×

Фарміруем інклюзіўную культуру грамадства

10.03.2020 12:04,

Зразумець і прыняць дзіця такім, якое яно ёсць, бачыць у ім носьбіта іншых каштоўнасцей і форм паводзін, выхаваць у равеснікаў паважлівыя адносіны да асоб з АПФР — вельмі цяжкая і карпатлівая работа. Асаблівыя дзеці павінны паспяхова інтэгравацца ў грамадства і мець роўныя магчымасці для атрымання адукацыі. Для гэтага ствараецца безбар’ернае асяроддзе. Але самае галоўнае — змяніць псіхалогію здаровых людзей, сфарміраваць талерантныя адносіны да асоб з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Cёння ў сістэме спецыяльнай адукацыі вядзецца вялікая работа па стварэнні ўмоў для інклюзіўнага навучання ў інтарэсах дзяцей з АПФР. З мэтай фарміравання талерантных адносін да іх і псіхалагічнай гатоўнасці да інклюзіі на Піншчыне штогод право­дзяцца розныя мерапрыемствы. Так, для паспяховай сацыялізацыі асаблівых дзяцей, развіцця іх творчага патэнцыялу, задавальнення па­трэб у зносінах і сумеснай дзейнасці праходзіць інклюзіўны фестываль дзіцячай творчасці “Крок насустрач”, конкурсная праграма якога складаецца з выставы творчых работ і святочнага канцэрта. Школьнікі рыхтуюць творчыя работы на тэмы “Казачная краіна”, “Зімовыя забавы”, “Што нам сніцца”, “Сябруюць дзеці на планеце”, “Падарожнічаем па краінах і кантынентах” і інш. У канцэртных нумарах разам з асаблівымі дзецьмі ўдзель­нічаюць іх здаровыя равеснікі, аднакласнікі, валанцёры грамад­скіх арганізацый. Фестываль — выдатная магчымасць для самарэалізацыі вучняў з АПФР, бо стварае роўныя ўмовы для іх сацыялізацыі і паўнацэннай інтэграцыі ў грамадства.

Сумесныя творчыя выставы, арганізаваныя для выхаванцаў спецыяльных груп і груп інтэграванага навучання і выхавання дашкольных устаноў, аб’ядноўваюць усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў сумеснай дзейнасці. Так, арганізоўваецца выстава-конкурс “У свеце дзяцінства” на тэмы “Кніжка-малышка”, “У свеце казак”, “Светлы Вялікдзень”, “Мая маленькая радзіма”, “Асеннія прыгоды” і інш.

У рамках Сусветнага дня распаўсюджвання інфармацыі пра аўтызм на Піншчыне ладзіцца ты­дзень талерантнасці. Падчас яго ва ўстановах адукацыі прахо­дзяць мерапрыемствы, накіраваныя на навучанне дзяцей навыкам талерантных зносін і роўных адносін да людзей з парушэннямі ў развіцці, выхаванне цярпімых адносін адно да аднаго: класныя гадзіны, гутаркі, акцыі, флэш-мобы, рухавыя перапынкі, конкурсы малюнкаў і калажаў, сацыяльна-экалагічныя праекты, прагляд сацыяльных ролікаў і відэафільмаў пра дасягненні людзей з інваліднасцю, выстава насценгазет “Талерантнасць — гэта…”.

З мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да праблем дзяцей з АПФР і дзяцей з інваліднасцю праводзіцца конкурс сацыяльнай рэкламы “Свет адзін для ўсіх!”. Яго ўдзельнікі рыхтуюць плакаты, інфармацыйныя буклеты, календары і відэаролікі, якія паказваюць зносіны і сяброўства здаровых і асаблівых дзяцей. Гэтыя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў далейшым ва ўстановах адукацыі на мерапрыемствах, накіраваных на развіццё інклюзіі, павышэнне талерантнасці да ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Не застаюцца без увагі і дзеці на дамашнім навучанні. Так, да Дня інваліда ладзіцца рэйд “Аднакласнік” з удзелам валанцёраў, якія рыхтуюць цікавыя забавы, сюр­прызы і падарункі.

