×

Добрых спраў зашмат не бывае

28.12.2019 12:52,

Штогод у снежні на Брэстчыне пачынаецца сезон цудаў і добрых спраў. Цімураўцы БРПА і валанцёры БРСМ ператвараюцца ў чараўнікоў, якія дораць дзецям усмешкі і радасць.

У рамках абласнога фестывалю цімураўскіх і валанцёрскіх атрадаў “Траекторыя дабра”, які прайшоў у ­Брэсцкім тэатры лялек, стартавала абласная дабрачынная акцыя “Ёлка жаданняў”. Яе ўдзельнікамі сталі жыхары вобласці ва ўзросце ад 8 да 23 гадоў з цяжкімі захворваннямі. Нягледзячы на жыццёвыя выпрабаванні, яны мужна змагаюцца з хваробамі і жывуць надзеяй на лепшае. 35 хлопчыкаў і дзяўчынак напісалі пісьмы Дзеду Марозу з патаемнымі жаданнямі, якія паклалі ў чырвоныя рукавічкі і якімі ўпрыгожылі навагоднюю ёлку.

— Большасць дзяцей і маладых інвалідаў рэдка выходзяць з дома з-за цяжкіх захворванняў, — расказвае першы сакратар Брэсц­кага абкама БРСМ Ю.С.Сегенюк. — Каб пашырыць кола зносін, яны просяць падарыць ім новы смартфон, планшэт ці ноўтбук. Сярод іншых навагодніх жаданняў — настольная лямпа, бранзалет для вымярэння артэрыяльнага ціску з агучваннем, энцыклапедыя для дзяўчынак і інш. БРПА і БРСМ разам з зацікаўленымі і нераўнадушнымі жыхарамі вобласці і арганізацыямі-спонсарамі пастараюцца ажыццявіць дзіцячыя мары. Хаця многія з іх і наіўныя, але ў большасці выпадкаў яны звязаны з неабходнымі рэчамі. Ёсць тыя, хто нічога не просіць для сябе, а марыць ­здзейсніць жаданне іншага дзіцяці.

— Піянерыя Брэстчыны актыўна далучылася да дабрачыннага праекта “Цяпло нашых сэрцаў”, які ўпершыню прайшоў летась і сутнасць якога заключаецца ў калектыўным вырабе вязаных пледаў для хоспісаў, дамоў-інтэрнатаў для ветэранаў, адзінокіх пажылых людзей, — гаворыць старшыня Брэсцкага абласнога савета БРПА С.Ц.Мірчук. — У эпіцэнтры добрых спраў усе жадаючыя могуць прынесці вязаныя квадрацікі, створаныя ў піянерскіх дружынах вобласці. З іх у творчых майстэрнях будуць пашыты яркія і прыгожыя пледы, якія валанцёры падо­раць ветэранам вайны і працы, адзінокім пажылым людзям і дзецям-інвалідам. Не застануцца без цудаў і браты нашы меншыя. Дзеці змайструюць цёплыя домікі і ляжанкі для жывёл, кармушкі для птушак, арганізуюць збор корму, наведаюць прытулкі для бяздомных жывёл. На дваровых пляцоўках для іх з’явяцца цёплыя маляўнічыя домікі. У рамках акцыі “Цёплая зіма”, што прайшла на Іванаўшчыне, валанцёры вырабілі вязаныя палотны, якімі абгарнулі дрэвы ад холаду, стварыўшы адначасова святочны настрой.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.