×

Фарміруем камунікатыўныя навыкі ў слабачуючых дзяцей 

31.10.2019 12:04,

Фарміраванне і развіццё камунікатыўных навыкаў — асноўная задача навучання дзяцей з парушэннем слыху, без вырашэння якой немагчымы іх паспяховая сацыялізацыя і інтэграцыя ў свет здаровых людзей. Паколькі дзеці з парушэннем слыху пазбаўлены натуральнага маўленчага асяроддзя, уласцівага равеснікам, педагогі павінны ствараць яго з дапамогай розных метадычных прыёмаў.

— Камунікатыўная кампетэнцыя прадугледжвае ўменне карыстацца ўсімі відамі маўленчай дзейнасці: чытаннем, аўдзіраваннем, гаварэннем (маналог, дыялог), пісьмом, — расказвае настаўніца пачатковых класаў Л.С.Юрэня з сярэдняй школы № 15 Баранавіч. — Вусна-размоўнае маўленне з’яўляецца пераважна дыялагічнай формай зносін. Навучанне дыялогу дзяцей з парушэннем слыху — адна з галоўных задач развіцця маўлення. Дзеці павінны ўмець пачынаць, падтрымліваць і завяршаць зносіны, прыцягваць увагу суразмоўніка, выкарыстоўваць сродкі вербальных і невербальных зносін, карыстацца ветлівымі словамі і знакамі ветлівасці, заўважаць і адэкватна рэагаваць на эмацыянальны стан партнёра, дапамагаць яму і самому прымаць дапамогу.

Вопыт паказвае, што менавіта недасканаласць уменняў і навыкаў, звязаных з выкарыстаннем маўлення як сродку зносін, з’яўляецца характэрнай асаблівасцю вучняў з парушэннем слыху. Улічваючы гэта, педагогі пры арганізацыі адукацыйнага асяроддзя для фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі дзяцей павінны выбіраць мэтазгодныя формы, метады і сродкі навучання. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць фарміраванню здольнасці да вербальнай і невербальнай камунікацыі.

— Структура вербальнага спосабу зносін уключае адрасата, якому накіравана паведамленне, код (сродкі яго перадачы), канал сувязі і вынік, дасягнуты пры камунікацыі, — гаворыць Л.С.Юрэня. — Працуючы ў класе інтэграванага навучання, паказваю дзецям з парушэннем слыху розныя сродкі зносін людзей, не звязаныя з выкарыстаннем мовы, але якія прымяняюцца для абмену інфармацыяй паміж імі: жэсты, міміку, пантаміміку, паўзы, плач, смех, тэмп маўлення, танальнасць голасу, узаемаразмяшчэнне партнёраў. Дзеці павінны выкарыстоўваць невербальныя сродкі зносін адэкватна, у правільна падабраных сітуацыях.

Настаўніца фарміруе камунікатыўныя кампетэнцыі ў дзяцей з парушэннем слыху з першых дзён іх знаходжання ў школе. Пачатак навучання — адзін з найбольш складаных і адказных момантаў у жыцці дзяцей. Гэта новыя кантакты, зносіны, абавязкі. Школа патрабуе ад учарашніх дашкольнікаў максімальнай мабілізацыі інтэлектуальных і фізіялагічных магчымасцей. Так, падчас уводзін у школьнае жыццё дзеці адаптуюцца да новых умоў, развіваюць камунікатыўную гатоўнасць да зносін у новай сацыяльнай сітуацыі. З дапамогай вербальных і невербальных метадаў педагог знаёміць вучняў з правіламі паводзін у школе, адразу далучае дзяцей з парушэннем слыху да калектыўнай дзейнасці, вучыць навыкам вучэбнага супрацоўніцтва, паколькі гэта адна з галоўных умоў паспяховага фарміравання камунікатыўных уменняў у слабачуючых дзяцей. На дапамогу прыходзяць калектыўныя гульні, заняткі і практыкаванні. Акрамя таго, настаўніца актыўна звяртаецца да імітацыйнай дзейнасці, мадэлявання сітуацый.

