×

Добрая справа

10.07.2019 14:37,

Праект “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”, які рэалізоўваецца ў Беларусі, дазваляе кожнаму займацца ўскоснай дабрачыннасцю без фінансавых, матэрыяльных і часавых затрат, унесці ўклад у паляпшэнне навакольнага асяроддзя праз раздзельны збор розных відаў пластыку, змяншэнне колькасці смецця, эканомію першасных матэрыяльных рэсурсаў.

Праект прадугледжвае збор пластыкавых накрывак у спецыяльных кантэйнерах, усталяваных у гандлёвых і іншых аб’ектах, іх далейшую перадачу перапрацоўчым арганізацыям на платнай аснове і аказанне дапамогі хворым дзецям і дарослым (медыкаментамі, медінвентаром, медабсталяваннем) за кошт атрыманых сродкаў. Гэты спосаб аказання дапамогі прыродзе і людзям паспяхова дзейнічае ў 42 краінах свету.

На Пружаншчыне першымі адгукнуліся на праект гімназія і Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. У рамках праекта сабрана больш чым 10 кг накрывак. Самыя актыўныя ўдзельнікі з ліку вучняў атрымалі дыпломы і падарункі.

Збірайце накрыўкі паўсюль, расказвайце аб праекце сябрам, родным і знаёмым, выхоўвайце ў сабе экалагічную культуру і міласэрнасць.

Ала БРАЛКО,
загадчыца экалагічнага аддзела Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Пружан.