×

Дзівосны свет тэатра

14.03.2019 17:26,

Загадкавы свет пачуццяў: вобразы, фарбы, пахі, гукі, успаміны. Праз свет пачуццяў пралягае шлях да сувязі і абмену інфармацыяй з усім Сусветам. Здароўе, на думку ўсходніх мудрацоў, залежыць ад таго, наколькі гарманічныя ўзаемаадносіны чалавека з навакольным светам, з якім ён звязаны тысячамі бачных і нябачных нітак. А мы бяжым без аглядкі, як Фядорын посуд, ляцім усё наперад і наперад. У сваім імкненні да пошуку інфармацыі мы часам страчваем нешта вельмі важнае, крохкае, вытанчанае і дарагое

Дзякуючы тэатралізаванай дзейнасці дзіця пазнае свет не толькі розумам, але і сэрцам. Дашкольны ўзрост — адзін з найбольш адказных перыядаў. Менавіта ў гэтыя гады закладваюцца асновы здароўя, гарманічнага разумовага, маральнага і фізічнага развіцця, фарміруецца асоба. Пашырэнне пазнавальнага вопыту дзіцяці азначае не пасіўнае засваенне якіх-небудзь пэўных ведаў, а фарміраванне эмацыянальнага каштоўнаснага стаўлення да з’яў і аб’ектаў навакольнай рэчаіснасці, узбагачэнне рацыянальнай і пачуццёвай сферы, аднаўленне гармоніі свету пачуццяў і свядомасці. Ёсць думка, што інтэлект — гэта здольнасць эфектыўна адаптавацца да знешняга асяроддзя. І вельмі часта творчасць разглядаецца як найвышэйшая форма інтэлектуальнай дзейнасці.

Унікальныя магчымасці дзіцяці найпаўней выяўляюцца і развіваюцца ў творчай дзейнасці, у прыватнасці тэатралізацыі. Яна блізкая і зразумелая дзіцяці, глыбока пранікае ў яго прыроду і знаходзіць адлюстраванне стыхійна, таму што звязана з гульнёй.

Прырода тэатральнай дзейнасці разнастайная. Тэатральная гульнёвая дзейнасць (сінтэтычны від) уключае элементы гульнявой, мастацка-маўленчай, выяўленчай, музычнай дзейнасці. Тэатральная творчасць — работа калектыўная, засяроджвае ўвагу на даследаванні асобы, раскрыцці яе ўнутранага свету, спараджае мноства новых сцэнічных вобразаў, гатоўнасць да імправізацыі і экспромтаў, імкненне да творчасці, самавыяўлення, агульнаму поспеху. Усё гэта ляжыць у аснове сумеснай тэатралізаванай дзейнасці. А асноўная мэта дзіцячай тэатральнай творчасці — садзейнічанне станаўленню дзіцяці як асобы.

А вось і памочнікі — структурныя кампаненты тэатральнай дзейнасці: артыкуляцыйная гімнастыка, пальчыкавыя гульні, фанетычныя практыкаванні, скорагаворкі, рыфмоўкі, моўныя гульні, работа над выразнасцю і інтанацыяй слова, знаёмства з тэкстам, мадэляванне, дыхальная гімнастыка, рытмапластыка, піктаграмы эмоцый, практыкаванні на позу, міміку, жэст, азнаямленне з тэатрам. Усё гэта насычае і робіць тэатралізаваную дзейнасць цікавай, эмацыянальнай і займальнай. Развівае, разнявольвае, стымулюе работу маўленчага апарату і ўсяго арганізма. А з якім задавальненнем дзеці іграюць на сцэне! Але гэта ўсяго толькі частка піраміды, верхавіна якой — актывізацыя творчасці.

Працуючы над драматызацыяй казкі ці пастаноўкай спектакля, я ўвесь час складала чатырохрадкоўі або песенькі для герояў у розных варыянтах, а потым сумесна з дзецьмі вырашалі, які падыдзе больш. Складальніцтва, кампазітарства ў дзяцей арганічна ўплецены з уваходжаннем у ролю. Дзіця — ад прыроды істота актыўная, любіць не толькі слухаць казкі, але і дзейнічаць, тварыць, абапіраючыся на іх.

На прыкладзе казак мы бачым, наколькі дзіця імкнецца раскрыць, выкарыстаць скарб мовы і ўжо валодае граматычным ладам, сваім стылем і адначасова адлюстроўвае ўзровень разумовага, эстэтычнага і эмацыянальнага развіцця. У дзіцяці ствараецца іерархія матываў, зараджаюцца выдатныя, высокія пачуцці — любоў да родных, блізкіх, Радзімы.

Ірына ЗУЗІНА,
загадчык ясляў-сада № 49 Магілёва.