×

Фарміруем біялагічнае мысленне праз развіццё эвалюцыйных паняццяў

24.09.2019 11:59,

Змест школьнага курса біялогіі характарызуецца вялікім аб’ёмам інфармацыі, напоўненым тэрмінамі, паняццямі, вядучымі ідэямі, заканамернасцямі. Як зрабіць, каб вучні паспяхова засвоілі вялікі аб’ём матэрыялу, а іх веды былі трывалымі і ўсвядомленымі? Спосаб зубрэння неэфектыўны, бо прыводзіць да бессістэмнага запамінання неістотных прымет асобных аб’ектаў і з’яў, з-за чаго веды не затрымліваюцца ў памяці. Важна, каб дзеці бачылі агульнае, фундаментальнае, асноўнае ў вялікім аб’ёме матэрыялу. Сфарміраванае біялагічнае мысленне дазваляе пазбегнуць завучвання вялікай колькасці дэталей. Вопыт паказвае, што біялагічнае мысленне эфектыўна развіваецца падчас паэтапнага асваення біялагічных паняццяў, у тым ліку эвалюцыйных.

Сістэма эвалюцыйных паняццяў — важны складнік агульнай сістэмы біялагічных паняццяў. Паводле вучэбнай праграмы, паняцце “біялагічная эвалюцыя” ўво­дзіцца толькі ў 11 класе. Паколькі матэрыял па эвалюцыі базіруецца на законах і тэорыях і з’яўляецца даволі складаным для засваення, неабходна як мага раней фарміраваць эвалюцыйныя ўяўленні школьнікаў, што дазволіць ім усвядомлена засвоіць неабходны матэрыял у 11 класе і дапаможа развіць біялагічнае мысленне. Да разумення эвалюцыі дзяцей трэба падводзіць паступова, на працягу ўсяго курса біялогіі праз тэмы-пасрэднікі.

Для паспяховага засваення эвалюцыйных паняццяў неабходна развіваць у вучняў уменне параўноўваць біялагічныя аб’екты, вызначаць рысы ўскладнення, перавагі, якія атрымалі арганізмы ў выніку ўскладнення, даказ­ваць роднасць, паходжанне, вызна­чаць прыстасаванне арганізмаў да навакольнага асяроддзя і эвалюцыйнае і сістэматычнае становішча. Біялагічнае паняцце можа быць правільна засвоеным толькі пры ўмове дакладнага і яснага ўяўлення пра прадмет ці з’яву, заснаванага на непасрэдным успрыманні — назіранні. Таму вялікую ролю набывае нагляд­насць, найперш — натуральная. Усё, што можна паказаць, трэба пака­зваць: дажджавога чарвяка, дафнію, павука і інш.

Для засваення паняццяў, акрамя натуральнай нагляднасці, мэтазгодна выкарыстоўваць і розныя віды выяўленчай нагляднасці: тэматычны стэнд “Схема развіцця арганічнага свету”, муляжы па эвалюцыі галаўнога мозга пазваночных, шкілеты пазваночных і інш. Стэнд можна выкарыстоў­ваць на працягу ўсяго курса біялогіі. Так, ужо ў 6 класе пры вывучэнні тэмы “Разнастайнасць жывых арганізмаў” знаёмлю дзяцей са схемай і цікаўлюся, чаму яна адлюстравана ў выглядзе дрэва, чаму розныя групы арганізмаў размяшчаюцца на розных галінках, чым адрозніваюцца арганізмы з верхніх галінак ад арганізмаў з ніжніх. У 7—8 класах вывучэнне разнастайнасці жывых арганізмаў суправаджаю экскурсіяй па схеме з выкарыстаннем пытанняў “Ад якой групы раслін утварыліся голанасенныя?”, “Ад якой групы жывёл утварыліся млекакормячыя?”, “Якім сістэматычным групам далі пачатак паўзуны?” і інш. Адзінаццацікласнікі па схеме вызначаюць арамарфозы.

Адна з важных умоў паспяховага засваення паняццяў — мысліцельная дзейнасць вучняў, якую вельмі добра стымулююць праблемныя пытанні (“Чаму мхі называюць земнаводнымі ў свеце раслін?”, “Чаму птушкі змаг­лі ўзняцца ў паветра?”) і сітуа­цыі (“Рыбы — водныя істоты. Асвоіўшы ўсе жыццёвыя рэсурсы свайго асяроддзя, яны высадзілі дэсант на сушу. З якімі праблемамі сутыкнуліся гэтыя першапраходцы?”).