— Слабачуючыя малодшыя школьнікі, абмежаваныя ў зносінах са светам людзей, якія чуюць, больш прывязаны адно да аднаго. Знаходжанне сярод такіх жа равеснікаў разнявольвае. І гэта трэба абавязкова ўлічваць у рабоце, — адзначае Л.С.Юрэня. — Важную ролю ў паспяховым фарміраванні камунікатыўных навыкаў у слабачуючых дзяцей адыгрывае псіхалагічны клімат у калектыве. Дзеці з парушэннем слыху і іх здаровыя равеснікі павінны вучыцца ў роўных умовах. Наколькі гэта магчыма, залежыць ад прафесіяналізму педагога. Працуючы ў інтэграваным класе, арганізоўваю калектыўныя формы вучэбнай, гульнявой і практычнай дзейнасці, якія дазваляюць дзецям з парушэннем слыху адчуваць сябе паспяховымі, пераадольваць камунікатыўныя цяжкасці, максімальна раскрываць патэнцыяльныя магчымасці. Адна з асноўных мэт навучання такіх дзяцей у пачатковай школе — сфарміраваць уменні самастойнай працы і самастойнага вырашэння розных праблем.

У навучанні малодшых школьнікаў з парушэннем слыху настаўніца лічыць прыярытэтнымі наглядныя метады, якія спалучае са слоўнымі і прадметна-дзейнаснымі. Асаблівую ролю адводзіць рабоце па фарміраванні ў дзяцей спецыяльных уменняў кампенсаторнага характару, стварае ўмовы для аблягчэння ўспрымання навакольных аб’ектаў і прадукцыйнага ўзаемадзеяння з імі. Пры выкарыстанні агульнадыдактычных метадаў (тлумачэнне, гутарка, назіранне, работа з кнігай) актыўна звяртаецца да наглядных дапаможнікаў і даступнага маўленчага матэрыялу. Методыка навучання вар’іруецца ў залежнасці ад таго, у якім узросце дзіця страціла слых, і адпавядае ўзроўню яго разумовага і псіхічнага развіцця.

— Вялікую ўвагу ўдзяляю арганізацыі рабочай прасторы дзяцей з парушэннем слыху, якіх размяшчаю на першай парце каля акна ці свайго стала, каб вучні маглі паварочвацца і зрокава ўспрымаць маўленне аднакласнікаў. Лепш за ўсё садзіць слабачуючага вучня справа ад здаровага, каб ён бачыў яго сшытак на арганізацыйных момантах урока, — расказвае Л.С.Юрэня. — Працую над абагачэннем сенсорнага вопыту дзяцей з парушэннем слыху ў пазнанні навакольнага свету. З дапамогай наглядных сродкаў не проста ілюструю вучэбны матэрыял, а наглядна раскрываю яго змест. Пераходжу ад вучэбнай дзейнасці па апорах да асваення матэрыялу на кантэкстнай аснове і фарміравання навыкаў самастойнага выканання вучэбных аперацый і дзеянняў.

На ўроках рускай мовы педагог стварае ўмовы для работы над граматычнай правільнасцю маўлення вучняў, для чаго адаптуе змест практыкаванняў у падручніку. Напрыклад, мяняе фармулёўкі заданняў і пытанняў такім чынам, каб у дзяцей склаліся трывалыя маўленчыя стэрэатыпы.

— Поспех вучняў на ўроках літаратуры залежыць ад маёй работы па стварэнні ўмоў для разумення прачытанага, — заўважае Л.С.Юрэня. — Так, складаю кароткі змест матэрыялу са спрашчэннем маўленчых канструкцый, заменай складаных для разумення слоў і фраз, падбіраю дакладныя пытанні да прачытанага, узмацняю зрокавую апору ва ўспрыманні тэксту. Пры магчымасці выкарыстоўваю чытанне па ролях, пераказ у асобах з дапамогай у размеркаванні роляў. Фармірую тэхніку чытання рознымі спосабамі, уменне чытаць плаўна, з расстаноўкай паўз і лагічных націскаў, эмацыянальную падачу тэксту па праслуханым узоры.

