×

Для любімых мам

22.10.2019 14:22,

“Нізка кланяемся табе, жанчына, чыё імя Маці!” — пад такой назвай у нашай школе ў рамках праекта па сямейным выхаванні прайшоў сход для бацькоў вучняў 9 “Б” класа з удзелам дзяцей. 

Мерапрыемства пачалося з аповеду пра ролю сям’і, найперш маці, у выхаванні дзяцей. Вучні ў вершаванай і празаічнай форме расказвалі, якія цудоўныя ў іх мамы і якое месца яны адыгрываюць у жыцці.

Цёплыя, добрыя і шчырыя словы прагучалі са сцэны не толькі ў адрас мам, але і тат, бабуль. Мамы вучняў актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемстве. Так, С.Г.Жук разам з дачкой Алінай выканала песню “Мама”, якая нікога не пакінула раўнадушным.

Хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі класны сямейны альбом, які пагарталі падчас сходу і дзякуючы якому дарослыя і дзеці акунуліся ў атмасферу дамашняга цяпла, падарожжаў і адпачынку ў сямейным коле.

Не хаваючы слёз, слухалі бацькі сваіх дзяцей, калі тыя з ружамі і маленькімі сэрцайкамі-сувенірамі выйшлі на сцэну, пастроіўшыся літарай “м”, і падзякавалі мамам і татам за іх любоў і падтрымку.


Таццяна АГЕЙКА,
класны кіраўнік 9 “Б” класа сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.