×

Эксклюзіўныя “Каласавіны” ў Пінкавічах

06.11.2019 14:25,

Дзе-дзе, а ў школах Пінскага раёна ўсе ведаюць, што “Каласавіны” — гэта Якуба Коласа імяніны. І што адзначаюцца яны штогод у Народным літаратурна-краязнаўчым музеі Якуба Коласа ў Пінкавічах. Тыя, каму пашанцавала хоць аднойчы паўдзельнічаць у свяце, адзначаюць, што кожныя “Каласавіны” маюць нешта эксклюзіўнае.

У мінулым годзе надоўга хапіла ўражанняў вучням і настаўнікам нашых школ, якія рыхтавалі відэафільмы па тэмах “Новая зямля” і “Сымон-музыка”. А найлепшыя артысты і рэжысёры былі запрошаны на “Пінкавіцкі кінафістываль”. Сёлетнія ж “Каласавіны” адметныя незвычайнай выставай унікальных экспанатаў, звязаных з асобай Якуба Коласа, якую цікава прадставіла вядучы навуковы супрацоўнік Святлана Пятроўна Цылімава. Варта адзначыць, што будзе праходзіць экспазіцыя на працягу месяца.

Што тычыцца творчасці Якуба Коласа, то ў цэнтры ўвагі на гэты раз быў твор-юбіляр — трылогія “На ростанях”. Тэатралізаваныя ўрыўкі з яе таленавіта прадставілі гледачам вучні Пінкавіцкай і Аснежыцкай сярэдніх школ, якіх падрыхтавалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Марыя Паўлаўна Дудко і Алена Уладзіміраўна Кудзіна. Акрамя таго, Марыя Паўлаўна зрабіла музычны сюрпрыз — песню “Ручэй” на словы пісьменніка.

Паэзія Якуба Коласа, як вядома, напеўная і мілагучная. Таму ўдзельнікі “Каласавін” з задавальненнем выканалі песню-гімн малой радзіме “Мой родны кут…”, словы якой ужо другое стагоддзе кранаюць да слёз і выхоўваюць любоў да роднай зямлі. А напрыканцы свята па добрай традыцыі ўсе праспявалі “Чаму ж мне не пець…”.

Супрацоўнікі Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа ў Пінкавічах робяць усё, каб кожная экскурсія ператваралася ў сапраўднае свята роднага слова, якое проста і прыгожа ўвабрала ў сябе творчасць Песняра.


Жанна ВЕРЫЧ,
метадыст Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Я. Коласа.