×

Дзеля прыроды і людзей

23.05.2019 12:17,

Яслі-сад № 7 Баранавіч стаў першай дашкольнай установай горада, дзе пачаў рэалізоўвацца сацыяльна-экалагічны праект “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”.

— Гэты дабрачынны праект ахапіў многія рэгіёны Беларусі, — расказвае выхавальніца ясляў-сада С.І.Мялік. — Даведалася пра яго з сацыяльных сетак і не змагла застацца раўнадушнай. Лічу, што заваяваць свет можна не ціскам, а дабрынёй. З дапамогай маляўнічых лістовак праінфармавала бацькоў, наколькі лёгка і даступна можна стаць карысным і патрэбным.

У калідорах установы створаны дзве зоны для збору накрывак, дзе іх могуць пакінуць усе жадаючыя. Акрамя таго, ёмістасці для накрывак размешчаны ў групах. Там жа можна азнаёміцца з інфармацыяй аб праекце і патрабаваннях да другаснай сыравіны. Каб праект ахапіў як мага большую колькасць людзей, выхавальнікі прапаноўваюць мамам і татам размясціць аналагічныя ёмістасці па месцы сваёй работы.

— Сабраныя накрыўкі будуць перададзены ў пункты прыёму другаснай сыравіны і затым адправяцца на перапрацоўчыя прадпрыемствы, — гаворыць С.І.Мялік. — Атрыманыя грашовыя сродкі накіруюцца на закупку медыкаментаў, медінвентару і медабсталявання для хворых дзяцей і дарослых. Нязначная, здавалася б, ініцыятыва дапаможа і прыро­дзе, і людзям. Не заставайцеся ў баку ад добрых спраў! Далучайцеся да праекта! 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.