×

Дзецям патрэбны не павучанні, а прыклады

06.11.2019 12:12,

Школьная жыццё навучэнца — гэта не толькі вучоба і дамашняе заданне, шмат увагі ў школе ўдзяляецца выхаванню рознабакова развітой асобы. З гэтай мэтай праводзяцца розныя мерапрыемствы. І каб вучням было цікава, класнаму кіраўніку даводзіцца кожны раз прыдумляць нешта новае.

Самы любімы прадмет у маіх дзяцей — урок фізічнай культуры і здароўя. Дзеці з задавальненнем выконваюць заданні, практыкаванні, бегаюць, скачуць, гуляюць. Таму нядзіўна, што госцем адной з класных гадзін стаў кандыдат у майстры спорту Беларусі, удзельнік зменнага складу нацыянальнай каманды па лёгкай атлетыцы Уладзіслаў Дронь. Дарэчы, для адной з маіх вучаніц Дар’і Дронь гэта родны брат, якім яна вельмі ганарыцца.

Улад вучыўся ў нашай школе. У дзяцінстве не вызначаўся моцным здароўем, але дзякуючы лёгкай атлетыцы ў ДЮСШ ператварыўся ў хуткага, цягавітага юнака. Вялікі ўклад у фарміраванне асобы маладога чалавека ўнесла Брэсцкая школа алімпійскага рэзерву, куды хлопец патрапіў пасля 8 класа. Улад расказаў, што спачатку яму было цяжка: трэба і вучыцца, і трэніравацца. Не раз наведвалі сумныя думкі ўсё кінуць і вярнуцца дадому. Але атрымалася пераадолець і гэта выпрабаванне. Школа навучыла самастойнасці, дысцыпліне, цярпенню, надала ўпэўненасці ў сваіх сілах і падказала, куды рухацца далей.

Зараз Улад вучыцца на факультэце фізічнай культуры БДУ. Пасля заканчэння ўніверсітэта стане трэнерам масавых відаў спорту. Ва Улада атрымліваецца сумяшчаць вучобу, трэніроўкі і ўдзел у спаборніцтвах. Каб даказаць праўдзівасць сваіх слоў, хлопец паказаў шматлікія медалі і дыпломы за ўдзел у розных спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Усе ўзнагароды і фатаграфіі беражліва захоўваюцца ў сям’і Дронь.

Улад асабіста знаёмы з многімі беларускімі спартсменамі. У падарунак дзецям ён пакінуў аўтограф Эльвіры Герман — нашай вядомай лёгкаатлеткі, якая заваявала залаты медаль на ІІ Еўрапейскіх гульнях.

Адзін філосаф казаў: “Дзецям патрэбны не павучанні, а прыклады”. Улад Дронь стаў такім для вучняў нашай школы. Ён паказаў дзецям, што дзякуючы заняткам спортам і фізкультурай можна стаць здаровым, актыўным і мэтанакіраваным.

Аксана КЛІМАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 1 імя ЧБВА Пружан.