×

Дарога даўжынёй у 135 гадоў

22.02.2019 10:42,

Мельніцкая базавая школа — адна з найстарэйшых устаноў адукацыі Маларытчыны. Нядаўна яна адзначыла адразу два юбілеі: 135 гадоў з часу адкрыцця і 50 гадоў з пачатку заняткаў у сённяшнім будынку.

Гэта невялікая сельская школа, дзе працуюць 18 педагогаў і атрымліваюць веды 83 вучні. Установа вядома традыцыямі. Вялікая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму, духоўна-маральнаму, прававому і працоўнаму выхаванню, а таксама фарміраванню здаровага ладу жыцця ў моладзі. Высокі прафесійны ўзровень педагогаў пацвярджаюць вынікі ўдзелу вучняў у розных конкурсах, канферэнцыях і спартыўных спаборніцтвах.

Паводле архіўных дакументаў, школа ў Мельніках адкрылася ў 1884 годзе на сродкі прыхаджан пры ўдзеле мясцовага святара. Гэта было аднакласнае чатырохгадовае царкоўна-прыходскае вучылішча з рускай мовай навучання, дзе набывалі адукацыю 30 вясковых хлопчыкаў і 15 дзяўчынак.

Падчас Першай сусветнай вайны і пэўны час пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі школа не працавала. З 1921 да 1939 года ўстанова была двухкласнай і польскамоўнай з чатырохгадовым тэрмінам навучання. Школу наведвалі 80 дзяцей. Па словах старажылаў, заняткі пачыналіся ў кастрычніку-лістападзе, а заканчваліся ранняй вясной. Зімой школа не працавала з-за моцных маразоў ці недахопу паліва. Некаторыя дзеці былі толькі залічаны ў школу, але не наведвалі яе з-за адсутнасці адзення і абутку.

У 1939—1941 гадах школа атрымала статус пачатковай з рускай мовай навучання, а ў 1941—1942 — з украінскай мовай навучання. У 1943 годзе ўстанову спалілі немцы. У кастрычніку 1944 года ў Мельнікі прыехаў былы партызан, настаўнік Міхаіл Іосіфавіч Івашын. Ён праводзіў заняткі ў хатах вяскоўцаў, а затым у недабудаваным магазіне. У першы клас былі залічаны дзеці 7—12 гадоў. Міхаіл Іосіфавіч узначальваў у Мельніках пачатковую школу з рускай мовай навучання з 1944 да 1952 года. З 1952 да 1958 у вёсцы дзейнічала сямігадовая школа з беларускай мовай навучання, а ў 1958–1968 — пачатковая школа з рускай мовай навучання. У 1967 годзе пачалося будаўніцтва новага будынка ўстановы. У лютым 1969-га школа прыняла вучняў.

Статус школы неаднаразова мяняўся. З 1969 да 1980 года яна была сярэдняй, а з 1980 года і да сённяшняга часу — базавай. На працягу 1969—2006 установу адукацыі ўзначальвала Кацярына Трафімаўна Ківачук. Затым дырэктарам быў Валерый Мікалаевіч Жыгалаў. Апошнія 10 гадоў на чале калектыву стаіць Іван Барысавіч Шышук.

У школьным музеі сабраны дакументы, фотаздымкі, успаміны педагогаў і  выпускнікоў установы. Святочнае мерапрыемства з нагоды юбілею пачалося са знаёмства з музейнай экспазіцыяй. Потым госці наведалі выстаўку творчых работ настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў “Нашай школе прысвячаецца”, а таксама святочны канцэрт, падрыхтаваны калектывам установы. Педагогаў і вучняў павіншавалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанна Стаціўка, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Якубчык, начальнік раённага аддзела па адукацыі Таццяна Лаўрэенка, старшыня Маларыцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Бурштын. Шмат цёплых слоў адрасавалі школе прадстаўнікі Хаціслаўскага лясніцтва, мясцовага храма, Хаціслаўскага сельсавета, Хаціслаўскай сярэдняй школы, Хаціслаўскага СДК. Найлепшыя педагогі былі адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.