Шматлікія акцыі праходзяць у рамках Міжнароднага дня людзей з сіндромам Даўна і Сусветнага дня інфармаванасці пра ранні дзіцячы аўтызм. Так, у ЦКРНіР арганізоўваюцца персанальныя выставы творчых работ дзяцей з аўтызмам і сіндромам Даўна. Іх бацькі дзеляцца вопытам выхавання.

Радуе, што многія жанчыны, сутыкнуўшыся з праблемамі ў выхаванні асаблівых дзяцей, не забываюць пра сябе, развіваюць свае здольнасці і таленты. Так, напярэдадні 8 Сакавіка ладзіцца выстава напоўненых радасцю, цеплынёй і любоўю творчых работ “Што ўмеюць нашы мамы”. Кожная работа, выкананая ў пэўнай тэхніцы, выклікае шчырае захапленне.

Дзень маці — адно з самых кранальных свят. У гэты дзень право­дзяцца конкурсы сямейных малюнкаў “Мая сям’я — маё шчасце”, “У коле сям’і нараджаецца душа” і “Сямейны фотакалаж”, якія расказваюць пра сямейныя традыцыі і каштоўнасці.

Выхаванне дзяцей з АПФР выклікае шмат пытанняў і перажыванняў у бацькоў. Мамы і таты павышаюць псіхолага-педагагічную культуру на занятках бацькоўскага клуба “Планета Сям’я”, дзе атрымліваюць кансультацыі спецыялістаў, вучацца пераадольваць псіхалагічныя цяжкасці, выра­шаць выхаваўчыя праблемы. Заняткі праходзяць у форме круглага стала, семінара-практыкуму, дзелавой гульні, сацыяльна-псіхалагічнага трэнінгу, майстар-класа, сямейнай гасцёўні і інш. Інтэрактыўныя метады работы аб’ядноўваюць бацькоў, дазваляюць ім свабодна абменьвацца меркаваннямі, дзяліцца вопытам сямейнага выхавання. Важна, што на занятках мамы і таты з’яўляюцца не пасіўнымі гледачамі і слухачамі, а раўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Сумеснае абмеркаванне выхаваўчых праблем дазваляе хутка знай­сці выйсце са складаных сітуацый. Паколькі дзейнасць клуба плануецца на аснове бацькоўскіх запытаў, педагогі падбіраюць найбольш прымальныя метады работы і актуальныя матэрыялы. У залежнасці ад тэмы заняткаў запрашаюць педагога-псіхолага, настаўніка-дэфектолага, сацыяльнага педагога, урача, юрыста, святара. Бацькі высока цэняць магчымасць атрымаць кваліфікаваную кансультацыю па хвалюючых праблемах.

Асветніцкая работа з мамамі і татамі не абмяжоўваецца толькі бацькоўскімі сходамі. У рамках Рэспубліканскага тыдня да­ступнасці праходзяць круглыя сталы “Доступ да правасуддзя”, “Ад даступнасці да роўнасці”, “Сям’я дзіцяці з інваліднасцю: правы, гарантыі і льготы”, канферэнцыі для бацькоў дзяцей з АПФР і інваліднасцю, мнагадзетных сем’яў, кансультацыі спецыялістаў ЦКРНіР і райвыканкама, дабрачынных арганізацый, медыцынскіх арганізацый і сацыяльных службаў.

Каб дзеці з цяжкімі і (ці) множнымі фізічнымі і (ці) псіхічнымі парушэннямі паспяхова сацыялізаваліся і знайшлі сябе ў жыцці, да іх варта адносіцца, як да здаровых. А некаторае адставанне будзе кампенсавацца клопатам дарослых, прычым ён павінен заключацца не ў патуранні ўсім жаданням, а ў тым, каб дзеці адчувалі сябе цалкам нармальнымі і жыццяздольнымі. На гэта накіраваны розныя конкурсы, у тым ліку міжнародныя, на якіх асаблівыя хлопчыкі і дзяўчынкі паказваюць свае здольнасці.

Інеса АМЯЛЯШЧЫК,
дырэктар Пінскага раённага ЦКРНіР.