×

Далучанасць да спадчыны народа

27.02.2020 14:35,

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 г. і адзначаецца з 2000 года. Свята мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыяе ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу.

Вучні Ляснянскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна гэты дзень вырашылі правесці ў музеі “Замкавы комплекс “Мір”, дзе загадзя была заказана экскурсія на беларускай мове. Вучні рускамоўнай школы чуюць беларускую мову і размаўляюць на ёй, як правіла, толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры, таму зварот да формы экскурсіі ў такія мясціны мэтазгодны, бо далучае вучняў да беларускага слова ў кантэксце духоўнага і сацыяльна-гістарычнага жыцця народа. Экскурсія дазваляе эмацыянальна адчуць сваю далучанасць да духоўнай спадчыны народа.

Мірскі замак — тое месца, дзе ёсць пра што пагаварыць на беларускай мове. Адметнасці архітэктуры замка, яго злучанасць з прыродай, ваенная гісторыя, абарончае дойлідства, культурная спадчына, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мінулых стагоддзяў, партрэты ўладальнікаў замка, старадаўнія сукенкі і аксесуары, кнігі, мэбля, посуд— пра ўсё гэта пачулі вучні з вуснаў экскурсавода.

Хлопчыкаў больш зацікавіла ваенная гісторыя. Асаблівую цікавасць выклікала дзіцячая паўдаспеха, якую прывучалі насіць 6—8-гадовага хлопчыка, навучаючы воінскаму майстэрству. З захапленнем дзеці разглядалі кінжалы, мушкеты, гарматныя ядры, а таксама паляўнічыя стрэльбы, размешчаныя разам з паляўнічымі трафеямі  ў Паляўнічай зале. Увагу дзяўчынак, безумоўна, больш прыцягнулі сукенкі і аксесуары, якімі ўпрыгожвалі сябе дамы мінулых стагоддзяў, рыхтуючыся да баляў.

Такога эмацыянальнага ўспрымання беларускага слова, беларускай гісторыі і культуры, якое атрымалі вучні Ляснянскай сярэдняй школы падчас гэтай экскурсіі, не зможа даць ні адно мерапрыемства ў межах школы.

Таццяна ХАРЫТОНАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ляснянскай сярэдняй школы Баранавіцкага раёна.