Падчас работы па развіцці зносін і камунікатыўнай кампетэнтнасці на пазакласных занятках настаўніца праводзіць сувязь з ведамі, атрыманымі слабачуючымі вучнямі на ўроках, паколькі ім неабходны шматразовае паўтарэнне і замацаванне матэрыялу.
Па словах педагога, важную ролю ў фарміраванні ўменняў і навыкаў маўленчых зносін, развіцці псіхічных працэсаў адыгрывае гульнявая дзейнасць. Дзеці павінны ў зносінах усведамляць асаблівасці свайго маўлення, маўленчыя цяжкасці і памылкі і, самае галоўнае, імкнуцца гаварыць больш дакладна.

— Вялікую ўвагу ўдзяляю развіццю ў вучняў уменняў пачынаць размову і ўдзельнічаць у зносінах з некалькімі суразмоўнікамі ў сумеснай дзейнасці ці ў розных жыццёвых сітуацыях, веданню правіл маўленчых паводзін, — гаворыць Л.С.Юрэня. — Пашыраю слоўнікавы запас дзяцей, знаёмлю іх з найбольш ужывальнымі фразамі, неабходнымі ў зносінах у розных відах гульнявой, грамадскай і прадметна-практычнай дзейнасці, камунікатыўнай культурай і сацыяльнымі паводзінамі.

У рабоце з вучнямі з парушэннем слыху настаўніца лічыць мэтазгодным разнастайваць метады: мадэляванне і абыгрыванне рэальных сітуацый зносін, элементы псіхалагічнага трэнінгу, сюжэтна-ролевыя гульні, гутаркі, чытанне апавяданняў і казак з выкарыстаннем яркіх ілюстрацый, прагляд і абмеркаванне відэафільмаў, спаборніцкія моманты, розныя заахвочванні, фарміраванне ацэначнага слоўніка. Уключае ў карэкцыйныя заняткі практыкаванні па развіцці мімікі і пантамімікі, абмяркоўвае з дзецьмі асаблівасці іх ужывання.

— З мэтай засваення сэнсу сказанага кантралюю ўзровень разумення матэрыялу з дапамогай удакладняльных пытанняў ці іншай фармулёўкі задання, — адзначае Л.С.Юрэня. — На ўроках працоўнага навучання, выяўленчага мастацтва і асноў бяспекі жыццядзейнасці, на класных гадзінах і інфармацыйных хвілінках дзеці з парушэннем слыху актыўна ўзаемадзейнічаюць з класам у групавых і парных формах работы. Гэта дазваляе вучням чуць маўленне і карыстацца ім. Слыхавы метад дапамагае спантаннаму авалоданню маўленнем, развівае слыхавую ўвагу да тых, хто гаворыць, фарміруе жаданне мець зносіны праз маўленне і ўменне прасіць дапамогу аднакласнікаў пры зносінах. Спантаннае авалоданне камунікатыўнымі кампетэнцыямі праходзіць пры выкананні штодзённых спраў (падчас рэжымных момантаў, на рухавых перапынках, у групе прадоўжанага дня) шляхам назірання, імітавання, сацыяльнага ўзаемадзеяння, вырашэння праблем, прыстасавання да пэўных сітуацый. І гэта куды важнейшае за іншыя ўменні і веды, якімі чалавек авалодвае на працягу жыцця.

Па словах педагога, для паспяховага фарміравання камунікатыўных навыкаў у слабачуючых малодшых школьнікаў неабходна забяспечыць максімальную маўленчую і пазнавальную актыўнасць дзяцей, пабуджаць іх да самастойных выказванняў, устанаўліваць сувязі паміж засвоеным моўным матэрыялам і рознымі відамі дзейнасці, уражаннямі ад навакольнага свету, адбіраць актуальны, цікавы і даступны матэрыял, выкарыстоўваць разнастайныя формы заняткаў і віды практыкаванняў.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.