Сістэматычныя групы арганізмаў у 7—8 класах важна вывучаць з пункту гледжання эвалюцыйнага развіцця. Таму неабходна, каб вучні ўмелі найперш параўноўваць арганізмы розных сістэматычных груп і вызначаць прыметы іх ускладнення і спецыялізацыі. Звяртаюся да праблемных пытанняў (“Чым адрозніваюцца мхі ад водарасцей?”, “Чым адрозніваюцца круглыя чэрві ад плоскіх?”, “Якія перавагі набылі плоскія чэрві ў выніку з’яўлення стваловай нервовай сістэмы?”) і заданняў (“Пакажыце рысы падабенства кольчатых чарвей і членістаногіх”, “Пакажыце адрозныя рысы папарацепадобных”).

Каб навучыць дзяцей дака­зваць роднасць і паходжанне, неабходна падвесці іх да таго, што арганізмы мяняюцца і ўскладняюцца праз пераходныя формы (“На аснове якіх прымет навукоўцы лічаць археаптэрыкс пераходнай формай паміж паўзунамі і птушкамі?”, “Пра што сведчыць падабенства ланцэтніка і кольчатых чарвей?”, “З якой групай раней вывучаных арганізмаў звязваюць узнікненне мхоў?”, “У чым значнасць каланіяльных водарасцей для навукоўцаў?”).

Пры вывучэнні батанікі, заалогіі, анатоміі, агульнай біялогіі трэба паказаць, што любая прымета з’яўляецца прыстасаваннем (“Чаму бактэрыі распаўсю­джаны ўсюды?”, “Чаму пратысты характарызуюцца вялікай разнастайнасцю?”, “Якое значэнне ў жыцці бактэрый адыгрывае спора?”, “Якое значэнне ў жыцці пратыстаў адыгрывае палавое размнажэнне?”, “З чым звязана з’яўленне сапраўдных тканак у папаратнікаў?”, “У чым заключаецца значэнне розных жыццёвых форм?”, “Якое значэнне адыгрываюць відазмяненні парасткаў?”, “Якія прыметы набылі паўзуны ў выніку выхаду на сушу?”, “Якую будову ма­юць эрытрацыты ў сувязі са сваёй функцыяй?”).

Вялікую ролю ў фарміраванні паняццяў займае сістэма ўнутрыпрадметных сувязей, якая заключаецца ў планамерным паўтарэнні наяўных ведаў у выніку набыцця новых. Што паўтараць, зале­жыць ад сітуацыі. Так, пры паўтарэнні сістэматычных груп раслін і жывёл важна паўтарыць асаблівасці будовы і жыццядзейнасці арганізмаў папярэдняга таксона. Гэтае паўтарэнне дапамагае разві­ваць паняцце пра эвалюцыйнае ўсклад­ненне жывёл. Курс анатоміі не прадугледжвае ведання эвалюцыйных паняццяў, але пры вывучэнні сістэм органаў чалавека мэтазгодна паўтарыць эвалюцыю сістэм органаў хордавых жывёл.

Фарміраванне і развіццё паняццяў залежыць ад правільных і даступных для разумення азначэнняў, якія вылучаюць галоўнае ў змесце паняцця, а значыць, робяць яго ўспрыманне дакладным і ясным. У біялогіі любое паняцце зводзіцца да называння роду аб’екта і пералічэння прымет, па якіх ён адрозніваецца ад іншых аб’ектаў гэтай жа катэгорыі. Засцерагаю вучняў ад механічнага завучвання азначэнняў, вучу дзяцей даваць азначэнні, карыстаючыся лагічнай схемай. Напрыклад: “Вызначэнне паняцця “біялагічная эвалюцыя” адносіцца да катэгорыі працэсу. Які ён — паступальны, накіраваны, гістарычны? Што адбываецца ў выніку працэсу? Змены жывых арганізмаў. Вынік? Больш высокая ступень развіцця арганізмаў”.

Даволі эфектыўны прыём канструктара. Прапаноўваю вучням агучыць асацыяцыі, звязаныя з тэрмінам “эвалюцыя”. Запісваю гэтае слова на дошцы. Разам з вучнямі выбіраем тэзісы і канструюем азначэнне. Самастойнае вызначэнне паняцця лепш запамінаецца.

Вучнёўскія веды не бу­дуць трывалымі, калі не прадугле­дзець сістэму заданняў, якія патрабуюць прымянення гэтых ведаў, напрыклад, у побыце, падчас працяглых і кароткачасовых назіранняў, праверкі ведаў, уменняў і навыкаў. У выніку атрыманыя веды лепш замацоўваюцца.

Валянціна ЛЯЛЮК,
настаўніца біялогіі гімназіі Іванава.