэтыя куткі папаўняюцца новымі матэрыяламі.

У бягучым навучальным годз­е дзейнасць педагогаў накіравана на пашырэнне ведаў пра родны горад у рамках яго 1000-годдзя. Куткі края­знаўства папоўніліся цікавымі ілюстрацыйнымі матэрыяламі, дыдактычнымі гульнямі і дапаможнікамі, мастацкімі выданнямі. Адбылася выстава паштовак “З днём нараджэння, любімы Брэст!”. Дарэчы, выставы сумеснай творчасці педагогаў, дзяцей і бацькоў рэгулярна праходзяць у нашай установе (“Ёлка ў нацыянальным стылі”, “Прырода роднага краю”, “Чараўніцтва сваімі рукамі” і інш.). 

У метадычным кабінеце сфарміраваны банк даных эфектыўнага педагагічнага вопыту па патрыятычным выхаванні і працуе пастаянная выстава “Метадычная палітра творчых ідэй”.

Марына КУЧКО,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ясляў-сада — пачатковай школы № 6 Брэста.