×

Дорыць людзям радасць

27.07.2019 12:07,

“Іду па жыцці з усмешкай і імкнуся дарыць людзям радасць”, — гаворыць педагог дадатковай адукацыі, метадыст Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці, старшыня раённай піянерскай арганізацыі, кіраўнік валанцёрскай каманды “Альтэрнатыва” Юлія Дзмітрыеўна Муха, прыгожая і абаяльная дзяўчына.

Нарадзілася Юлія на Ганцавіччыне. З дзяцінства дапамагала іншым людзям, выслухоўвала іх праблемы і заўсёды імкнулася даць сяброўскую параду. Таму, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, дакладна ведала, што стане педагогам-псіхолагам. Скончыла БарДУ, вярнулася на малую радзіму. Працавала педагогам-арганізатарам у Востраўскай сярэдняй школе, педагогам-псіхолагам у Ганцавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце. Калі прапанавалі перайсці ў Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці, доўга не раздумвала: хацелася творчай самарэалізацыі.

— У нашай установе шмат цікавых педагогаў, гатовых падказаць і дапамагчы, — заўважае Ю.Д.Муха. — Работа цікавая, таму ахвотна пагадзілася стаць яшчэ і метадыстам, які каардынуе дзейнасць раённай арганізацыі БРПА. Мая задача — рабіць усё магчымае, каб дзеці ўступалі ў шэрагі піянераў з радасцю і гордасцю. Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у розных акцыях і конкурсах, дапамагаюць ветэранам і адзінокім людзям, — словам, займаюцца добрымі справамі.

Юлія Дзмітрыеўна — кіраўнік валанцёрскай каманды па роўным навучанні “Альтэрнатыва”, куды ўваходзяць юныя актывісты, якія агітуюць за здаровы лад жыцця.

— Валанцёрская дзейнасць дапамагае падлеткам стаць смелымі, упэўненымі і разняволенымі, навучыцца праводзіць самастойныя прафілактычныя мерапрыемствы з равеснікамі, — расказвае Ю.Д.Муха. — У сёлетніх раённых спаборніцтвах сярод валанцёраў наша каманда перамагла ў намінацыі “Валанцёрскі дэбют”. Рыхтуемся да абласнога конкурсу.

Прыйшоўшы ў цэнтр, Юлія Дзмітрыеўна вырашыла сумясціць любімую работу педагога-псіхолага і педагога дадатковай адукацыі, стварыўшы аб’яднанне па інтарэсах “Арт-майстэрня”. У аснове заняткаў — методыка арт-тэрапіі.

— Мастацтва і творчасць моц­на ўздзейнічаюць на псіхаэмацыянальны стан чалавека, — гаворыць Ю.Д.Муха. — З дапамогай арт-тэрапіі дзеці могуць праявіць сябе ў зрокавых вобразах пры маляванні, лепцы і майстраванні чаго-небудзь. Хлопчыкі і дзяўчынкі ствараюць на занятках розныя вырабы, якія не толькі паспяхова прадстаўляюць на раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах-конкурсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і з дапамогай якіх знімаецца псіхаэмацыянальнае напружанне.

Юлія Дзмітрыеўна з дзяцінства вельмі любіла рукадзелле: вязала пруткамі і кручком, вышывала крыжыкам, шыла мяккія цацкі і розныя сувеніры, майстравала вырабы з паперы і кардону. Сёння педагог з радасцю дзеліцца сваімі ўменнямі з выхаванцамі, дзякуючы ўседлівасці і працавітасці якіх ствараюцца адметныя работы.

Педагог лёгка знаходзіць падыход да дзяцей рознага ўзросту, бо заўсёды на адной хвалі з імі. Юлія Дзмітрыеўна зразумее, падтрымае, выслухае, параіць. І справа не ў псіхалагічнай адукацыі, а ў душэўных якасцях.

У педагога шмат энергіі і энтузіязму. Калі яна гаворыць пра сваю работу, у яе вачах з’яўляюцца маленькія іскрынкі шчасця. А гэта яскравая прыкмета любові да прафесіі і гордасці за яе. Юлія Дзмітрыеўна — прыклад для пераймання. Яна не толькі таленавіты педагог і выдатны майстар сваёй справы, але і прыстойны, чуйны і справядлівы чалавек. У людзях цэніць сумленнасць, адкрытасць, адказнасць. Вольны час праводзіць з роднымі і блізкімі. А для любімага рукадзелля заўсёды знойдзе гадзіну-другую.

Кацярына ЛЕЛЕС,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр” Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.