×

Дзень здароўя

15.05.2019 12:25,

Фізкультура і спорт — гэта не толькі медалі і чэмпіёнскія тытулы, але і здароўе, сіла і добры настрой. Педагогі нашага ясляў-сада актыўна далучаюць дзяцей да фізкультуры.

Нядаўна ва ўстанове прайшоў дзень здароўя “Любім спортам займацца”. Раніца пачалася з вясёлай зарадкі, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі зарадзіліся добрым настроем на ўвесь дзень. Выхавальнікі правялі ў групах тэматычныя гутаркі і заняткі “Я здароўе берагу”, “Я і маё здароўе”, “Мы за ЗЛЖ”, “Што азначае быць здаровым?” і інш.

Цікава і весела прайшло спартыўна-забаўляльнае мерапрыемства, якое ўключала захапляльныя спаборніцтвы і гутаркі. Кожны ўдзельнік мог праявіць сілу, спрытнасць, хуткасць і кемлівасць. Пачалося ўсё каля галоўнага ўвахода ў яслі-сад, дзе дашкольнікаў сустракалі казачныя і мультыплікацыйныя персанажы Маша і Мядзведзь, Карлсан, Пятрушка, Весялінка і Спорцік. Разам з імі дзеці зрабілі размінку, пасля чаго адправіліся ў падарожжа па розных станцыях, дзе гулялі, скакалі, бегалі, весяліліся, праходзілі паласу перашкод.

Па выніках кожная група за спартыўныя дасягненні была адзначана граматай. Зразумела, у гульнях і спаборніцтвах перамагла дружба.

Дзень здароўя пакінуў незабыўныя ўражанні і цудоўны настрой. 

Яўгенія БАБКО,
кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 4 Ганцавіч.