×

Для сябе і іншых

09.07.2019 11:58,

Адкрыць сваю справу ў невялікім раённым гарадку — вялікая рызыка. Але індывідуальны прадпрымальнік Аляксей Жох з Маларыты палічыў, што ў яго ўсё атрымаецца. Прадчуванне не падманула. Са студзеня ў райцэнтры дзейнічае прыватная школа бокса.

— Новае заўсёды насцярожвае невядомасцю, — гаворыць Аляксей. — Сумненняў было шмат. Справа магла не пайсці. Не ведаў, ці прыжывецца мая задума ў Маларыце, хаця яе першаадкрывальнікам быў не я, а Павел Дзячук. Абапіраўся на яго вопыт. Ад задумы да яе рэалізацыі прайшло некалькі гадоў. Школа заняла сваё месца на рынку паслуг. Працую з вялікім задавальненнем. Прыемна ўсведамляць, што мая работа дапамагае мясцовай моладзі з карысцю праводзіць вольны час.

Аляксей Жох — выпускнік Маларыцкай раённай гімназіі і біялагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна. З 16 гадоў сур’ёзна займаецца адзінаборствамі. Трэ­ніраваўся ў прыватнай школе бокса Паўла Дзечука. У скарбонцы дасягненняў — больш за 30 перамог на розных рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцт­вах па рукапашным баі. Кандыдат у майстры спорту па ўшу (саньда).

— Ідэя адкрыць уласную школу бокса ў Маларыце з’явілася пасля службы ў арміі, — расказвае Аляксей. — На працягу некалькіх месяцаў афармляў неабходныя дакументы. Перад цяжкасцямі рукі не апускаў. Трэніроўкі праходзяць у памяшканні плошчай 60 м2. Пакуль гэтага дастаткова. 

Школа бокса Аляксея Жоха працуе 6 разоў на тыдзень. Яе наведваюць больш за 50 чалавек. Трэніроўкі арганізаваны ў 3 узроставых групах: дзіцячай (6—9 гадоў), сярэдняй (10—14 гадоў) і дарослай (15 гадоў і старэйшыя). Самаму “старому” вучню ўжо за 40. Трэніруюцца пераважна юнакі, дзяўчат — адзінкі. Заняткі могуць быць індывідуальнымі і групавымі. Аляксей вучыць таксама ўсходнім кантактным адзінаборст­вам, напрыклад, асновам ушу з элементамі бокса, кікбоксінга і барацьбы. Трэніроўкі ў школе бокса прахо­дзяць у кожнай групе 3 разы на тыдзень.

— З новага навучальнага года вучні школы будуць удзельнічаць у спаборніцтвах, — гаворыць Аляксей. — Сёння фарміруецца каманда. Ёсць вельмі перспектыўныя вучні. Думаю, у нас будуць перамогі на спаборніцтвах рознага ўзроў­ню. Дзеля гэтага мы старанна трэніруемся.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.